Карга-ўніверсітэт

26.11.2017
Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг

Рэфлексія Уладзіміра Мацкевіча што да адбыўшайся ў Мінску канферэнцыі, прысвечанай тэме стварэння нацыянальнага ўніверсітэта ў Беларусі.

Лёгка іранізаваць з нагоды палінезійскіх дзікуноў, якія майстравалі макеты самалётаў на занедбаных амерыканскіх аэрадромах пасля Другой сусветнай вайны ў чаканні, што да іх прыляцяць сапраўдныя самалёты з рознымі карыснымі таварамі і смачнай ежай. Сёння, калі веды сталі агульнадаступнымі, усе ведаюць пра карга-культ. Сёння ўсе ведаюць шмат і рознае. Гэтае шматведанне спараджае ў сучаснікаў самаўпэўненасць у тым, што яны шмат ведаючыя і разумеючыя, што яны разумнейшыя і лепшыя за дзікуноў. Але ж ці так гэта?

25-26 лістапада ў Мінску праходзіла канферэнцыя «Нацыянальны універсітэт у XXI стагоддзі: місія і выклікі». Першае ж уражанне ад канферэнцыі — беззместоўная. Самая беззместоўная канферэнцыя патрабуе рэфлексіі.

Калі канферэнцыя беззместоўная, то навошта яе ўвогуле праводзіць? Бо так трэба. Па кожным істотным пытанні прынята праводзіць канферэнцыю, гэта ж усім вядома. Можна яе замяніць круглым сталом, калі мала грошай, калі грошай паболей, можна дазволіць сабе міжнародны кангрэс. Але нешта трэба рабіць. Ці ж гэта само па сабе не ёсць карга-культ?

Канферэнцыя без зместу і грунтоўных дыскусій — гэта як самалёт з галінак на палянцы, які не лётае, ці як «парлямент не месца для дыскусій».

Адмаўленне зместу на канферэнцыі трэба даказваць. Людзі ж нездарма сабралі выступоўцаў і слухачоў, абвесцілі тэму! Тэма ж істотная і патрэбная!

Так, тэма вельмі актуальная і патрэбная.

Беларусь у XXI стагоддзі не мае ўніверсітэта. Мае дзяржаўны суверэнітэт, а ўніверсітэта не мае. Гэта дзікунства, амаль як палінезійскія выспы, да якіх толькі самалётам можна даляцець, а самалёты туды не лётаюць.

Ініцыятары канферэнцыі — Аргкамітэт по стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта — добра ведаюць, што ў краіне няма нацыянальнага ўніверсітэта, бо няма ніводнага ВНУ, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове. А калі нейкае з шматлікіх ВНУ перавесці на беларускую мову, стане гэтая ўстанова «нацыянальным універсітэтам»?

Такое пытанне нават гучала на канферэнцыі, але ні арганізатары, ні слухачы да яго не паставіліся ўсур’ёз. Бо галоўным пытаннем, на якім усе яны засяроджаныя, было і застаецца моўнае пытанне.

Калі некаторыя з выступоўцаў гаварылі пра тое, што ў краіне няма ўніверсітэта, універсітэта як такога, не на якой мове, гэта застаецца па-за ўвагаю. Не разумеючы, што такое ўніверсітэт, можна лічыць і БДУ з БарДУ (і «Беларускі дзяржаўны», і «Баранавіцкі дзяржаўны») універсітэтамі.

А ў краіне няма ўніверсітэта, ні беларускамоўнага, ні рускамоўнага, ні лацінамоўнага. У першую чаргу краіне і нацыі патрэбен універсітэт. Проста ўніверсітэт.

Пачынаючы з канца XVIII стагоддзя, усе ўніверсітэты ў Еўропе і свеце былі нацыянальнымі. Некаторыя старыя ўніверсітэты паўставалі як канфесіянальныя, пераважна каталіцкія (як Віленскі і Полацкі калегіумы), потым — пратэстанскія. Але і старыя ўніверсітэты перарадзіліся паступова ў нацыянальныя пад уплывам мадэрнага нацыяналізму і арыентацыі на ўзор гумбальтаўскага ўніверсітэта. Напрыканцы ХХ стагоддзя націянальныя ўніверсітэты ўжо сталі анахранізмам.

Ці магчымы ў XXI стагоддзі нацыянальны ўніверсітэт? Можа, зараз універсітэты могуць быць толькі інтэрнацыянальнымі або глабальнымі?

