Змест адукацыі. Дык у чым праблема?

06.01.2018
Таццяна Вадалажская, Лятучы ўніверсітэт

Нататкі паводле адной размовы каля дошкі з Уладзімірам Мацкевічам.

У спрэчках апошняга часу, што вядуцца і ўнутры Лятучага ўніверсітэта, і ў больш шырокіх сітуацыях, мы наноў вяртаемся да пытання сучаснага зместу адукацыі як найбольш сутнаснага і глыбокага для ўсіх спробаў і праектаў, якія імкнуцца прапанаваць новыя адукацыйныя магчымасці. На жаль, рух у вырашэнні гэтага пытання надта павольны. І не толькі таму, што на яго прасцей не зважаць, засяродзіўшыся на іншых пытаннях большай ці меньшай значнасці. Іншай складанасцю, якая патрабуе значна большай увагі, сур’ёзнага стаўлення і аналізу, з’яўляецца тое, што існуючыя прапановы вырашэння гэтага пытання не з’яўляюцца паўнавартаснымі.

Тое, што прыходзіць у сістэму адукацыі, каб замяніць сабой «традыцыйныя» веды, уменні і навыкі (знания-умения-навыки), апісваецца пераважна ў кампетэнцыях, надпрафісійных навыках, базавых характарыстыках чалавека будучыні. Мы можам назіраць практычныя рэалізацыі гэтых захадаў у «10 галоўных кампетэнцыях», якія вызначаюцца як вядучыя на эканамічным форуме ў Давосе, у комплексе навыкаў для «Атласа прафесій», у soft skills, што вызначаюцца як падставы для здольнасці быць эфектыўным у сучасным, зменлівым свеце. Комплексы гэтых навыкаў і кампетэнцый маюць некаторыя адрозненні, але ўсе яны арыентаваны на крытычнасць, камунікацыю, крэатыўнасць, самастойнасць і г.д.

Несумнеўна, што пошукі і распрацоўкі ў гэты бок будуць ісці і надалей, але гэты адказ можна назваць, у лепшым выпадку, частковым ці паліятыўным (часовым і неканчатковым).

Чаму ён паліятыўны, паспрабуем разабрацца, скарыстаўшы ўяўленні пра адукацыйны працэс, выкладзеныя ў распрацоўках Уладзіміра Мацкевіча. У прыватнасці, праблема зместу адукацыі бачная, калі мы раскладзем адукацыйны працэс на пяць падпрацэсаў і разбярэмся асобна з кожным з іх.

  • Адукацыя — закладанне базавай карціны (карцін) свету і асноўных спосабаў працы з гэтай карцінай і сабой (сістэматызацыя, рэфлексія, крытыка) для рэалізацыі сучаснай культуры і магчымасці дзейнічаць менавіта ў гэтай культуры і ў межах пэўнага светаўспрыняцця;
  • Навучанне — перадача ( і атрыманне) неабходных кампанентаў ведаў пра свет, элементаў карціны свету ў рэчышчы пазнання;
  • Падрыхтоўка — наданне (засваенне) неабходных якасцей для заняцця пэўных дзейнасных ці сацыяльных пазіцый у сучасным грамадстве і гаспадарцы;
  • Выхаванне — фармаванне корпусу этычных і маральных установак пэўнай культуры;
  • Пісьменнасць — фармаванне неабходных навыкаў і досведу для паўнавартаснай рэалізацыі сваіх чалавечых, культурных і грамадзянскіх правоў, наладжвання неабходных стасункаў і дзейнасці ў грамадстве.

Калі размова вядзецца пра «змест адукацыі», то бок пра тое, што перадаецца падчас працэсу адукавання, што з’яўляецца ягоным «зместам», то яго варта таксама разглядаць і раскладаць асобна па гэтых падпрацэсах.

Змястоўна і канкрэтна гэта можна зрабіць адносна пэўнай прафесіі ці занятку, адносна нейкай сацыяльнай групы — калі ў адукацыі аднаўляецца нейкая сацыяльная група (прыкладам арыстакратыя ці чынавенства, ці духавенства). Гэта можна зрабіць і адносна пэўнай адукацыйнай парадыгмы, якая адпавядае гістарычнай эпосе з яе пануючай карцінай свету, сацыяльна-прафесіный і дзейнаснай структурай, а таксама патрабаваннямі для рэалізацыі права карыстацца ўсімі магчымасцямі тагачаснага грамадства.

