Як Лукашэнка прытуліў у Беларусі «клан Бакіева» (Відэа)

30.07.2018
Яраслаў Сцешык, Belsat.eu

Міністэрства замежных справаў Кыргызстана выклікала афіцыйнага прадстаўніка Беларусі — часовага паверанага Сяргея Іванова — для перадачы ноты пратэсту.

Афіцыйны Бішкек паведаміў, што лічыць абсалютна непрымальным пражыванне і вядзенне бізнесу ў Беларусі былога прэм‘ер-міністра Кыргызстана Даніяра Усенава, які мае пашпарт беларускага грамадзяніна Данііла Урыцкага. Дыпламатычны пратэст звязаны з публікацыямі пра пачатак будоўлі пад Рудзенскам буйной вытворчасці «Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай кампаніяй». Дырэктар БНБК, створанай указам Лукашэнкі, — Данііл Урыцкі, той самы кіргізскі беглы прэм‘ер. «Белсат» паведамляў пра яго яшчэ на пачатку года.

«Кіраўніком БНБК, дырэктарам генеральным ёсць Данііл Урыцкі, ён жа Даніяр Усенаў, былы прэм‘ер-міністр Кыргызстана, які асуджаны ў сваёй краіне за саўдзел у забойстве людзей і перавышэнне службовых паўнамоцтваў на пажыццёвае зняволенне, і ён абвешчаны ў вышук», — кажа «Белсату» эканамічны аглядальнік Аляксандр Ярашэвіч.

Дырэктар БНБК не захацеў размаўляць з журналістамі, аднак сказаў, што Даніяр Усенаў, паводле ягонай інфармацыі, памёр 5 гадоў таму ў Малайзіі.

«Гэтыя людзі накралі ў сябе на радзіме і цягнуць сюды грошы. Тут жа ўвесь клан бакіеўскі сядзіць: начальнік ягонай аховы, які забіваў, гэты прэм’ер, які прыгавораны да пажыццёвага», — адзначае палітык Мікалай Статкевіч.

Кыргызстан патрабуе экстрадыцыі Даніяра Усенава з Беларусі, гэтак сама як і былога прэзідэнта Курманбека Бакіева. Яны абодва нясуць адказнасць за расстрэл дэманстрантаў у красавіку 2010 года ў Бішкеку. Тады адбылася рэвалюцыя, выкліканая нізкім узроўнем жыцця і татальнаю карупцыяй — усе сферы ўлады і галіны бізнесу кантралявалі сваякі і сябры Бакіева. Загінулі 84 асобы, паўтысячы атрымалі раненні. Зрынуты дыктатар уцёк у Беларусь і заявіў, што ён жывы і легітымны.

«Мой народ перажывае страшную трагедыю. Банда самазванцаў абвесціла сябе ўладай і творыць бязмежжа», — казаў Курманбек Бакіеў у красавіку 2010 года.

Цяпер Курманбек Бакіеў, завочна асуджаны на 24 гады турмы, жыве ў Мінску, пабудаваў сабе дом у Драздах, побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі. Таксама ў Мінску жыве ягоны брат Жаныш Бакіеў, удзельнік карупцыйных схем, завочна асуджаны на пажыццёвае зняволенне за забойства.

«Лукашэнка дае прытулак усім збеглым ад рэвалюцый. Усім незаконным дыктатарам, бандытам, якія атрымалі ўладу, забівалі людзей», — кажа Статкевіч.

Нота пратэсту ў сённяшніх умовах не прывядзе да экстрадыцыі Даніяра Усенава, лічыць філосаф Уладзімір Мацкевіч. Пакуль Бішкек у пытанні «бакіеўскага клана» ў Беларусі праяўляе слабасць судовай сістэмы і дыпламатыі, не пераследуючы злачынцаў на поўную моц.

«Наўрад ці пры цяперашнім урадзе Беларусі Бакіева і Усенава могуць выдаць. Бо час прайшоў досыць доўгі, і калі б былі пераканаўчыя доказы, гэта было б зроблена», — лічыць Уладзімір Мацкевіч.

Таксама варта мець на ўвазе, што Кыргызстан уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз, дзе пытанні правоў чалавека і дэмакратыі лічацца менш важнымі за бізнес-інтарэсы.


Другие публикации