Шэнгенскія візы для беларусаў могуць не патаннець, а падаражэць

28.04.2018
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

27 красавіка завяршыўся візіт у Мінск дэлегацыі Еўрапейскага Саюза. Чыноўнікі з Бруселя ўдзельнічалі ў пятым пасяджэнні Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь.

Беларускую дэлегацыю на перамовах ачольваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. Кіраўніка дэлегацыі Еўрасаюза, упраўляючага дырэктара па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томаса Маер-Гартынга сустрэў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

У МЗС «Свабодзе» сказалі, што ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі «бягучы стан двухбаковых дачыненняў, удзел Беларусі ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства», рэалізацыю ў Беларусі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага Саюза. Макей і Маер-Гартынг таксама звярнулі ўвагу на сітуацыю ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і перспектывы ўзаемадзеяння ў пытаннях правоў чалавека».

У сустрэчах з еўрапейскімі чыноўнікамі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый і экспертнай супольнасці.

Эксперт: Не адчуваю аптымізму

«Гэты раўнд перамоў адрозніваўся ад папярэдніх тым, што грамадзянская супольнасць атрымала большыя магчымасці ўдзелу ў перамоўным працэсе», — сказаў генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Няўрадавыя эксперты абмяркоўвалі ўсе пытанні супрацоўніцтва ў рамках праграмы ЕС «Усходняе партнёрства».

Паводле экспертаў, падчас перамоў высветліліся тры тэмы, якія выглядаюць цяпер як найбольш актуальныя. Гэта Балонскі працэс, альтэрнатыўная энергетыка для Беларусі і развіццё прадпрымальніцтва.

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў «Свабодзе», што пытанне аб паслабленні візавага рэжыму для беларусаў па-ранейшаму мае падвешаны статус.

«Яно стаіць у парадку дня, абмяркоўваецца, але ніхто ня ведае, калі яно будзе канчаткова вырашана. І гэта трывожна, бо Брусель рыхтуе змены ў сваё заканадаўства, якія прадугледжваюць падвышэнне коштаў віз для грамадзян тых краін, якія не падпісалі дамову аб паслабленні візавага рэжыму і рэадмісіі. А Беларусь пакуль знаходзіцца ў гэтай групе».

З гісторыі працэсу

Першае пасяджэнне Каардынацыйнай групы адбылося ў Бруселі 6-7 красавіка 2016 года. Група збіраецца два разы на год, каб разгледзець увесь спектр адносін паміж ЕС і Беларуссю і ўзгадніць далейшыя крокі.


Другие публикации