Гэтае пытанне таксама гучала на канферэнцыі, але і яму не надалі ўвагі.

А чаму ж там надавалі ўвагу?

Уся ўвага ўдзельнікаў была сканцэнтравана на «адвечных пытаннях»: мова, назва ўстановы, рэгістрацыя, як прывабіць студэнтаў і выкладчыкаў, якую аплату браць са студэнтаў, дзе знайсці дадатковае фінансаванне.

Нельга не прызнаць, што ўсе гэтыя пытанні таксама заслугоўваюць увагі. Але ж частка з іх павінна абмяркоўвацца, так бы мовіць, у рабочым парадку. Рэгістрація, назва — гэта не пытанні для канферэнцыі, гэта бюракратычныя пытанні, справа тэхнікі. Трэба паставіць задачу і патрабаваць справаздачу аб выкананні.

Набор студэнтаў, бюджэтнае фінансаванне, гранты і памер аплаты — гэтыя пытанні вырашаюцца таксама тэхнічна, праводзяцца маркетынгавыя даследаванні, складаецца бюджэт і бізнес-план, і пытанні вырашаюцца на падставе гэтага. Няма чаго абмяркоўваць за межамі кіраўніцтва ўстановы.

Ну, гэта справядліва, калі кіраўніцтва дастаткова кампетэнтнае і дысціплінаванае. У нас часта гэтыя пытанні пераўтвараюцца ў праблемы менавіта з-за недахопу кваліфікацыі і кампетэнцыі. Калі за справу бяруцца партачы і непісьменныя людзі, то праблемы паўстаюць на пустым месцы.

Мова — гэта значна больш складанае пытанне і сапраўдная праблема. На гэтае пытанне няма простых адказаў. Але на канферэнцыі якраз імкнуліся да вельмі простых адказаў. Ды так, што ігнаравалі і сацыялагічныя дадзеныя, і проста рэчаіснасць.

Уразіў гарадзенскі прафесар, разважанне якога нічым не адрознівалася ад разважанняў 20-гадовай даўніны. Так разважалі 20 год таму, 10 год, і вось зараз. Адказ бачыцца вельмі просты: трэба загадаць, запісаць у Канстытуцыю, прыняць закон, абавязаць — і ўсе загавораць на мове, напішуць падручнікі, у беларускія школы паўстане чарга.

А тое, што па сацыялагічных дадзеных, агучаных на канферэнцыі, у структуры ідэнтычнасці беларусаў толькі 14% надаецца мове, мова стаіць дзесьці на 7-8 месцы сярод параметраў беларускай ідэнтычнасці, гэта ніяк не ўплывае на рашэнне.

Слухаючы прафесара, можна зразумець, чаму беларусізацыя 1990-х гадоў не мела шырокай падтрымкі, і можна ўявіць, які енк падымецца зараз, калі даць волю такім беларусізатарам. Складваецца ўражэнне, што людзям падабаецца толькі гаварыць пра беларусізацыю, пакутваць з таго, што ёй перашкаджаюць, і нічога не рабіць для яе рэальна.

Моўнае пытанне сапраўды балючае. І ніякая вышэйшая навучальная ўстанова яго не вырашыць, як і шыльды на мове, рэкламныя білборды і іншыя асобныя дзеянні. А простыя захады, якія прапануюцца і робяцца, — гэта тыповы карга-культ.

Ну а сам «нацыянальны ўніверсітэт», мяркуючы па захадах, якія робяцца для яго ўтварэння, тыповы карга-ўніверсітэт.

Калі не звяртаць увагу на агульнасусветны крызіс універсітэтаў, не паглыбляцца ў праблемы сучасных універсітэтаў, ці можна стварыць сучасны ўніверсітэт? Не ведаючы структуры сучасных універсітэтаў, не ўлічваючы зменаў у місіі і наканаванні ўніверсітэта, ігнаруючы сучасны змест універсітэцкай адукацыі, можна стварыць толькі макет, здалёк падобны на нешта, прыкладна так, як самалёт з галінак і саломы здалёк можа падацца падобным на сапраўдны.

А калі ствараць не сучасны сапраўдны ўніверсітэт, то навошта ён патрэбны? Ці патрэбныя сёння канструктары паравозаў на рынку працы? Цікавая, дарэчы, прафесія! Як хобі ці захапленне, каб вабіць час, прыкладна так, як рэканструктары рыцарскіх бугуртаў сваімі рукамі вырабляюць зброю, шыюць вопратку, вучацца фехтаванню.

