Загвоздка для Польшчы: ці працягваць гульню з Лукашэнкам? (Аўдыё)

31.03.2017
«Польскае радыё для замежжа»

У чарговы раз паразай закончылася спроба актывізаваць польска-беларускія адносіны на афіцыйным узроўні.

У Беларусь пачалі ездзіць урадавыя дэлегацыі з Польшчы, былі візіты ў адказ, была нават ідэя запрасіць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на міжпарламенцкую асамблею. Аднак пасля жорсткага разгону пратэстаў у Беларусі польскія кіруючыя колы стаяць перад дылемай: зусім парваць адносіны з усходнім суседам ці ўсё ж такі цынічна працягваць гульню з Лукашэнкам, зрабіць стаўку на realpolitik.

На думу спікера польскага Сената Станіслава Карчэўскага, адліга з Беларуссю была патрэбнай, паколькі немагчыма зусім замарозіць адносіны з блізкім суседам, з якім на працягу гісторыі Польшчу больш яднала, чым дзяліла. Аднак цяпер польскія ўлады, здаецца, пакрыўджаныя тым, што Беларусь так хутка адвярнулася да іх спіной, Лукашэнка нешта па сваёй звычцы згадаў пра Польшчу, што яна, маўляў, фінансавала арганізацыі, якія намерваліся правесці пераварот у краіне, палякі, у сваю чаргу, згадалі пра правы чалавека і санкцыі.

У Мінску ды іншых гарадах затрымалі сотні ўдзельнікаў пратэстаў, адбываюцца судовыя працэсы. Улады Польшчы выдалі заяву з асуджэннем дзейнасці афіцыйнага Мінска. Тым не менш, на думку многіх польскіх аналітыкаў, няма альтэрнатывы, і неабходна працягваць ладзіць адносіны з Лукашэнкам, добра разумеючы пры гэтым, што ён не намераны дэмакратызаваць сваю краіну. Так мяркуе, напрыклад, былы намеснік галоўнага рэдактара выдання «Rzeczpospolita» Анджэй Таляга, які надрукаваў надоечы артыкул у дадзенай газеце. На ягоную думку, Польшча павінна змяніць сваю палітыку да Беларусі — перастаць казаць пра правы чалавека і пачаць падтрымліваць Лукашэнку, які з’яўляецца гарантам таго, што ў Беларусі не настане «рускі мір». Ці сапраўды Польшча павінна цынічна ісці на кантакты з беларускімі ўладамі? На думку палітолага, эксперта па міжнародных пытаннях Пшэмыслава Жураўскага вэль Граеўскага, нельга зусім не звяртаць увагі на рэпрэсіі ў Беларусі.

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: «З польскага пункту гледжання, самае важнае — вайсковая бяспека. Калі Лукашэнка зможа стрымаць размяшчэнне ў Беларусі расійскіх вайсковых структур, ваеннай базы, актыўнай дзейнасці расійскай арміі, то неабходна падумаць, ці не варта з ім супрацоўнічаць, нават нягледзячы на рэпрэсіі супраць апазіцыі. Але нельга зусім заплюшчыць вочы на жорсткасць уладаў. Важнае тое, як далей сябе будуць паводзіць беларускія ўлады — ці ўсё закончыцца кароткімі арыштамі і штрафамі, ці паявяцца новыя палітычныя вязні, якіх пасадзяць на доўгія гады. Калі рэпрэсіі не будуць вельмі жорсткія, то далей трэба весці гульню».

Беларусы разумеюць, наколькі Польшча баіцца Расіі, гэта звязана з гістарычным кантэкстам, — гаворыць кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій Уладзімір Мацкевіч. Але палякам пара адмовіцца ад пратэкцыянізму адносна беларусаў і ад падтрымкі неадпаведных апазіцыйных колаў, — дадае філосаф і метадолаг.

Уладзімір Мацкевіч: «У Польшчы заўсёды спрацоўвае геапалітычны фактар. Яны вельмі ўважліва сочаць за тым, што робіць і можа рабіць Расія ва Украіне і Беларусі. Канешне, можна зразумець тых палітыкаў, якія кажуць: «Давайце падтрымліваць Лукашэнку, калі ў нас няма іншых гарантый, што да нашай мяжы не прыйдуць расійскія танкі». Але з Беларусі позірк крыху іншы. Як толькі афіцыйныя польскія ўлады пачынаюць сябраваць з Лукашэнкам, памяншаюцца кантакты і падтрымка грамадзянскай супольнасці. Гэтага не варта рабіць».

У некаторых польскіх колах дамінуе погляд, што беларуская апазіцыя слабая і неэфектыўная, яна не ў стане давесці да дэмакратызацыі краіны. І таму трэба зрабіць стаўку на супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Меркаваннем Уладзіміра Мацкевіча, палякам не хочацца разабрацца, дзе знаходзіцца крыніца сапраўднага супраціву ў Беларусі.

Уладзімір Мацкевіч: «А вы спрабавалі разабрацца, што такое беларуская грамадзянская супольнасць і апазіцыя? Чаму палякі падтрымліваюць толькі лузераў беларускай апазіцыі? Не звяртаюць увагі на сапраўды здаровыя колы, рэальны супраціў. Самае брыдкае, калі палякі пачынаюць нас вучыць: мы калісьці звалілі рэжым Ярузельскага, зрабілі «Салідарнасць», то мы ўсё ведаем, а вы не ведаеце. Да таго часу, пакуль палякі не зменяць гэтага погляду, яны не ўбачаць сапраўднага супраціву тут».

Лукашэнкаўскі ўрад не здольны да эвалюцыі, няздольны да трывалых змен. Таму сапраўдная, доўгатэрміновая бяспека для палякаў — гэта толькі дэмакратычная Беларусь, — дадае Уладзімір Мацкевіч.

«Польскае радыё для замежжа»


Другие публикации