Слова як зброя: літаратары, філосафы і музыкі падтрымалі зняволеных патрыётаў (Фота і відэа)

19.04.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусьі», фота — аўтара, відэа — Радыё «Свабода»

У кнігарні «ЛогвінаЎ» адбыўся інтэлектуальны марафон салідарнасці «РАЗАМ» з беларусамі, затрыманымі па т.зв. «справе патрыётаў».

Салідарнасць з затрыманымі здолела аб’яднаць у адной прасторы, здавалася б, зусім далёкіх адно ад аднаго людзей, многія з якіх падчас марафона выступілі ў нязвыклых для сябе ролях. Дзясяткі беларускіх інтэлектуалаў і творцаў амаль пяць гадзін нон-стоп праводзілі адкрытыя чытанні і спевы, заяўляючы тым самым, што яны супраць таго, каб наша краіна захлыналася ў патоках хлусні, супраць пастаяннага нагнятання страху, што пазбаўляе нас магчымасці давяраць адно аднаму. Яны выступілі ў абарону прынцыпаў справядлівасці і правоў чалавека, супраць бюракратычнага абсурду і дзяржаўнага цынізму, якія пазбаўляюць грамадзян нашай краіны усялякай надзеі на будучыню.

Андрэй Хадановіч

«Цяперашняя сітуацыя апісаная Вацлавам Гавэлам: з аднаго боку, нейкая бяссільная ярасць, калі ты разумееш, што адбываюцца рэчы, якія ты не можаш прыняць, спачуваеш, адчуваеш гнеў, але не можаш паўплываць на сітуацыю. Разам з тым, нават тыя, хто ў Беларусі ўяўляюць сябе ўсемагутнымі, павінны адчуваць, што ёсць людзі, якія з імі не згодныя, іх шмат і з кожным днём становіцца ўсё больш, і што гэтыя людзі бываюць разам», — сказаў Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» адзін з вядоўцаў і ўдзельнікаў марафона паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Яшчэ адна з арганізатараў чытанняў сацыёлаг, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская перакананая, што нам варта праяўляць салідарнасць не толькі тады, калі нешта здарылася, але трэба заўсёды выстаўляць супраціў. Напачатку імпрэзы яна нагадала пра ініцыятыву збору сродкаў для зняволеных у сакавіку-красавіку #BY_help.

Таццяна Вадалажская

«Паўдзельнічаць у нашай імпрэзе было шмат ахвтоных, мы нават не змаглі змясціць усіх жадаючых у адведзены час. Ёсць пэўная праца — са словам, якую робяць літаратары, з сэнсамі і думкамі, якую здзяйсняюць інтэлектуалы, культурныя дзеячы, і яна ёсць адным з галоўных аспектаў супраціву. Важна тое, што адбываецца на плошчах, але важна і тое, што адбываецца ў сферы нашай свядомасці, культуры. І калі яна забітая няпэўнымі словамі, змарнаванымі думкамі, то мы проста не можам аднаўляць сваю чалавечнасць, а гэта тое, чаго нам цяпер бракуе», — сказала Таццяна Вадалажская Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Філосаф Таццяна Шчытцова, якая таксама выступіла сярод ініцыятараў марафона, мяркуе, што ў нашай краіне «недастаткова людзей, здольных вырабляць сэнс, а не абсурд», а таксама словаў, якія б дапамагалі паважаць чалавечую годнасць.

Таццяна Шчытцова

«Сённяшняя акцыя — магчымасць выказаць салідарнасць з людзьмі, якія праявілі грамадзянскую актыўнасць і заявілі аб тым, што з грамадзянамі, што жывуць у гэтай краіне, трэба лічыцца. Гэтая акцыя адначасова і магчымасць нагадаць аб тым, у якім стане ў нас знаходзіцца літаратурна-гуманітарная сфера. Зусім не выпадкова, што становішча гуманітарных навук у нашай краіне абсалютна крытычнае. Тое, што сёння гучыць — гэта не проста словы. Мы знаходзімся ў сітуацыі татальнага нарастання абсурда ва ўсіх сферах, і ў гэтай сітуацыі слова, якое прыносіць моцную канструктыўную эмоцыю, абсалютна неабходна», — зазначыла Таццяна Шчытцова.

Падчас марафона з вуснаў Таццяны Шчытцовай прагучалі ўрывак твора Томаса Гобса «Левіяфан», які беларускі кантэкст дазваляе пераасэнсаваць наноў, урывак з уласнага артыкула пра падзеі снежня 2010 года, а таксама верш Анатоля Сыса «Пошаснае».

Распачаў жа чытанні Андрэй Хадановіч, які выступіў з перакладам верша Чэслава Мілаша, а таксама праспяваў песню «Муры», што стала сімвалам салідарнасці апошніх месяцаў. Пазней Андрэй Хадановіч прачытаў пераклад верша Сяргея Жадана.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч прачытаў два тэксты, напісаныя яшчэ ў 1990-х, але зазначыў, што з тых часоў нічога не змянілася.

