Мінск не адмовіцца ад расійскіх баз проста так (Відэа)

04.08.2018
Зміцер Міцкевіч, Belsat.eu

Гэта яго казырныя карты ў перамовах з Крамлём, упэўненыя эксперты.

Лёс расійскіх вайсковых аб’ектаў у нашай краіне будзе залежаць ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Партыя БНФ атрымала адказ ад міністра абароны Андрэя Раўкова на ліст з просьбаю адмовіцца ад размяшчэння на тэрыторыі нашае краіны расійскіх радыёстанцыі і станцыі сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе.

Яшчэ 23 чэрвеня Партыя БНФ абвясціла інфармацыйную кампанію супраць знаходжання расійскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. У Міністэрства абароны і Савет бяспекі накіравалі ліст з просьбай выказаць пазіцыю адносна працягу пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй аб размяшчэнні вайсковых аб’ектаў расійскіх узброеных сіл у нашай краіне.

«Мы хацелі атрымаць дакладны адказ, калі заканчваецца тэрмін гэтай дамовы, і мы атрымалі гэты адказ, мы ведаем цяпер дакладную дату. Мы таксама хацелі, каб былі агучаныя матывы, якімі Міністэрства абароны і Савет бяспекі збіраюцца кіравацца пры прыняцці рашэння. І мы не пачулі насамрэч гэтых матываў», — кажа «Белсату» намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле Мінабароны, у выпадку, калі беларускі бок захоча адмовіцца ад працягу пагаднення, ён мае паінфармаваць Расію не пазней за 6 чэрвеня 2020 года.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаныя два расійскія вайсковыя аб’екты: 43-ці вузел сувязі ВМФ Расіі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй») у Мінскай вобласці і радыёлакацыйная станцыя «Волга» дэцыметравага дыяпазону (вузел «Баранавічы») у складзе расійскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаная ля Ганцавічаў. Знаходжанне гэтых аб‘ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, якія былі падпісаныя ў 1995 годзе ўрадамі Беларусі ды Расіі.

«Гіпатэтычна вывад расійскіх вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі магчымы толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прымае іншыя стратэгічныя рашэнні наконт уключэння Беларусі ў вайсковыя блокі. Напрыклад, калі яна абірае трэнд на поўны нейтралітэт», — кажа дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, палітолаг Андрэй Ягораў.

На меркаванне экспертаў, улады Беларусі выкарыстоўваюць расійскія вайсковыя аб’екты ў якасці казырнай карты ў перамовах з Крамлём. У той жа момант, гэтыя аб’екты наносяць іміджавыя страты краіне, якая ўсяляк імкнецца падкрэсліць свой нейтралітэт.

«Мы будзем пераконваць беларускае грамадства, што гэтыя аб’екты ўяўляюць і вайсковую небяспеку для нас, яны робяць нас патэнцыйнымі ворагамі для багата якіх нашых суседзей, для іншых еўрапейскіх краін. І яны ёсць інструментам Расіі для патэнцыйных несяброўскіх дзеянняў супраць Беларусі», — кажа Аляксей Янукевіч.

У той жа момант, адмыслоўцы падкрэсліваюць, што для Расіі вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі маюць хутчэй іміджавае значэнне — замацаванне краіны ў сваёй сферы ўплыву.


Другие публикации