Ці адважацца ўлады Беларусі на рэформы ў мясцовым самакіраванні, якое самі і ліквідавалі?

13.09.2018
Іна Студзінская, Радыё «Свабода»

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы і не падпісала Еўрапейскую Хартыю мясцовага самакіравання.

У Мінск прыехала старшыня Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Гудрун Мосьлер-Тэрнстрэм. Яна ўжо сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам, а 12 верасня прыняла ўдзел у круглым стале па актуальных пытаннях мясцовага самакіравання.

Ці падштурхне візіт уплывовай еўрапейскай чыноўніцы Беларусь да рэформ у галіне мясцовага самакіравання?

Лукашэнка дэкларуе жаданне пазнаёміцца з еўрапейскім досведам мясцовага самакіравання

Круглы стол быў арганізаваны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі. На ім выступілі высокія беларускія ўрадоўцы, чыноўнікі, юрысты, навукоўцы. У дыскусіі бралі ўдзел прадстаўнікі мясцовых уладаў з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі.

Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы, заявіў, што Беларусі цікавы еўрапейскі досвед у сферы мясцовага самакіравання.

«Мясцовае самакіраванне, кіраванне рэгіёнамі — гэта вельмі важная ў сучасным свеце тэма, — сказаў ён. — І тое, што Савет Еўропы аддае гэтаму вялікую ўвагу, дорага каштуе. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым досведам, таму шчыльна супрацоўнічаем з Кангрэсам».

«Самакіраванне — нязручная форма для гэтай улады»

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў да такіх заяваў Лукашэнкі ставіцца скептычна.

«Ну, пачалі размаўляць. Лукашэнка кажа цяпер тое, што еўрапейцы хочуць пачуць, але за гэтымі словамі звычайна не стаяць ніякія справы», — кажа палітолаг у інтэрв'ю «Свабодзе».

На яго думку, ліквідацыя мясцовага самакіравання была наўмысным крокам адміністрацыі Лукашэнкі, калі ягоная каманда вырашала задачу «вертыкалізацыі» выканаўчай улады ў Беларусі.

«Ніякага самакіравання нават у тых слабых формах, якія існавалі да ліквідацыі самастойнасці саветаў, у Беларусі няма, — перакананы Андрэй Ягораў. — Самакіраванне — нязручная форма для гэтай улады, для сістэмы кіравання. Таму гэта палітычная логіка, якая працягваецца да сённяшняга часу, і таму ў Беларусі няма ніякага рэальнага самакіравання.

Зразумела, што на радыкальныя рэформы ўлады не пойдуць. Аднак не праходзяць і касметычныя рэформы — павышэнне самастойнасці саветаў, стварэнне асацыяцый саветаў, дзе яны маглі б мець статус юрыдычнай асобы, стварэнне бюджэтаў грамадзянскага ўдзелу, якімі маглі б апераваць саветы. Хоць маглі б прыняць».

На яго думку, Беларусь магла б падпісаць Еўрапейскую Хартыю мясцовага самакіравання, таму што дакумент прыняты шмат якімі краінамі, дзе таксама ёсць праблемы з самакіраваннем. Але прыняцце гэтай Хартыі дало б пэўную перспектыву для развіцця Беларусі.

«У Беларусі і органы самакіравання, і органы кіравання — гэта ўсё дзяржаўныя органы»

На круглым стале з дакладам «Рэалізацыя асобных палажэнняў Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання ў заканадаўстве Беларусі, прымяненне іх на практыцы» мусіў выступіць старшыня праўлення Фонда імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса. Фонд займаецца гэтай праблемай больш за 25 гадоў.

Міраслаў Кобаса сказаў, што ў 2010 годзе, калі прымалася апошняя рэдакцыя Закона «Аб кіраванні і мясцовым самакіраванні», эксперты Фонда падалі 38 прапаноў, а ў новую рэдакцыю ўвайшлі толькі дзве.

На думку эксперта, самая вялікая праблема ў тым, што ў Беларусі няма падзелу органаў. І органы самакіравання, і органы кіравання — гэта ўсё дзяржаўныя органы.

«То бок у нас сістэма самакіравання, саветы, уваходзіць у сістэму дзяржаўных органаў, — кажа Міраслаў Кобаса. — А гэта ўступае ў супярэчнасць з Еўрапейскай Хартыяй і наогул з разуменнем самакіравання.

У нас на першым месцы ў самакіраванні інтарэсы дзяржавы, агульнадзяржаўныя інтарэсы, а потым толькі інтарэсы грамадзян. А самакіраванне — гэта ў першую чаргу інтарэсы грамадзян. Зразумела, што нельга супрацьпастаўляць адно аднаму, але гэта павінна быць у спалучэнні. Еўрапейская Хартыя дае магчымасць спалучаць гэта ўсё на мясцовым узроўні, узаемадзейнічаць дзеля таго, каб і інтарэсы дзяржавы, і інтарэсы грамадзян спалучаліся»

Паводле яго, само паняцце «самакіраванне» азначае ў нас форму арганізацыі дзейнасці, а паводле Еўрапейскай Хартыі — гэта права і рэальныя здольнасці. «Адчуваеце розьніцу?»

Галоўнае — палітычная воля дзяржавы

У мясцовых саветаў фактычна няма фінансаў, таму што гэта ўсё дзяржаўныя фінансы, няма камунальнай уласнасці, бо яна таксама дзяржаўная — пералічвае некаторыя базавыя рэчы Міраслаў Кобаса. Ён разумее, што ва ўлады ёсць і страх, прычым абгрунтаваны — яна баіцца, каб не страціць кіравання, каб не ператварыць усё ў хаос.

Прафесар Ежы Рэгульскі, які рыхтаваў рэформу самакіравання ў Польшчы, казаў, што для паспяховага правядзення рэформ неабходныя чатыры ўмовы:

  • палітычная воля дзяржавы;
  • спецыялісты, якія могуць падрыхтаваць рэформы;
  • ухваленне і падтрымка людзей, у крайнім выпадку — згода людзей на правядзенне рэформ;
  • людзі на месцах, якія здольныя гэтыя рэформы рэалізаваць.

У Беларусі ж пакуль, на думку старшыні праўлення Фонда імя Льва Сапегі, самая галоўная праблема — адсутнасць палітычнай волі кіраўніцтва праводзіць рэформы самакіравання, далучыцца да Еўрапейскай Хартыі.


Другие публикации