Да нас едзе еўракамісар. Чаго чакаць ад візіта Ёханеса Хана

30.01.2018
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

30 студзеня адбудзецца візіт у Беларусь еўракамісара па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і перамовах аб пашырэнні Еўрасаюза Ёханеса Хана.

«Свабода» запыталася ў эксперта, чаго варта чакаць ад гэтага візіта.

Што ў праграме візіта?

Праграмай запланавана сустрэча Ёханеса Хана з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Як паведамілі ў МЗС, бакі абмяркуюць узаемаадносіны Беларусі і Еўрасаюза, у тым ліку перспектывы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў сферы міжнароднай тэхнічнай дапамогі, умацаванне палітычнага дыялогу па лініі Беларусь—ЕС.

Не выключана, што еўракамісар таксама сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Але афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма.

Чаму Хан цікавы беларускім уладам больш за любога іншага еўракамісара?

Еўрапейскі Саюз мае сваю выканаўчую ўладу — Еўрапейскую камісію. Яна нагадвае сабой урад, у якім 28 чалавек. Але называюць іх не міністрамі, а камісарамі.

Для Беларусі асоба еўракамісара па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседзтва і перамовах аб пашырэнні Еўрасаюза мае асаблівае значэнне таму, што ён адказвае за праграму «Усходняе партнёрства», кажа «Свабодзе» кіраўнік Цэнтра еўрапейскіх трансфармацый Андрэй Ягораў.

«Адносіны з краінамі Усходняй Еўропы ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю. Фактычна ўсе палітычныя дачыненні Бруселя з Мінскам курыруе не толькі служба знешніх зносін, але і спадар Хан», — кажа палітолаг.

Чаму не атрымалася ў Фюле?

Да Ёханеса Хана еўракамісарам быў чэх Штэфан Фюле. Менавіта ён прасоўваў Усходняе партнёрства, робячы стаўку на гэтую праграму.

«Безумоўна, Фюле дамогся падвышэння статуса праграмы. Праз ягоныя намаганні еўрапейцы пачалі аддаваць болей увагі праблемам сваіх усходніх суседзей. Фюле стаў уплывовай палітычнай фігурай. Ён здолеў замацаваць Усходняе партнёрства як структуру еўрапейскай палітыкі. З таго часу праграма, няхай і з праблемамі (там заўжды былі праблемы), існуе і развіваецца», — кажа пра папярэдніка цяперашняга камісара Андрэй Ягораў.

Пры гэтым, паводле эксперта, Фюле не ўдалося зрабіць Усходняе партнёрства трыўмфальнай праграмай Еўрасаюза.

«Ні Украіна (пры Януковічы), ні Арменія не падпісалі праграмы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Я думаю, што Фюле не ўлічваў тагачасных настрояў у былых савецкіх рэспубліках. Ён недаацаніў антыеўрапейскія трэнды ў той жа Украіне часоў Януковіча, недаацаніў дэструктыўную ролю Расіі, якая прымусіла цалкам развярнуцца з еўрапейскага курса Арменію. У выніку еўракамісар не атрымаў таго высокага палітычнага статуса, які мог бы мець, калі б Усходняе партнёрства стала больш паспяховым», — кажа Ягораў.

Чым Хан не падобны да Фюле?

Андрэй Ягораў асабіста ведае абодвух камісараў і бачыць паміж імі істотную розніцу. Паводле яго, Фюле быў выбітным спікерам і мог зачароўваць сваімі словамі публіку на розных імпрэзах, а Хан найперш займаецца чарнавой дыпламатычнай працай.

«У яго акцэнт — на прагматычныя дамоўленасці, на палітычны торг. Я бачу, што ён скарыстоўвае такія рэчы, як паляпшэнне эканамічных умоў для Беларусі (напрыклад, еўрабонды), доступ да еўрапейскіх фінансавых інструментаў. І гэта тое, узамен на што афіцыйны Мінск гатовы рабіць некаторыя крокі ў напрамку змен. Менавіта ў гэтым, я думаю, і палягае ягоная стылістыка адносін з краінамі Усходняй Еўропы», — кажа палітолаг.

Што ў перспектыве?

Кіраўнік Цэнтра еўрапейскіх трансфармацый звяртае ўвагу, што дагэтуль адносіны Беларусі з Еўрасаюзам не маюць фундаментальнай асновы. Яны базуюцца на дакументах яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

«Гэты дакумент аб двухбаковай кааперацыі, падпісаны яшчэ ў 1989 годзе. Бо шматбаковыя дачыненні грунтуюцца на праграме «Усходняе партнёрства». Безумоўна, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца. Але тут ніяк не пераскочыш перамоўныя пытанні па іншых праблемах, якія ўжо стаяць на парадку дня. Хіба з 2011 года Мінск і Брусель абмяркоўваюць спрашчэнне візавага рэжыма і рэадмісію. Пакуль гэтага не вырашаць, ніяк не падпішаш фундаментальны дакумент», — кажа Андрэй Ягораў, дадаючы, што, на яго думку, у бакоў «няма ўзаемнага даверу і ўзгодненасці пазіцый».

Раней Хан ужо быў у Беларусі

Ёханес Хан у рангу еўракамісара ўпершыню наведаў Мінск 16–17 красавіка 2015 года.

Візіт праходзіў у рамках наведвання ўсіх шасці краін-удзельнікаў Усходняга партнёрства напярэдадні саміта ў Рызе. Тады Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам заявіў пра жаданне перафарматаваць праграму «Усходняе партнёрства».

«Хацелася б, каб яно было адфарматавана з звычайнай палітыкі (напэўна, гэты этап ужо пройдзены, ён быў, можа, і неабходны) да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэнні эканамічных праблем», — цытавала кіраўніка дзяржавы БелТА.

У кастрычніку 2017 года Хан напярэдадні саміта Усходняга партнёрства ў Бруселі таксама збіраўся наведаць Мінск. Аднак з шэрагу прычын візіт быў адкладзены. А Хан сустрэўся з беларускім прэм’ерам Андрэем Кабяковым у Люксембургу.


Другие публикации