Лукашэнка будзе кіраваць да 2025 года без выбараў? (Відэа)

19.12.2017
Аркадзь Несцярэнка, Belsat.eu

Чаму Аляксандр Лукашэнка не пайшоў па шляху Уладзіміра Пуціна і не павялічыў прэзідэнцкі тэрмін?

«Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон, і калі трэба будзе, мы ўбачым што нам патрэбная новая Канстытуцыя, мы на гэта пойдзем», — казаў кіраўнік Беларусі.

Год таму медыя ды грамадзянская супольнасць абмяркоўвалі сігналы, якія асцярожна, па чарзе, падкідвалі то кіраўнік краіны, то старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына аб магчымасці змены Канстытуцыі. За два месяцы да мясцовых выбараў мінуў апошні тэрмін, калі ўлады маглі яшчэ вярнуцца да старой ідэі.

«Рэферэндум праводзіцца, калі ёсць пэўны раскол у грамадстве, і трэба легітымізаваць адну з пазіцый. На сённяшні дзень такіх пытанняў няма», — тлумачыць «Белсату» метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Без выбараў да 2025-га года

Дакладней за ўсіх ідэю змяніць Канстытуцыю для павелічэння прэзідэнцкага тэрміну агучыў Алег Гайдукевіч. Прапанова гучала ў пакеце, які задавальняў бы ўсіх: партыі атрымалі б магчымасць ісці на парламенцкія выбары паводле партыйных спісаў, а прэзідэнцкія выбары адсоўваліся б да 2025 года. Бо новы 7-гадовы адлік пачынаўся б пасля рэферэндума. Гэтак ужо было ў 1996 годзе.

«Кожныя 4 гады праводзіць выбары — гэта няслушна, надта дорага. І калі мы ўхвалім партыйныя спісы, калі вырасце дэпутацкі тэрмін, то лагічна з гэтага ідзе павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў», — заявіў тады Алег Гайдукевіч, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Ярмошына далучылася

Адразу пасля заявы Алега Гайдукевіча старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну будзе спрыяць стабільнасці ў грамадстве. А кіраўнік краіны ўсцяж настойваў: да канца 2017 года сярэдні заробак мусіць быць 1000 рублёў.

Паводле аналітыкаў, улады адмовіліся ад ідэі рэферэндума ў 2018 годзе праз вясновыя пратэсты. Як патлумачыў палітолаг Валер Карбалевіч, даць станоўчы вынік 80% ва ўмовах масавай незадаволенасці насельніцтва — гэта сур’ёзны стрэс для дзяржапарата.

Рэферэндум яшчэ могуць правесці

Дагэтуль гучаць меркаванні, што ўлады яшчэ могуць выкарыстаць у сваіх інтарэсах усенародны плебісцыт.

«Заканадаўствам не выразна прапісана, у які тэрмін можна прызначаць рэферэндум. Калі ўважліва пачытаць артыкул 114 Выбарчага кодэкса, то рэферэндум можна прызначыць нават за месяц да правядзення галасавання», — даводзіць Уладзімір Кацора, сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

У суботнім інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» старшыня ЦВК крыху прыадчыніла заслону будучых палітычных кампаній. Прынамсі або парламенцкія, або прэзідэнцкія выбары пройдуць датэрмінова.

«Справа ў тым, што ў 2020-м прэзідэнцкія і парламенцкія выбары супадаюць, і павінна быць прынята рашэнне, якая кампанія будзе першая. Апроч таго, у наступным годзе мы ўжо мусім закладаць пэўную суму ў бюджэт на восень 2019-га, на пачатак кампаніі», — падзялілася Ярмошына.

Апроч вясновых пратэстаў, на ідэю зладзіць рэферэндум паўплывала і сітуацыя ў эканоміцы. Нават у 2018 годзе афіцыйна не прадугледжваецца выхад на сярэдні заробак 1000 рублёў. Бюджэтнікі ўвогуле будуць атрымліваць каля 700 рублёў. Найхутчэй, да сакральнай зарплатнай планкі ўлады вернуцца ў 2019 годзе, калі стартуюць або прэзідэнцкія, або парламенцкія выбары.


Другие публикации