Андрэй Ягораў пра новую ініцыятыву Беларусі ў ААН: гэта не выпадковасць, існуе пэўная стратэгія

20.09.2017
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Мінск плануе правесці рэгіянальную канферэнцыю для нацыянальных каардынатараў ПРААН з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама СНД. Мяркуецца запрасіць адміністратара ПРААН Ахіма Штайнера.

Пра гэта падчас 72-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку заявіў кіраўнік беларускай дэлегацыі — міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Канферэнцыя адбудзецца ў беларускай сталіцы на пачатку 2018 года. У папярэднім парадку дня — абмен досведам рэалізацыі мэтаў устойлівага развіцця.

«Ініцыятывы Міністэрства замежных спраў, скіраваныя на правядзенне ў Мінску сімвалічных мерапрыемстваў, дыктуюцца неабходнасцю атрымаць большае міжнароднае прызнанне», — пракаментаваў «Свабодзе» дырэктар мінскага Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

«Атрымаць яго іншымі спосабамі не выпадае. Ну, не хапае ў нас рэальнага палітычнага і эканамічнага ўплыву, няма значных дасягненняў. Таму шукаюць сімвалічных шляхоў. Гэта добра атрымалася з мінскай пляцоўкай па Украіне. Дзякуючы ёй, у беларускіх уладаў істотна змяніўся міжнародны імідж. А цяпер працяг. І гэта не проста новы крок. Тут ужо выразна бачыцца стратэгія. Хочацца праводзіць у Мінску як мага больш знакавых сустрэчаў. У стратэгію ўпісваюцца розныя мерапрыемствы: ад спартовых да палітычных.

Пакуль ёсць час адноснага паляпшэння стасункаў з Захадам, улады спяшаюцца ім скарыстацца. Адсюль і бясконцыя заявы пра ролю Беларусі як нейтральнай краіны, найлепшага пасярэдніка ў любых міжнародных канфліктах і г.д. А вяршыняй усяго, як заяўляў Аляксандр Лукашэнка, можа стаць ператварэнне Мінска ў аналаг Хельсінскага пагаднення, т.зв. «Хельсінкі-2», — адзначыў палітолаг Андрэй Ягораў.


Другие публикации