Ці стане Кітай для Мінска супрацьвагай Расіі? (Аўдыё)

17.05.2017
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Наколькі апраўданая стратэгічная стаўка кіраўніцтва Беларусі на Кітай? Ці ўсе беларуска-кітайскія праекты ўзаемавыгадныя? Чаму падае таваразварот паміж краінамі? Ці можа Кітай стаць для Беларусі геапалітычнай процівагай Расіі?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў перадачы «Экспертыза Свабоды» адказваюць палітолаг Андрэй Ягораў і міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў: Падчас сустрэчы з старшынёй Кітая Сі Цзіньпінам Аляксандр Лукашэнка рассыпаўся ў кампліментах кітайскаму кіраўніцтву. Нагадаю, гэтымі днямі ў Кітаі адбываўся вялікі міжнародны форум «Адзін пояс, адзін шлях», прысвечаны праекту пабудовы новага «шаўковага шляху» з Кітая ў краіны Еўропы. Наколькі апраўданая стаўка цяперашняга кіраўніцтва Беларусі на стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем? Чаго чакае Беларусь ад Кітая і што можа выйсці ў рэальнасці?

Андрэй Ягораў: Беларусь вельмі шмат чаго чакае ад супрацоўніцтва з Кітаем. Афіцыйны Мінск хоча падвысіць свой міжнародны аўтарытэт праз супрацоўніцтва з Кітаем, хоча стаць правадніком кітайскіх інтарэсаў у нашым рэгіёне, праз гэта набываць большую палітычную вагу. Таксама Мінск разлічвае атрымаць з Кітая інвестыцыі, павялічыць экспарт і аб’ём гандлю.

Гэта ўсё апісваецца ў вельмі пазітыўных фарбах, але фактычна з гэтага мала што атрымліваецца. Аб’ёмы гандлю з Кітаем — каля 5%, няма росту вагі Беларусі ў кітайскім гандлі. Інвестыцыі з Кітая — таксама вельмі малыя грошы, каля 1% ад усіх інвестыцый.

Віталь Цыганкоў: На сустрэчы з кіраўніком Кітая Лукашэнка нават казаў, што прамову Сі ў Беларусі будуць вывучаць. Чаму ён настолькі імкнецца спадабацца кітайскім кіраўнікам? Можа, нейкія аспекты беларуска-кітайскага супрацоўніцтва мы недастаткова заўважаем? Тое ж вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, тая ж рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланез»?

Андрэй Ягораў: Так, існуе даволі шмат вельмі важных кірункаў супрацы з Кітаем — беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, продаж беларускіх калійных угнаенняў, вайскова-стратэгічны кампанент (тыя ж «Паланезы»).

Я проста кажу, што ў рыторыцы гэта выглядае значна больш сур’ёзна, чым у рэальнасці. Бо аб’ёмы супрацы з Еўрасаюзам, які нібыта «кепскі» і нічога Беларусі не дае — у 10 разоў большыя, у параўнанні з Кітаем. Калі ж паглядзець павязанасць навуковай структуры Беларусі з Еўрасаюзам і ўключанасць беларускіх навукоўцаў у супрацу з еўрапейскімі інстытуцыямі, то яны будуць значна большыя, чым з Кітаем.

Віталь Цыганкоў: Лукашэнка ўжо дзясяты раз наведаў Кітай. Акрамя Расіі, ні ў якую іншую краіну ён не ездзіў часцей.

Андрэй Фёдараў: У палітычным сэнсе, у адносінах Мінска з Кітаем і Расіяй ёсць пэўныя падабенствы. І Масква, і Пекін не патрабуюць ніякіх рухаў да дэмакратыі і правоў чалавека. З гэтага пункту гледжання, беларускае кіраўніцтва мае карт-бланш. Што тычыцца эканомікі, дык тут існуюць значныя адрозненні. Расія нам у значнай ступені кампенсуе адмоўнае сальда ў гандлі тым, што танна прадае энерганосьбіты і адкрывае свой рынак для беларускіх тавараў.

