Чаму саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Бруселі, а не ў Таліне

06.09.2017
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Кіраўніцтва Еўрасаюза канчаткова вызначылася з датай і месцам правядзення чарговага, пятага па ліку, cаміта Усходняга партнёрства. Ён пройдзе 24 лістапада 2017 года ў Бруселі.

Тым самым парушана традыцыя папярэдніх самітаў. Усе яны праходзілі выключна ў сталіцах краін, якія на той момант старшынствавалі ў Еўрасаюзе. Так было ў 2009 годзе, калі першы саміт праходзіў у сталіцы Чэхіі Празе. Сітуацыя паўтарылася ў 2011-м, 2013-м і 2015-м гадах, калі мерапрыемства адбывалася ў Варшаве, Вільні і Рызе.

Ад 1 ліпеня 2017 года ў Еўрапейскім саюзе старшынствуе Эстонія. І лагічна было б чакаць, што пяты саміт пройдзе ў Таліне.

Свае думкі, чаму саміт адбудзецца не ў сталіцы Эстоніі, а ў «сталіцы ЕС», «Свабодзе» выказаў кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў:

«На мой погляд, Эстонія без праблем правяла б гэтае мерапрыемства. Але стала вядома, што сёлета ініцыятары праграмы «Усходняе партнёрства» паспрабуюць другі раз прыняць нешта накшталт дарожнай мапы. Гэты дакумент падрыхтавалі летась у снежні, затым яшчэ раз удакладнілі сёлета ў ліпені. Там пастаўлены асноўныя прыярытэты развіцця Усходняга партнёрства, індыкатары гэтага развіцця, мэты і г.д. да 2020 года. Гэты вельмі важны дакумент, у асноўным распрацаваны Еўрапейскай камісіяй. І я сказаў бы, што Усходняе партнёрства наогул больш рухаецца праз еўрапейскія інстытуцыі, чым праз краіны-сябры Еўрапейскага Саюза.

Таму, я мяркую, што еўрапейскія ўлады хочуць большай прысутнасці людзей, якія працуюць у рэгіянальных дэпартаментах Еўрапейскай камісіі. Навошта іх усіх вазіць у Талін, калі прасцей правесці сам саміт у Бруселі. І тады чыноўнікі, якія канкрэтна займаюцца пэўнымі праблемамі, напрыклад, узаемадзеяннем з мясцовымі ўладамі, змогуць больш рэальна бачыць сітуацыю і ўносіць карэктывы ў свае праграмы».

У чым праблема Усходняга партнёрства

Першую дарожную мапу Усходняга партнёрства шмат крытыкавалі, асабліва ўлады Беларусі, за тое, што яна была ўніверсальным дакументам, які не ўлічваў спецыфіку кожнай з шасці краін-удзельнікаў праграмы: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Як паказаў час, імкненні ў гэтых краін сапраўды розныя. Так, Грузія, Малдова, Украіна скіраваны на супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, Арменія і Беларусь увайшлі ў Еўразійскі эканамічны саюз, Азербайджан бачыць свайго найбліжэйшага партнёра ў Турцыі.

На апошнім, Рыжскім саміце Усходняга партнёрства нарэшце афіцыйна зафіксавалі неабходнасць рознага, разнахуткаснага ўдзелу ў гэтым праекце кожнай з шасці краін. Так, Беларусь апынулася сярод тых, хто лічыць прыярытэтам для сябе развіццё гандлёва-эканамічных дачыненняў, адсунуўшы базавыя каштоўнасці Еўрасаюза (правы чалавека, свабоду слова, сходаў, дэмакратычныя выбары) на няпэўную перспектыву. Калі раней у Бруселі марылі правесці адначасова рэформы ва ўсіх шасці краінах Усходняга партнёрства, то цяпер разнахуткасная інтэграцыя прымаецца еўрапейскімі чыноўнікамі з большым разуменнем.

Да саміта рыхтуюцца ўлады і эксперты

31 жніўня міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей удзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельнікаў ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства» і Вышаградзкай групы.

Яны абмяркоўвалі і падрыхтоўку да Брусельскага саміта Усходняга партнёрства.

А 7 верасня ў Мінску збяруцца міжнародныя эксперты, каб абмеркаваць будучыню Усходняга партнёрства на фоне росту рэгіянальнай нестабільнасці. Пра гэта інфармуе экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог».


Другие публикации