Схема Лукашэнкі. Што ён падпісаў? (Відэа)

30.12.2018
Belsat.eu

Размаўляючы пра вынікі года папярэдняга — 2017-га, мы канстатавалі ўзмацненне хвалі інфармацыйных атакаў з Расіі ня толькі на афіцыйны Мінск, але і ўвогуле на Беларусь.

Маўляў, растуць нацыяналістычныя настроі, ідуць украінскім шляхам і г.д. Выглядае на тое, што пад занавес гэтага года Крэмль пераходзіць ад словаў да справы. Цяпер Расія адкрыта падрывае незалежнасць Беларусі.

Што пачуюць у апошні вечар 2018 года беларусы ад свайго афіцыйнага лідара? Віншаванні Аляксандра Лукашэнкі з года ў год гучаць усё больш пагрозліва.

Да апошніх месяцаў 2018 года падавалася, што гэтым разам абыйдзецца без большых спрэчак з галоўным хаўруснікам. Лукашэнка традыцыйна наракаў на інтэграцыйныя праблемы, раз на нейкі час нагадваў пра кампенсацыю за падатковы манеўр, пакуль раптам у Берасці расійскі прэм’ер не паставіў Мінск перад выбарам з двух варыянтаў.

«Адзін — кансерватыўны — пры захаванні контураў той «Саюзнай дзяржавы» да тых межаў, што ўсталяваныя дамовай ад 1999 года», — заявіў прэмʼер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў.

Пры гэтым варыянце — пра далейшыя нафтавыя субсідыі Беларусь можа забыцца — толькі тут цягам шасці гадоў Беларусь страціць нават да 12 млрд. долараў. Другі варыянт — яшчэ горшы — рэальная інтэграцыя: супольная мытня, суд і валюта. У Беларусі абурыліся ўсе.

«Гэта комплексны падыход, які накіраваны на падрыў незалежнасці Беларусі. Проста цяпер Крэмль стаў адкрыта пра гэта казаць, а значыць, што яны пачалі пасылаць сігналы ня толькі беларускім элітам, але і беларускаму грамадству», — кажа «Белсату» дырэктар Цэнтра стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі.

У Маскве тлумачаць — ультыматум Мядзведзева, дакладна гучаў раней і не раз, толькі за закрытымі дзвярыма. Пакуль сам Лукашэнка не выносіў смецце з інтэграцыйнай ізбы да журналістаў:

«Мы маем горшыя ўмовы, чымся Германія, я ўжо пра гэта казаў — нібыта ваявалі супраць Германіі ўсе разам, а нашыя людзі маюць такую сітуацыю».

Такія наўпроставыя патрабаванні яшчэ ніжэйшага кошту на газ ды заявы аб ледзь не абавязку Масквы дакінуць нафтадолараў сталі апошняй кропляй, кажуць у Маскве.

«Раней неяк давалі зніжку на палітычны тэмперамент Аляксандра Рыгоравіча, маўляў, пагаворыць ды скончыць, а цяпер ён атрымаў у адказ. І адчуў — як гэта непрыемна, калі тое, што кажуць за закрытымі дзвярыма — кажуць публічна»,— кажа намеснік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімір Жарыхін.

Праўда, публічна казалі яшчэ шаснаццаць гадоў таму — калі прапаноўвалі ўваходзіць у Расію «шасцю вобласцямі». Ды й апанент Лукашэнкі на адзіных дэмакратычных выбарах у нашай краіне Вячаслаў Кебіч абяцаў увесці адзіную валюту. Чаму цяпер кажам пра рэальную пагрозу незалежнасці?

«На расійскім баку такая больш кансалідаваная пазіцыя эстэблішменту наконт таго, што субсідыі для Беларусі мусяць скончыцца, а калі яны працягнуцца, мусіць быць больш паглыбленая «інтэграцыя» ў склад Расіі», — адзначае дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Набліжанныя да крыніц з Крамля палітолагі абураюцца велічынёю падтрымкі свайго хаўрусніка.

