Андрэй Ягораў: Ажыятаж вакол «Захаду-2017» — інфармацыйная істэрыя

13.09.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Заўтра пачынаюцца сумесныя расійска-беларускія ваенныя вучэнні, падрыхтоўка да якіх выклікала занепакоенасць не толькі ў Беларусі, але і сярод суседзей.

Вучэнні, якія пройдуць з 14-га па 20-га верасня, з аднаго боку, нічым не адрозніваюцца ад тых, што Беларусь і Расія рэгулярна ладзяць раз на два гады, пачынаючы з 2009 года. Вось толькі пасля падзей 2014 года ва Украіне, калі Расія паказала сябе як агрэсара, сталі гучаць перасцярогі: маўляў, расійскія войскі, прыехаўшы на вучэнні ў Беларусь, могуць застацца ў краіне і нават распачаць баявыя дзеянні супраць суседняй Украіны альбо пераправіць «зялёных чалавечкаў» праз мяжу ў Еўропу. Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс сказаў, што Латвія «мае засцярогі, што расійскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не сысці». Гэтую ж думку падтрымаў міністр абароны Эстоніі. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што вучэнні — гэта «выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для розных эксперыментаў і небяспечных гульняў, скіраваных супраць Захаду». Міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак выказаў меркаванне, што «гэтыя вучэнні могуць быць выкарыстаныя для таго, каб пачаць агрэсію не толькі супраць Украіны, але супраць любой краіны Еўропы, якая мяжуе з Расіяй».

Часам перасцярогі падмацоўваліся дзеяннямі: так, ЗША адправілі 600 амерыканскіх дэсантнікаў у краіны Балтыі на час вучэнняў і затрымалі ратацыю амерыканскай баявой групы ў Польшчы.

Ці сапраўды вучэнні «Захад-2017» пагражаюць суверэнітэту Беларусі і іншых краін? Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у інтэрв’ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» патлумачыў, чаму не трэба паддавацца істэрыі падчас правядзення манёўраў.

— Наколькі апраўданы ажыятаж вакол вучэнняў?

— Тая падрыхтоўчая праца, якая адбываецца, не надта адрозніваецца ад таго, што было раней падчас тых жа самых вучэнняў «Захад». Таму нейкіх аб’ектыўных фактараў для турбот няма. Адзінае, што іх выклікае, — гэта падазрэнні адносна Расіі і яе агрэсіўных планаў, якія яна раптам можа запусціць, — але мы гэтага не ведаем. Ну і кантэкст вучэнняў — сітуацыя абвостранага геапалітычнага супрацьстаяння Расіі і Захаду — выклікае цікавасць да іх.

— Ці ёсць рэальная неабходнасць праводзіць такія вучэнні і якая ад іх карысць?

— Для Беларусі як для незалежнай краіны гэтыя вучэнні, хутчэй, шкодныя. Бо цяпер правядзенне сумесна з Расіяй хоць якіх вайсковых вучэнняў выклікае падазрэнне наконт нейтральнасці і добрасуседскіх адносін Беларусі з суседзямі на Захадзе, Поўдні і Поўначы. Цяпер Расія — рэгіянальны агрэсар, і быць сябрам хулігана — значыць, быць суўдзельнікам, у пэўным сэнсе, яго планаў і распаўсюджваць на сябе пэўныя падазрэнні. У гэтым сэнсе, Беларусь губляе ў іміджы. А ўвогуле ці патрэбныя беларускаму войску рэгулярныя вайсковыя вучэнні? Я не ваенны эксперт, але, напэўна ж, патрэбныя, каб падтрымліваць войска ў баявым стане. Аднак у альянсе з Расіяй гэта ўспрымаецца як псіхалагічнае запалохванне суседзей, што не надта добра.

— Аднак успалашыліся не толькі суседзі — колькі было спрэчак сярод беларусаў вакол уяўнай «Вейшнорыі». На вашу думку, ці ёсць тут месца размовам пра сепаратызм?

— Не трэба тлумачыць канспіралагічнымі змовамі тое, што можна патлумачыць звычайнай чалавечай дурасцю і баязлівасцю. Нічога страшнага за «Вейшнорыяй» не стаяла, умоўныя праціўнікі заўсёды пазначаюцца падобным чынам. Можа, не надта добра было пераносіць гэта на рэальную мапу, але, я думаю, нічога сур’ёзнага за гэтым не стаіць.

— На гэтым тыдні запрацаваў спецыяльны сайт вучэнняў, дзе будзе адлюстроўвацца ўся іх хада. Да таго ж назіраць за вучэннямі ў Беларусь запрасілі больш за 80 чалавек з розных краін. Ці сапраўды ўсё будзе празрыста і адкрыта?

— Мне вельмі цяжка сказаць, што там будзе адкрыта, а што не, бо я, зноў-такі, не вайсковы эксперт. Магчыма, будуць трэніравацца нейкія спецыфічныя навыкі, якія не трэба бачыць, але тое, што будзе адбывацца на палігонах, пакажуць. Тое, што запрасілі знешніх назіральнікаў, — гэта добра, гэты факт крыху суцішвае нервовасць вакол вучэнняў. Не думаю, што будуць хаваць звесткі адносна колькасці ўдзельнікаў вучэнняў і вайсковай тэхнікі. Урэшце, са спадарожнікаў бачна ўсё, што адбываецца. Таму, думаю, для назіральнікаў і ў публічную сферу будзе прадастаўляцца адэкватная інфармацыя.

— То бок, да вучэнняў «Захад-2017» трэба ставіцца нейтральна? Ці як на іх рэагаваць?

— Каб зразумець, давайце ўявім іншы варыянт, калі канспіралагічная версія мае пад сабой грунт — магчымасць для ўварвання войскаў у Беларусь, з тэрыторыі Беларусі — ва Украіну ці перакіду «зялёных чалавечкаў» праз заходнюю мяжу Беларусі. Хто гатовы сёння штосьці з гэтым рабіць? Ніхто. Беларуская дзяржава не будзе нічога рабіць. Яна ўдзельнічае ў вучэннях у штатным рэжыме, беларускае войска не пераводзіцца на падвышаную баявую гатоўнасць, Беларусь пускае расійскія войскі на сумесныя вучэнні, а не становіцца бараніць мяжу, няма мабілізацыі насельніцтва. Таму ўся гэтая істэрыя нагнятаецца як інфармацыйная, без усялякіх дзеянняў. Калі вы нічога не можаце зрабіць — назірайце і не правакуйце флуд. Ніхто з тых, хто кажа пра вучэнні як пра вялікую пагрозу, нічога пры гэтым не робіць. Гэта альбо недасведчанасць, альбо наўпроставы падман, таму ставіцца да такіх рэчаў трэба як да інфармацыйнай істэрыі.


Другие публикации