Еўрасаюз не верыць у Лукашэнку (Відэа)

13.04.2018
Віталь Бабін, Belsat.eu

Еўрасаюз не чакае ад афіцыйнага Мінска крокаў па паляпшэнні выбарчага заканадаўства, а час, адведзены на змены ў Канстытуцыю, Лукашэнка наўрад ці выкарыстае для гэткіх захадаў.

Так лічыць кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязям з Беларуссю Богдан Здраеўскі. Аднак у ЕС пазітыўна ацэньваюць перспектывы супрацы з Беларуссю.

«Грэкзіт», «Брэкзіт», крызіс з мігрантамі, пагроза тэрарызму, анексія Крыма і вайна на Данбасе. Пяць гадоў Еўропе было не да Беларусі, бо існавалі свае, уласныя праблемы, падзяліўся меркаваннем з агенцтвам БелаПАН кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі. І хоць сёння ў Бруселі ніхто ад Мінска цудаў не чакае, дэпутаты перакананыя, што прагрэс можа ісці хутчэй.

«Няма пазіцыі ЕС адносна Беларусі. Няма кансенсусу. А калі няма кансенсусу паміж 28 сябрамі Еўрасаюза, то яны нічога і не робяць фактычна», — каментуе «Белсату» палітолаг Андрэй Ягораў.

І хоць летась афіцыйны Мінск пайшоў на бязвізавы рэжым з грамадзянамі ЕС ды іншых краін, беларусы пакуль не дачакаліся нават змяншэння кошту на шэнгенскія візы. Паводле Здраеўскага, у тармажэнні гэткіх працэсаў вінаватыя ўлады Беларусі, бо свае абавязкі перад дамовамі з ЕС яны выканалі толькі на 30%.

«Ёсць прагрэс рытарычны, але ніякіх змен няма. Гэта асноўная характарыстыка сітуацыі, і, напэўна, далей гэтых сістэмных змен не будзе. А гэта значыць, што аніякага сістэмнага сутнаснага прагрэсу ў дачыненнях Беларусі з боку ЕС не будзе», — лічыць Ягораў.

«Беларусь застанецца сам-насам з Расіяй»

Агулам жа, паводле дэпутата Богдана Здраеўскага, у Еўрапарламенце існуюць два падыходы да Беларусі. Адныя мяркуюць, што галоўнае, каб Лукашэнка не ствараў ніякіх праблем Еўропе. Іншыя — што кіраўнік Беларусі мог бы перайсці да больш шырокага дыялогу з ЕС: дазволіць спрошчаную рэгістрацыю палітычных партый і рухаў, правесці частковую прыватызацыю, амаладзіць урад. Апошняму, падкрэслівае еўрадэпутат, перашкаджае не толькі нежаданне Лукашэнкі нешта змяняць, але і правакацыі з боку Расіі.

«Гэта нейкія спробы паказаць, што Беларусь пад ціскам з боку Еўрапарламента, што Еўрапарламент нібыта ставіць нейкія жорсткія ўмовы для працягу дыялогу. Гэта робіцца, каб разарваць навязаныя кантакты. Але вынікам разрыву можа стаць тое, што Беларусь застанецца сам-насам з Расіяй», — кажа Здраеўскі.

Разарваць жа дачыненні з усходняю суседкаю не ўдасца не толькі таму, што Беларусь залежыць ад Масквы ў эканамічным плане.

«Мы нікуды не сыдзем ад суседства з Расіяй, таму мы не можам з ёю сварыцца. Бо калі мы з ёю пасварымся, нас чакае лёс Данбаса», — мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Пра наладжаную супрацу з Захадам днямі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюз» хваліўся і міністр замежных спраў Уладзімір Макей, распавядаючы пра распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека. Што праўда, на практыцы сітуацыя выглядае па-іншаму: улады Беларусі выкарыстоўваюць гадамі выпрацаваную схему арыштаў, збіцця і пераследу, у тым ліку журналістаў нашага тэлеканала. Аднак усе гэтыя цяжкасці, як адзначае Здраеўскі ў тым жа інтэрвʼю БелаПАНу, толькі загартоўваюць «Белсат» і робяць яго мацнейшым.


Другие публикации