Аўтапрабег пуцінцаў па Беларусі — спланаваная правакацыя? (Відэа)

20.09.2017
Вольга Жарнасек, Belsat.eu

З георгіеўскімі стужкамі і выявамі Пуціна. Аўтакалона з прапуцінскімі актывістамі напярэдадні ўвечары без дазволу праехала вуліцамі Мінска.

Раней арганізацыя, якая не мае рэгістрацыі ў Беларусі, абвесціла ўсерасійскі гуманітарны аўтапрабег «Вялікая Расія». Мэта акцыі — сабраць гуманітарную дапамогу жыхарам Данбаса. Памкненне нават шляхетнае, калі б не той факт, што актывісты т.зв. «Нацыянальна-вызвольнага руху» падтрымліваюць анексію Крыма і сепаратыстаў. А Беларусь называюць часткаю «русского мира».

«Думаю, у прапуцінскіх актывістаў задача — разведка. Бо рыхтуецца сцэнар кшталту крымскага альбо данецкага», — пракаментаваў «Белсату» дадзеную выхадку палітык Павел Севярынец.

У такой сітуацыі звяртае ўвагу рэакцыя ўладаў Беларусі

А дакладней — яе адсутнасць. Групавы праезд з сімволікай падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах. Правядзенне такой акцыі без дазволу ўладаў караецца штрафам ці адміністратыўным арыштам.

«Гэта, як мінімум, сведчыць пра тое, што ёсць у Беларусі людзі пры ўладзе, якія гатовыя заплюшчваць вочы на такія дзеянні», — мяркуе філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Праваслаўная царква падтрымала незалежнасць

Апрача прабегу, яго ўдзельнікі планавалі зладзіць малебен у адной з беларускіх цэркваў. Але гэтыя планы рашуча перакрэсліла Беларуская праваслаўная царква.

«Мы пазбягаем тых, хто не прызнае самастойнасць нашай дзяржаўнасці, хто займаецца такой неадназначнай палітычнай дзейнасцю», — заявіў у эфіры Радыё «Свабода» протаіерэй Сяргей Лепін.

Гэткая адмова выклікала разгубленасць расейцаў і падтрыманне з боку дэмакратычнае супольнасці Беларусі.

Пагатоў эксперты бачаць у гэтым не адзіночны інцыдэнт, а спланаваную кампанію. Якая невыпадкова адбываецца адначасова з манеўрамі «Захад-2017».

«Тыя, хто сімпатызуюць сёння Расіі, Пуціну, і хацеў бы бачыць Беларусь у складзе Расіі, ім патрэбныя падтрымка інфарматыўная і падтрымка большасці», — даводзіць сп. Мацкевіч.

І сёлета гэта не першая акцыя «Нацыянальна-вызвольнага руху» ў Мінску. У лютым шасцёра актывістаў з беларускага філіяла арганізацыі зладзілі пікет на плошчы Незалежнасці на падтрыманне Расіі.


Другие публикации