Андрэй Ягораў: Беларусь — старшыня ў клубе нічога не вызначаючага аб’яднання

26.06.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У нашай дзяржаве тэма старшыства ў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятве эксплуатуецца як немаведама што, нібыта мы сталі ледзьве не лідарамі Еўрапейскага Саюза.

22 чэрвеня ў Мінску адбылася штогадовая сустрэча міністраў замежных спраў краін Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ). Дзяржаўныя СМІ шырока паведамлялі, што ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Славакіі, Аўстрыі, Румыніі, Італіі, Польшчы, Чэхіі, Харватыі і Малдовы, а таксама Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Рэгіянальнага савета па супрацоўніцтву, прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, дыпламатычных місій краін-членаў ЦЕІ, акрэдытаваных у Беларусі.

Цікаўнасць да тэмы была выклікана тым, што сёлета старшынства ініцыятывы прыняла на сябе Беларусь. Якое значэнне гэта мае для нашай краіны, а таксама які плён дае ўдзел у ЦЕІ, Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавёў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

— Для Беларусі ўдзел у ЦЕІ асабліва нічога не значыць, акрамя таго, што гэта магчымасць падтрымліваць дыпламатычныя стасункі з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта яшчэ адна пляцоўка, праз якую можна ўстанаўліваць кантакты, вырашаць эканамічныя пытанні і ладзіць сумесныя праекты з рознымі краінамі — як сябрамі Еўрапейскага Саюза, так і з тымі, хто не ўваходзіць у ЕС. Фактычна, гэта ўсё, што дазваляе дадзеная ініцыятыва. Па сутнасці, гэта такі міждзяржаўны «нэтворкінг». Ніякага іншага палітычнага, эканамічнага значэння, альбо значэння ў сэнсе падвышэння статуса Беларусі і яе ролі ў міждзяржаўных адносінах гэта не мае. Але добра, што Беларусь удзельнічае ў ініцыятыве на фоне агульнай ізаляванасці краіны ад больш сур’ёзных утварэнняў.

— Але ж, паводле афіцыйных звестак, у 2014-2015 гадах у Беларусі рэалізавана 6 праектаў ЦЕІ з агульным аб'ёмам фінансавання больш за 120 тысяч еўра ў сферах транспарту, турызму, культуры, адукацыі і навуковых даследаванняў.

— 6 праектаў на 120 тысяч — гэта не проста не сур'ёзна, гэта вельмі-вельмі-вельмі смешна. Гэта памер гадавога бюджэту сярэдняй беларускай НДА.

— Атрымліваецца, што ніякіх эканамічных, сацыяльна-палітычных ці іншых вынікаў ініцыятыва не дае?

— Па-сутнасці, не. Ініцыятыва не валодае нейкімі моцнымі фінансавымі інструментамі дапамогі, не адыгрывае вялікай ролі ў геапалітычным сэнсе. Гэта не нейкае рэгіянальнае аб’яднанне, дзейнасць якога накіраваная на ўзмацненне краін, што ў яго ўваходзяць. Калісьці яна мела большы сэнс: пасля распаду камуністычнага блоку частка яго краін далучылася да ЦЕІ з мэтай садзейнічання трансфармацыі ў рэгіёне. Але, фактычна, ініцыятыва так і не запрацавала ў гэтым рэчышчы, пасля ўвогуле гэтыя сэнсы пазмяняліся, і ўдзельнікі цяпер знаходзяцца ў сітуацыі нявызначанасці, што з гэтай ініцыятывай рабіць далей. Гэта кшталту СНД: аб’яднанне ёсць, а сэнсу няма, хіба што ЦЕІ яшчэ больш слабая арганізацыя, чым СНД. У Садружнасці, прынамсі, ёсць вольны гандаль паміж краінамі. Проста дыпламатычны фармат сустрэч міністраў замежных спраў розных краін, якія маюць пэўныя супольныя інтарэсы і могуць іх там абмяркоўваць.

— А якія абавязкі накладае на краіну старшынства ў ЦЕІ?

— Гэта проста азначае, што ў сімвалічнай ініцыятыве нэтворкінгавага характару краіна становіцца на некаторы час старшынёй. У яе з’яўляецца магчымасць даводзіць свае прыярытэты, гэта крыху падвышае яе дыпламатычны статус. Можна арганізоўваць ад імя ініцыятывы розныя сустрэчы. У Беларусі гэта эксплуатуецца як немаведама што, нібыта мы сталі ледзьве не лідарамі Еўрапейскага Саюза, а, па сутнасці, гэта рэгіянальнае аб’яднанне дастаткова слабога характару. Калі паглядзець артыкулы, якія пішуць пра ЦЕІ, — там агульныя словы. Нават з экспертных публікацый, у якіх пішуць, што гэта добра для Беларусі, зразумець, чым гэта добра, немагчыма. Таму мы — старшыня ў клубе нічога не вызначаючага аб’яднання. Прычым многія краіны-члены ЦЕІ ўваходзяць у больш сур’ёзныя аб’яднанні іншага кшталту.

— Навошта тады ім удзельнічаць у ініцыятыве?

— Некаторыя рэчы прасцей спарадзіць, чым потым забіць. Утварэнні, якія мелі сэнс у пэўны час, пасля губляюць яго, але функцыянаванне наладжанае, на яго падтрыманне выдзялюцца сродкі, і яны завісаюць, як «Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі» пасля ўтварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Прыкладна гэта і адбываецца ў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятыве. Часам такія ўтварэнні рэанімуюцца, а часам не.

Даведка EuroBelarus.Info:

Цэнтральна-еўрапейская ініцыятыва (ЦЕІ) была створана ў 1989 годзе як арганізацыя, закліканая садзейнічаць развіццю ўстойлівых сувязей паміж дзяржавамі Цэнтральнай, Заходняй і Усходняй Еўропы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры, а таксама для недапушчэння ўтварэння новых раздзяляльных ліній у еўрапейскім рэгіёне. У канцы 1990-х гадоў асноўнай мэтай ЦЕІ было абвешчана садзейнічанне еўрапейскай інтэграцыі і збліжэнню паміж ЕС і еўрапейскімі дзяржавамі, якія не ўваходзяць у яго склад. Цяпер ЦЕІ налічвае 18 краін-членаў: Аўстрыю, Албанію, Беларусь, Балгарыю, Боснію і Герцагавіну, Венгрыю, Італію, Македонію, Малдову, Польшчу, Румынію, Сербію, Славакію, Славенію, Украіну, Харватыю, Чарнагорыю, Чэхію.

Беларусь далучылася да ЦЕІ ў чэрвені 1996 года і, як паведамляе беларускае МЗС, «разглядае арганізацыю як эфектыўны інструмент пашырэння і ўмацавання рэгіянальнага супрацоўніцтва праз рэалізацыю канкрэтных сумесных праектаў па актуальных напрамках дзейнасці, уключаючы эфектыўную энергетыку, устойлівае развіццё, экалогію, навуку і тэхналогіі».


Другие публикации