Ці прымусіць Вільня Мінск адмовіцца ад пабудовы АЭС у Астраўцы? (Аўдыё)

20.06.2017
Юрый Дракахруст, Радыё «Свабода»

Ці адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі абвяшчэнне БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы? Ці можа Літва прадухіліць яе пабудову? Як рэагуюць на спрэчку беларускае грамадства і замежныя краіны?

Гэтыя тэмы ў «Экспертызе Свабоды» абмяркоўваюць філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч і палітычны аглядальнік партала TUT.BY Арцём Шрайбман. Вядзе перадачу Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст: 15 чэрвеня парламент Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю. Літва ставіць палітычную мэту спыніць будаўніцтва БелАЭС. На ваш погляд, наколькі гэта закон і такая мэта адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі?

Уладзімір Мацкевіч: Напэўна, я тут выкажуся не патрыятычна, але сёння кіраўніцтва Літвы, парламент Літвы змагаюцца за інтарэсы менавіта Беларусі. І свае таксама, але і Беларусі. Праўда, крыху са спазненнем. Калі беларускія «зялёныя», эколагі, патрабавалі пэўнай вызначанай пазіцыі ад літоўскага кіраўніцтва раней, то яго, на жаль, не было. Зараз Літва робіць розныя захады, адчуваючы небяспеку. Пытанне толькі ў тым, да якога рубяжа яна зможа дайсці ў гэтым.

Юрый Дракахруст: Арцём, а вы, відаць, патрыятычны пункт гледжання выкажаце?

Арцём Шрайбман: Ува Уладзіміра таксама патрыятычны пункт гледжання. Але мы, магчыма, адрозніваемся ў разуменні патрыятызму. Я мяркую, што нічога добрага Беларусі ад гэтых літоўскіх мер не будзе. Нават калі мы глядзім на гэта з пазіцыі праціўнікаў пабудовы АЭС, гэта не спыніць яе пабудову. Гэтая станцыя стала справай прынцыпу для Аляксандра Лукашэнкі. І падобныя крокі прымушаюць яго і іншых кіраўнікоў гэтага праекта менш задумвацца пра нейкія фінансавыя аспекты будоўлі, а больш — пра прынцып. Я не з’яўляюся праціўнікам атамнай энергетыкі наогул і не бачу нічога кепскага ў тым, каб у Беларусі была атамная станцыя, якая б давала электрычнасць, якую мы маглі б экспартаваць.

Таму калі Літва здолее заблакаваць экспартныя пастаўкі беларускай электрычнасці, то гэта не будзе дабром для нашай краіны, якой неабходна дыверсіфікаваць знешні гандаль, у тым ліку і энерганосьбітамі, ссоўваць баланс гандлю з усходу на захад. З гэтых пазіцый я не бачу нічога станоўчага ў гэтай палітыцы Літвы як для Беларусі афіцыйнай, гэтак і для Беларусі нашай з вамі.

Юрый Дракахруст: Арцём, вы сказалі — справа прынцыпу. Але здараецца, што людзі і адыходзяць ад сваіх прынцыпаў. Летась вось быў прынцып у Мінска — цана газу 73 долараў за тысячу кубаметраў. А потым мы ведаем, што здарылася з гэтым прынцыпам.

Арцём Шрайбман: Я б не параўноўваў вагу контрагентаў. Адна справа — заяўляць прынцыповую пазіцыю ў спрэчках з вялікай Расіяй, якая можа праціснуць сваю пазіцыю, проста пачакаўшы, пакуль у нас скончацца грошы ці пакуль не захочацца газу. І іншая справа — Літва, патрабаванні якой успрымаюцца ў Мінску ў адпаведнасці з прымаўкай пра караван, які ідзе.

У Літвы проста няма фізічнага рычагу, каб прыпыніць пабудову станцыі. Ужо на ўсіх узроўнях заяўляецца, што мы спажывем усю гэтую энергію на ўласным рынку. Не ведаю, ці так гэта, трэба пытацца адмыслоўцаў. Але нашы чыноўнікі не збіраюцца мяняць сваю пазіцыю.

Юрый Дракахруст: Рашэнне аб забароне імпарту энергіі з БелАЭС і яе транзіту праз Літву, прынятае раней — рашэнне істотнае, але яно не блакуе перспектыву пабудовы станцыі і яе далейшай эксплуатацыі. Ці мае Літва дыпламатычныя, палітычныя і эканамічныя інструменты, каб дасягнуць пастаўленай мэты?

Уладзімір Мацкевіч: Я падзяляю некаторыя аспекты таго, што сказаў Арцём — тое, што моц Расіі ў перамовах ці ціску на Беларусь непараўнальна большая, чым Літвы. Літва адна не справіцца з гэтым байкотам энергіі з гэтай станцыі. Я таксама не з’яўляюся такім ужо зацятым праціўнікам атамнай энергетыкі, але пытанне не ў гэтым, а ў адказнасці краіны.