Барыс Пятровіч

«Могіх затрыманых па «справе патрыётаў» я ведаю асабіста, менавіта на такіх людзях трымаецца наша краіна. Патрыятызм — гэта не нацызм, а любоў да роднай краіны, і трэба падтрымліваць такіх людзей», — сказаў ён.

Вершы і прозу чыталі выдавец Аляксей Андрэеў, паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева, філосаф Павел Баркоўскі, паэтка Сабіна Брыло.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч распавёў, што цяпер за кратамі знаходзяцца некалькі яго знаёмых, у тым ліку і яго сябра Міраслаў Лазоўскі, якога ён ведае каля 20 гадоў. Уладзімір Мацкевіч прачытаў адзін са сваіх тэкстаў, напісаных напачатку 2000-х, а таксама прынёс раздрукоўкі са словамі гімна «Белага легіёна», які выканаў разам з каардынатаркай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Нінай Шыдлоўскай і дударом Алесем Мікусам.

Уладзімір Мацкевіч

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прачытаў свой верш пра вуліцу Таёжную ў Мінску, на якой ён нарадзіўся — «верш пра свабодных людзей у несвабоднай краіне». Таццяна Вадалажская прачытала тэкст Германа Гесэ, «які паказвае нас, як люстэрка».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, што выступіў на імпрэзе ў іпастасі паэта, прачытаў свой верш, прысвечаны вязням турмы «амерыканкі» 2010 года. Ён адзначыў, што па міжнародных стандартах тое, што адбываецца ў нашых турмах, — катаванні.

Аксана Шэлест

Наступнай выступіла сацыёлаг Аксана Шэлест. «Я не ведаю, каму сёння больш патрэбны акцыі салідарнасці: людзям, якія за кратамі, ці нам усім — умоўна свабодным», — зазначыла яна. Аксана Шэлест прачытала тэкст Вацлава Гавэла «Моц бяссілля».

Выступалі паэт і філолаг Віктар Жыбуль, паэтка, перакладчыца Вера Бурлак. На вечарыну салідарнасці завітаў найпапулярнейшы Лявон Вольскі і адыграў міні-канцэрт. Свае творы чытаў музыка і літаратар Уладзь Лянкевіч.

Лявон Вольскі

Генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка прачытаў верш Алеся Дудара «Пасеклі край наш папалам», у якім, на яго думку, вельмі яскрава паўстаюць паралелі з сучаснасцю.

Асабістымі перажываннямі падзялілася паэтка Валянціна Аксак, жонка пісьменніка Уладзіміра Арлова: «Лінія фронту вайны, якую ўлада вядзе супраць нашых грамадзян, прайшла праз нашу кватэру, бо менавіта ў ёй быў звязенены Зміцер Дашкевіч, а ў двары нашага дома з машыны быў звязенены Сяргей Пальчэўскі» Пад уражаннем ад гэтых падзей Валянціна Аксак зачытала ўласныя хронікі, якія вяла ад затрымання да вызвалення цесляроў.

Філосаф Міхаіл Баярын нагадаў, што патрыёты зняволены толькі за тое, што стваралі беларускую нацыю. Ён прачытаў пераклад з санскрыту, які заўсёды натхняе яго на барацьбу.

Міхаіл Баярын

Паэт Дзмітрый Строцаў заклікаў грамадства супрацьстаяць стварэнню «ахвярных груп», да якой адносяцца і сённяшнія вязні.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі прынёс сваю кніжку «Прамоўленае», якую за свой кошт выдалі яго сябры Алесь Юркойць і Алесь Яўдаха. Алесю Юркойцю два тыдні таму суд «за адсутнасцю доказаў» вырашыў працягнуць тэрмін пад вартай пры тым, што той знаходзіцца за кратамі без суда ўжо два гады: «Вырыванне з нармальнага жыцця такіх людзей — удар не толькі па іх сем’ях, але і па велізарнай супольнасці, якая чакала кніг, часопісаў, газет. Алесь Яўдаха — матор, які разганяў беларускую кроў па капілярах у самыя далёкія куткі нашай краіны».

Сяргей Харэўскі

Паэт Анатоль Івашчанка распавёў, што большасць «злачынцаў» — яго блізкія сябры, таму праблема, якая паўстала сёння — гэта наша вайна. Паэт зачытаў вершы, прысвечаныя патрыётам.

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў прачытаў чатыры вершы, прысвечаныя Сяржуку Стрыбульскаму, таксама зняволенаму па «справе патрыётаў».

Музыка і мастак, лідар гурта «Рэха» Андрусь Такінданг выказаў надзею, што святло пераможа і праспяваў некалькі сваіх яскравых песень.

Андрусь Такінданг

Марафон працягнулі паэт Антон Рудак, гаспадар пляцоўкі перакладчык Павел Касцюкевіч, а таксама філосаф і літаратар Валянцін Акудовіч, які зачытаў урыўкі са свайго эсэ «Свабода», дзе гаворыць: «Да сустрэчы са свабодай трэба быць падрыхтаваным. Свабода прыходзіць толькі туды, дзе яе чакаюць».

Відэазапіс імпрэзы:


Другие публикации