Ці застанецца спецдакладчык па Беларусі ў Мінску на Дзень Волі?

23.03.2017
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Спецыяльны дакладчык па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні 23 сакавіка пачаў свой візіт у Беларусь.

Як стала вядома «Свабодзе», літаральна за пару дзён да свайго прыезду ён выказаў жаданне пакінуць Мінск не 24, як першапачаткова планавалася, а 25 сакавіка. Некаторыя палітолагі звязваюць гэтае рашэнне з магчымым намерам спецдакладчыка на ўласныя вочы пабачыць акцыю, якая прысвечаная Дню Волі.

Так, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у размове са «Свабодай» адзначыў:

«У гэтым кантэксце візіт спадара Рыгоні набывае дадатковае значэнне. Мы бачым, што некалькі чалавек у Беларусі арыштаваныя, і яны абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы нейкіх збройных дзеянняў.

Гэтая сітуацыя вельмі небяспечная тым, што ў Беларусі могуць з’явіцца новыя палітычныя вязні, чаго вельмі не хацелася б на тле папярэдняга, так ужо можна казаць, паляпшэння дачыненняў з Еўрапейскім Саюзам. І я думаю, што Рыгоні паспрабуе ўсё гэта высветліць.

Канечне, было б вельмі добра, калі б ён затрымаўся ў Мінску і на 25 сакавіка. Гэта, зразумела, не дае гарантый, што падчас акцыі не адбудзецца нейкіх правакацый і жорсткіх рэпрэсій з боку ўладаў. Тым не менш, прысутнасць спецдакладчыка можа ў нейкай ступені стрымаць такія дзеянні».

У папярэдняй праграме знаходжання ў Беларусі ў Андрэа Рыгоні запланаваныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, старшынямі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрамі замежных спраў і юстыцыі, старшынямі Канстытуцыйнага суда і Цэнтравыбаркаму, прадстаўнікамі апазіцыі і праваабаронцамі.

На афіцыйным сайце Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы адзначаецца, што Андрэа Рыгоні здзейсніць візіт у Мінск у рамках падрыхтоўкі свайго даклада пра сітуацыю ў Беларусі. Там жа напісана, што даклад спадар Рыгоні мае перадаць у Камітэт па палітычных справах і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі ў красавіку.

Андрэа Рыгоні неаднойчы наведваў Беларусь. Яго двойчы абіралі спецдакладчыкам па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Першая ягоная кадэнцыя ахоплівала 2007-2009 гады. У 2014 годзе ён другі раз стаў спецдакладчыкам.

Парламент Беларусі атрымаў статус спецыяльна запрошанага пры ПАСЕ ў 1992 годзе. У студзені 1997 года Парламенцкая асамблея прыпыніла гэты статус, спаслаўшыся на мноства парушэнняў пры правядзенні т.зв. рэферэндума ў лістападзе 1996 года.

У 1998 годзе была замарожаная заяўка Беларусі на сяброўства ў Савеце Еўропы. Прычынамі гэтага сталі адсутнасць прагрэсу ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права. Акрамя таго, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. Яго наяўнасць цяпер называецца асноўнай перашкодай, якая не дае аднавіць для Беларусі статус спецыяльна запрошанай у Парламенцкую асамблею Савета Еўропы. Раней Еўрасаюз не раз заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго адмены.

Невыпадкова ў Андрэа Рыгоні, акрамя сустрэч у Мінску, якія мы ўжо назвалі, плануецца і ўдзел у пасяджэнні парламенцкай групы ў пытаннях смяротнага пакарання. Яе ачольвае старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч.


Другие публикации