Ія Малкіна, намеснік міністра аховы прыроды Беларусі, заявіла, што Беларусь — адказная дзяржава. Але мы ведаем, наколькі яна насамрэч безадказная дзяржава. І таму парушэнне цэлага шэрагу пагадненняў мела месца ва ўзгадненні з Літвой месца пабудовы АЭС. На жаль, рэакцыя Літвы была запозненая, і зараз, калі да гэтага не далучыцца Еўрасаюз, Польшча, то адна Літва не спыніць будаўніцтва АЭС. Я згодны з Арцёмам у тым, што Лукашэнка тут пайшоў на прынцып.

Байкот з боку Літвы транзіту энергіі не спыніць будаўніцтва станцыі. Але аргументацыя патрэбы ў АЭС палягала ў тым, што Беларусі самой не хапае энергіі і яна на 95% залежыць у гэтым пытанні ад расійскага газу. Першапачаткова ні пра які экспарт электраэнергіі размова не ішла. Я не адмысловец у энергетыцы, але я магу сыходзіць з міжнародных пагадненняў, з дэкларацыі Рыа-дэ-Жанейра 1992 года, з канвенцыі Эспа. І я бачу, наколькі безадказна, валюнтарысцкі паводзіла сябе беларуская дзяржава ў гэтым будаўніцтве. І тут калі нешта здарыцца, то да крымінальнай адказнасці будуць прыцягвацца ўсе, хто на той момант застанецца жывым.

Юрый Дракахруст: Уладзімір, вы ўжо прыгадалі канвенцыю Эспа, якая трактуе пытанні ўплыву АЭС на навакольнае асяроддзе. Апошняя нарада канвенцыі прайшла на мінулым тыдні ў Мінску. Аднак яе ўдзельнікі не прынялі ніякага выніковага дакумента па БелАЭС. А які ў цэлым міжнародны кантэкст гэтай спрэчкі паміж Вільняй і Мінскам? Ці не ператворыцца яна ў яшчэ адзін фронт канфлікта паміж Расіяй і абʼяднаным Захадам?

Арцём Шрайбман: Мне здаецца, што і суседзі Літвы, і тым больш ЕС імкнуцца не толькі сысці ад палітызацыі гэтай справы, яны яшчэ імкнуцца ўхіліцца ад гэтай спрэчкі. Нарада канвенцыі Эспа вельмі яскрава гэта прадэманстравала. Такія калегіяльныя органы, у якіх прадстаўлены дзясяткі краін, хутчэй схільныя адкласці прыняцце рэзалюцый, каб дамагацца мэтаў, падобных закрыццю АЭС.

Тым больш што ў сферы ядзернай энергетыкі амаль усе высновы міжнародных структур маюць рэкамендацыйны характар. Літва тут, хутчэй за ўсё, застанецца адна на сваім фронце. Іншыя краіны, у тым ліку і суседзі, усё часцей апелююць да высноў МАГАТЭ. Чыноўнікі ад МАГАТЭ, якія прыязджалі ў Беларусь, выказваліся ў вышэйшай ступені лаяльна адносна БелАЭС.

Ёсць сумневы ў абʼектыўнасці гэтых экспертаў, «зялёныя» кажуць, што МАГАТЭ — гэта арганізацыя, якая зацікаўлена ў новых атамных станцыях, таму яна лаяльная да тых, хто іх будуе. Тым не менш, я не бачу ні ў воднай іншай сталіцы жадання не толькі ўмешвацца ў канфлікт, але і наогул радыкалізаваць гэтую тэму. Усе, як і афіцыйны Мінск, хочуць гэтую тэму калі не спусціць на тармазах, то, як кажуць, пакінуць пад радарамі, каб яна не мела палітычнага розгаласу.

У гэтым часткова прычына такой надзвычайнай эмацыйнасці пазіцыі Літвы. не толькі ў тым справа, што станцыя будуецца пад Вільняй — у Літвы была свая АЭС пад Вільняй, і яна была не самая бяспечная, па ўсёй Еўропе стаяць станцыі каля сталіц, каля Люксембура, каля Бруселя. Гэта не нешта ўнікальнае. Прычына эмацыйнасці — тое, што Літва са сваёй пазіцыяй застаецца самотнай.

Уладзімір Мацкевіч: Літва ўжо не адна ў гэтым супрацьстаянні. Нарада канвенцыі Эспа падрыхтавала сваю рэзалюцыю па БелАЭС. Беларускі бок адмовіўся яе падтрымаць і падрыхтаваў сваю рэзалюцыю. Нарада беларускі праект не падтрымала. Так што размова ідзе пра супрацьстаянне паміж Беларуссю і дзяржавамі, якія падпісалі канвенцыю Эспа. Гэта не толькі ЕС, а больш шырокае кола краін, і Беларусь у тым ліку. Так што спіраль раскручваецца, хаця і павольна.

Абвастрэнне пазіцыі Літвы мы назіраем апошнія гады, хаця літоўскія эксперты наведвалі пляцоўку будоўлі станцыі яшчэ ў 2008 годзе. Пры будоўлі былі парушаны не толькі міжнародныя нормы, але і праектныя. Так што тут усё не так проста, як гэта падаюць беларускія ўлады, што, маўляў, калі ўжо пачалі будаваць, калі столькі грошай ужо ўбухалі, то гэта ўжо не спыніць. Я лічу, што гэта вельмі бязглуздая пазіцыя.


Другие публикации