Калі ўжо ствараць сучасны ўніверсітэт у Беларусі, то сапраўдны — універсітэт на ўзроўні сучасных патрабаванняў, а не ВНУ часоў першапачатковай індустрыялізацыі, якія ў сучасным свеце выконваюць тую ж функцыю, што прафтэхвучэльні 60-70 год таму.

Так, звычайныя ВНУ сёння — гэта аналаг ПТВ тых часоў. Бо сёння тыповы рабочы — гэта праграміст. А БДУІР — гэта вучэльня, дзе рыхтуюць такіх рабочых.

А што робіць сучасны ўніверсітэт?

Гэта праблемнае пытанне.

Калі аналізаваць узровень і якасць абмеркавання на ўзгаданай канферэнцыі, то можа скласціяся ўражэнне, што ў Беларусі шукаць адказу пра сучасны ўніверсітэт — тое самае, што пытацца ў палінезійцаў пра авіацыйную тэхніку. Бо кампетэнцыя ўдзельнікаў канферэнцыі нават блізка не набліжаецца да неабходнага ўзроўню.

Зразумела, што тыя, хто сабраліся на ўзгаданую канферэнцыю, не рэпрэзентуюць усю інтэлектуальную і акадэмічную супольнасць Беларусі і нават Мінска. Таму мая выснова можа падацца недарэчнай. Але можна азірнуцца наўкол, і што мы пабачым?

Пабачым, што дзяржаўныя ВНУ і Міністэрства адукацыі так старанна ігнаруюць праблемы ўніверсітэта і якасці адукацыі, што там амаль ужо не засталося адмыслоўцаў па гэтых праблемах.

Паглядзеўшы на прыватныя ВНУ, убачым яшчэ ніжэйшы ўзровень.

А калі кагосьці і кранаюць сучасныя праблемы, то з-за таго, што яны глядзяць на ўзор «сучаснай цывілізацыі» — на Расію. Шукаюць там адказы і падыходы. На канферэнцыі некалькі разоў узгадваліся «даследчыя ўніверсітэты» Расіі як вышэйшае дасягненне, як тое, пра што можна толькі марыць.

І што, атрымоўваецца Палінезія?

Дык вось не.

Зараз у Мінску існуюць, як мінімум, дзве ініцыятывы, у якіх вядзецца пошук адказаў на праблемы сучаснага ўніверсітэта. Адпрацоўваюцца падыходы з розных бакоў і першапачатковых пазіцый.

Гэта Лятучы ўніверсітэт, працуючы па праграме культурнай палітыкі, і ECLAB, працуючы на падмурку Liberal Arts.

Трохі на іншых падставах і са сваімі асаблівасцямі прыкладна ў тым жа накірунку рухаецца Беларускі калегіум.

У БДУ і РІВШ амаль 20 год існавала група Гусакоўскага і Палоннікава, якая вельмі глубока прапрацавала праблемы сучаснага ўніверсітэта і адукацыі, назапасіла шмат карысных матэрыялаў. Праўда, ужо некальгі год пра яе амаль нічога не чуваць, напэўна, незаппатрабаваная іх праца. Што не дзіўна. Бо для БДУ і Міністэрства адукацыі гэтая праца шкодная, а для ініцыятараў «Нацыянальнага ўніверсітэта» — незразумелая.

Ну і маленькая заўвага пра Расію-»лідара нашых мараў».

Калі акадэмік і былы намеснік міністра адукацыі ў Маскве Аляксандр Асмолаў стварыў часопіс «Образовательная политика», наканаваны на пошук сучасных падыходаў да рэфармавання сістэмы адукацыі, вызначаючы канцэптуальнае апірышча для такого пошуку, ён перадрукаваў арыгінальныя артыкулы пра адукацыю з энцыклапедыі Александра Грыцанава, лічачы іх найбольш грунтоўнымі. Артыкулы беларускіх аўтараў.

Вось такая Палінезія.

Навошта нам карга-культ?

Чаму мы не шануем тое, што маем?

А мы шмат што маем.

І нават мы самі ў Лятучым універсітэце не разумеем і не шануем тое, што мы маем. Ці, з-за сціпласці, не хочам пра гэта гаварыць і думаць.

Тэкст быў апублікаваны Уладзімірам Мацкевічам у суполцы Лятучага ўніверсітэта ў Фэйсбуку


Іншыя публікацыі