Што тычыцца Кітая, то ёсць спадзяванні, што ён будзе і далей расці эканамічна, і гэты залаты дождж пральецца часткова і на Беларусь. Але пакуль — гандаль з Кітаем пакрысе расце, але расце і адмоўнае сальда. Мы прадаём у Кітай у асноўным калійныя ўгнаенні. Крэдыты нам даюць звязаныя — то бок грошы разам з кітайскімі тэхналогіямі, працоўнай сілай і абсталяваннем, якое не заўсёды бывае найвышэйшай якасці. То бок лічыць кітайскі напрамак панацэяй не выпадае.

Віталь Цыганкоў: Беларуская замежная палітыка пэўны час мела выключна эканамічную накіраванасць, галоўнай задачай для амбасадаў было нарошчваць экспарт беларускіх тавараў. А ў выпадку з Кітаем зусім іншая сітуацыя — палітычнае партнёрства расце, а гандлёвае сальда ідзе толькі ў мінус. Дык чаму Беларусь так імкнецца ў Кітай, на што спадзяванні?

Андрэй Ягораў: Шмат розных спадзеваў. Беларускія кампаніі, вытворцы малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў атрымалі магчымасць паставак на кітайскі рынак. Але пакуль гэта не прывяло да росту беларускага экспарту. Спадзеў ёсць таксама на тое, што гэты вялікі праект «шаўковы шлях» дасць магчымасць атрымаць новыя інвестыцыі ад Кітая. Нават, я думаю, ёсць спадзевы, што Кітай у выпадку чаго можа закінуць слова за Беларусь у канфлікце з Расіяй. Калі гэта будзе тычыцца стратэгічных інтарэсаў Кітая ў падтрымцы інфраструктуры «шаўковага шляху».

Віталь Цыганкоў: Няўжо ў Мінску спадзяюцца, што Кітай можа стаць геапалітычнай процівагай Расіі для Беларусі? Ці будзе Кітай у выпадку нейкага канфлікту стаяць на баку Беларусі, ці можна такое ўявіць хаця б тэарэтычна?

Андрэй Ягораў: Я думаю, такую сітуацыю можна тэарэтычна ўявіць — толькі ў тым выпадку, калі інфраструктура «шаўковага шляху» будзе адбудаваная. І тады канфлікты паміж краінамі, па тэрыторыі якіх праходзіць гэты шлях, будуць пагражаць стабільнасці нейкіх гандлёвых планаў Кітая. Тады ён будзе мець нейкі інтарэс на ўмяшанне. Але пакуль гэта вельмі далёкая і тэарэтычная перспектыва.

Андрэй Фёдараў: Я, шчыра кажучы, не бачу тут вялікіх перспектыў. не трэба забывацца аб простым геаграфічным чынніку. Кітай ад Беларусі надта далёка, каб сур’ёзна ўплываць на нашы адносіны з Расіяй.

«Шаўковы шлях» — тут шмат чаго пакуль не зразумела. Нават самі кітайцы пакуль называюць яго не праектам, а толькі «ініцыятывай». Асноўная мэта — паскорыць пастаўкі кітайскіх тавараў у Еўропу. Але дзеля гэтага распрацоўваецца некалькі (падкрэслю) маршрутаў, і адзін з іх могуць правесці праз Беларусь. Цяпер толькі 1,6% кітайскіх тавараў ідзе праз Расію, праз Беларусь яшчэ меней.

Будзе гэта вельмі няхутка, праект разлічаны на 30 гадоў, там шмат нявырашаных праблем, і невядома, што адбудзецца за гэты час, ці будуць настолькі патрэбныя кітайскія тавары Еўропе. А беларуская эканоміка ў глыбокім крызісе ўжо цяпер.


Другие публикации