«121 млрд. за апошнія дваццаць год — мы такі лічнік вядзем. Ён сядзіць пасярэднікам перапродажы расійскага газа, цэлая сям’я сядзіць на продажы нафтапрадуктаў. Гэта іхны промысел», — кажа маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Падобную лічбу 20 снежня агучыў і Уладзімір Мілоў, былы намеснік міністра энергетыкі Расіі:

«Грунтуючыся на дадзеных МВФ, дзе яны называюць такую жахлівую лічбу — больш за 100 млрд. долараў за 10 годдзе Расія перадала Беларусі ў выглядзе самых розных формаў эканамічнай дапамогі».

Хіба не ведалі ў Крамлі, у чыю кішэню ішлі тыя грошы? Ці можа Лукашэнка не ведаў, што калісьці атрымае крамлёўскі рахунак?

«Жадання парваць з гэтай схемай у Беларусі пакуль што не бачна, і гэта зноў такі, як і казалі на працягу ўсіх гадоў кіравання Лукашэнкі, менавіта гэтая схема стварае галоўную небяспеку незалежнасці Беларусі»,— гаворыць Андрэй Ягораў.

Бо Крэмль задае ў пэўным сэнсе — цалкам абгрунтаванае пытанне аб пагадненні 20 гадовай даўніны.

«Ну, трохі непрыстойна выглядае — 20 год прайшло, а многія пункты, што там прапісаныя, якія падпісаў Лукашэнка і каторыя цяпер грозна клічуць «пазбаўленнем Беларусі незалежнасці»… а што ты тады падпісваў», — задаецца пытаннем Уладзімір Жарыхін.

Чаму падпісваў — не сакрэт: быў рэальны шанец узабрацца на крамлёўскі прастол. Цяпер жа пытанне ў тым, ці здолее Лукашэнка ўтрымаць уладу без расійскай дапамогі?

«Беларускі прэзідэнт можа ўтрымаць уладу без расійскага падтрымання. І безумоўна пры гэтым адбудзецца рэзкае зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва», — лічыць Жарыхін.

Іншая справа, што цяжка ўявіць такі сцэнар спакойнага адыходу ад Крамля. Ці паслякрымская Расія проста адпусціць дэ-факта свой актыў, у які ўклала больш за сто мільярдаў долараў?

«У Крамля няма стратэгіі пераадолення ўнутранага крызісу, і таму новы сацыяльны кантракт таксама будзе геапалітычны, і вось Беларусь разглядаецца, як такі магчымы геапалітычны поспех», — прадказвае Арсен Сівіцкі.

Поспех патрэбны, бо ў 2024 годзе Пуцін не зможа пераабрацца на прэзідэнта Расіі, хіба што зноў давядзецца мяняць канстытуцыю. Затое можа з трыумфам стаць прэзідэнтам «Саюзнай дзяржавы». У Мінску тое разумеюць, таму наступны год можа стаць нечакана напружаным для Беларусі.

«Расійскі фактар будзе граць вялікую ролю. Я бы не выключаў таго, што прэзідэнцкія выбары могуць прайсці раней — напрыканцы 2019 года», — дадае Сівіцкі.

У сваёй уласна гульні Лукашэнка прайграе ўсю краіну — усіх нас. Але напярэдадні Новага года варта задумацца пра будучыню.

«Лукашэнка раней, ці пазней сыдзе. Але страта краіны — гэта праблема для беларусаў, для нацыі, для народа — для тых, хто тут жыве, а не для гэтага рэжыма», — адзначае Андрэй Ягораў.

Сёлета мы даведаліся, што ў Беларусі сапраўды з’явіцца расійская зброя — ужо налета прыедуць комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд». Нашыя суседзі наўпрост кажуць аб паглынанні Беларусі, а некаторыя палітыкі там заклікаюць ужо праводзіць адпаведны рэферэндум. Але самае змрочнае, што бяззменны лідар можа ў адказ толькі ездзіць у Маскву і прасіць яшчэ грошай.


Другие публикации