31 сакавіка ў Віцебску — «Iмперскае сацыяльнае ўяўнае і руская постсавецкая фантастычная літаратура»

29.03.2018
Лятучы ўніверсітэт

31 сакавіка 2018 года ў віцебскай арт-прасторы «VZAP» філосаф Вольга Орышава прадставіць тэму: «Iмперскае сацыяльнае ўяўнае і руская постсавецкая фантастычная літаратура».

Чаму вобраз Імперыі, нягледзячы на сваю адыёзнасць, захоўвае прыцягальнасць? Чаму імперскасць здаецца неад’емнай ад самаадчування рускіх? Якую ролю (вялікая) руская літаратура адыгрывае ў падтрыманні «рускай матрыцы» калектыўнага ўяўнага? Які ўклад унесены постсавецкімі фантастамі-імперцамі ў падзеі ва Украіне? Разабрацца з гэтымі пытаннямі мы паспрабуем на падставе такой з’явы, як «сацыяльнае ўяўнае».

Для тых, хто далёкі ад праблем сацыяльнай тэорыі і наўрад ці чытаў «Уяўныя супольнасці» Бенедыкта Андэрсана, само словазлучэнне «сацыяльнае ўяўнае» падасца дзіўным.

Сапраўды, шматвекавая філасофская традыцыя разам з паўсядзённым словаўжываннем прызвычаілі нас думаць аб уяўленні ці «ўяўным» як аб чымсьцi індывідуальным — «маім» альбо «тваім». Аднак «сацыяльнае ўяўнае» — канцэпт, які трывала замацаваўся ў сацыяльнай тэорыі ў якасці вельмі важнага, добра працуючага інструмента разумення грамадства.

У нашым выпадку гаворка пойдзе пра Імперыю, і ў сваім выступе Вольга Орышава паспрабуе паказаць, як імперскія настроі ў расійскім калектыўным ўяўным счытваліся і напаўняліся вобразным зместам у постсавецкай фантастычнай літаратуры.

Сустрэча па тэме «Iмперскае сацыяльнае ўяўнае і руская постсавецкая фантастычная літаратура» адбудзецца 31 сакавіка (субота) у віцебскай арт-прасторы «VZAP» (вул. Кастрычніцкая, 2). Пачатак у 13.30. Уваход вольны!

Сустрэча адбудзецца ў межах кампаніі Лятучага ўніверсітэту «ВЕДЫ ONLINE», што арганізуе серыю дыскусійных сустрэч з выкладчыкамі Дыстанцыйнай платформы Лятучага ў Брэсце, Гродна, Віцебску і Бабруйску.

Анлайн і афлайн — два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. Анлайн — гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасць. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні.

Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы «ўжывую» — гэта магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.

Пра выступоўцу:

Вольга Орышава — філосаф, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Займаецца гісторыяй псіхалогіі і сацыяльнай тэорыяй. Адна з аўтараў і выкладчыкаў курса «Сацыяльнае ўяўленне і яго межы» на Дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта.


Другие публикации