Крэмль крывадушнічае, калі кажа пра роўныя ўмовы ў ЕАЭС (Відэа)

29.07.2018
Сяргей Падсасонны, Belsat.eu

Нафтагазавыя войны — ужо частка расійска-беларускага жыцця. Магчыма, хутка баталіі спыняцца. Бо мае паўстаць адзіны рынак, у тым ліку — энергетычны.

«Мы павінныя забяспечыць для бізнесу недыскрымінацыйныя і празрыстыя ўмовы, агулам неабходна правесці дадатковую працу ў зняцці перашкод, якія замінаюць стварэнню агульных рынкаў ЕАЭС», — заявіў прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Гэтак было на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Пецярбурзе. І нібыта супраца, і нібыта разам, але супольны рынак мае паўстаць толькі да 2024 года.

«Перашкоды на шляху стварэння агульнага рынку нафты і газу чыніць перадусім расійскі ўрад, бо ён хоча захоўваць магчымасць двухбаковага маніпулявання коштамі на газ і на нафту, каб дамагацца эканамічных і геапалітычных саступак з боку Беларусі», — кажа «Белсату» эканаміст Станіслаў Івашкевіч.

Таму цяжка паверыць, што Крэмль адмовіцца ад галоўнага рычага ціску. А Беларусь атрымае дадатковыя энергетычныя субсідыі за таннейшыя расійскія нафту і газ.

«Ці можна паказаць хоць адзін рынак, які функцыянуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе як транспарэнтны, адкрыты і працуе паводле эканамічнай логікі без умяшання палітыкі. Я не бачу такіх рынкаў. Чаму моцна палітызаваны энергетычны рынак раптам запрацуе так, як ён мусіць запрацаваць у эканамічным абʼяднанні?», — пытаецца дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

А на дадатак супольны рынак ЕАЭС можа стварыць сітуацыю, калі беларускія тавары, маючы роўныя шанцы, пачнуць выцясняць расійскія.

«Засталося ўзгадніць шэраг прынцыповых палажэнняў, якія мы ўжо абмяркоўвалі на ўсіх узроўнях. Пазіцыя Беларусі ў тым, каб стварыць роўныя ўмовы вядзення гаспадарчае дзейнасці для кампаній усіх краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтага чакаюць нашыя эканамічныя аператары», — кажа беларускі прэмʼер Андрэй Кабякоў.

Афіцыйны Мінск чакае, а эканамічная сітуацыя нестабільная. Сусветны банк кажа з непакоем, што вонкавы доўг Беларусі складае больш за 76%.

«Большасць валавога ўнутранага доўгу прыпадае на дзяржсектар і характарызуецца складанаю і нераўнамернаю структурай абслугоўвання доўгу — пік сплатаў надыходзіць кожныя некалькі гадоў», — гаворыцца ў справаздачы Сусветнага банку.

І ў Крамлі добра разумеюць залежнасць нашае краіны, на якую можна ўсё больш уплываць.

«Ёсць шанцы, што Беларусь не выканае ўсяго таго, што абяцала ў замен на стварэнне газу і нафты. У выніку Крэмль можа адкласці гэта або нейкім чынам увесці дадатковыя ўмовы», — падкрэслівае эканаміст Станіслаў Івашкевіч.

І тут галоўнае пытанне — якія гэта будуць умовы? І ці Беларусь не апынецца пад сцяною з працягнутаю рукой, а там — незалежнасць?


Другие публикации