Так мы маглі б апісаць і раскласці па гэтых працэсах адукацыю сераднявечнага (хрысціянскага) грамадства (безумоўна, рэдукуючы разнастайнасці і асаблівасці), у якой карціна свету задавалася Богам і актам стварэння, а астатнія кампаненты (падпрацэсы) адпаведна ў якасці зместу ўтрымлівалі: веды пра Бога, гісторыю выбранага народа і царквы, навыкі жыцця ў Градзе Зямным (10 запаветаў і г.д.) як падрыхтоўкі да жыцця ў Градзе Божым, вобраз чалавека веры ў прыпавесцях і вобразах святых, а таксама пэўныя функцыянальныя здольнасці (рытуальныя і не толькі дзеянні), якія даюць магчымасць уваходзіць у неабходныя стасункі для адэкватнай гэтай культуры практыкі. Менавіта неабходнасцю адэкватных стасункаў з Богам у пратэстанцкіх культурах (ужо на самым пачатку шляху ад рэлігійнай да навуковай карціны свету) быў уведзены такі навык, як пісьменнасць.

У той жа час, у Сярэднявеччы можна знайсці адукацыю ў межах рамёстваў, якая аперуе іншай карцінай свету (мы зараз сказалі б — дзейнаснай), да якой датычацца і адпаведныя веды, і падрыхтоўка, і сваё выхаванне, якое базуецца на прафесійнай этыцы і г.д. Прычым гэтыя дзве адукацыі (культурная і прафесійная), калі яны якасныя і цэласныя, цалкам могуць дапаўняць адна адну ў «асобна ўзятай галаве» і нават галавах пэўнай супольнасці, калі ёсць здольнасць да рэфлексіі і пераключэння ў сацыяльным кантэксце з карыстання адной карціны свету і анталогіі на другую.

З надыходам Новага часу і паступовым заняццём пазіцый панавання «навуковай карціны свету» і тэхналагізацыі эгалітарнай педагогікі, усе пазначаныя падпрацэсы былі напоўненыя адпаведным гэтаму Новаму часу зместам. Гэты змест адукацыі меў не толькі свецкі характар, але найперш адпавядаў карціне свету, у якой прырода (тая, што існуе незалежна ад чалавека і мае свае ўнутраныя незалежныя жа законы) і ёсць апошняя рэальнасць, а таксама галоўны анталагічны тлумачальны прынцып. У гэтай аналогіі разумееца і сам чалавек, і ягоная дзейнасць, і ягоныя іншыя жыццёвыя праявы. Важна, што пры панаванні гэтай карціны свету ўсе накірункі думак пра розныя праявы жыцця (напрыклад, кіраванне, палітыка, педагогіка, мастацтва) сталі імкнуцца быць аформленымі для разумення і перадачы ў межах навуковых дысцыплін.

У межах навуковага светапогляду і Новага часу мы бачым зусім іншае напаўненне зместам усіх пяці падпрацэсаў:

  • адукацыя — прыродная анталогія і адпаведная карціна свету з адпаведным жа месцам чалавека (даследчыка, гаспадара і часткі гэтай прыроды);
  • навучанне — веды пра розныя праявы свету ад непасрэдна «прыродных» да грамадства, культуры, чалавека і г.д., зразуметых як існуючыя па сваіх законах і працэсах, і адпаведныя ж навыкі і здольнасці для здабыцця веды, атрымання досведу ўзаемадзеяння, працы з «прыродай» (узгадайма дыдактыку Каменскага, пабудаваную на пачуццёвым, эмпірічным досведзе);
  • падрыхтоўка — засваенне сацыяльных, прафесійных і гаспадарчых пазіцый адносна грамадскай і эканамічнай структуры Новага часу, найперш індустрыяльнай эпохі, капіталістычнай гаспадаркі;
  • выхаванне — этас «найлепшага прыроднага стварэння», рацыянальнасці, розуму і адказнасці;
  • пісьменнасць, звязаная зноў жа з развіццём індустрыі і тэхналогій, а таксама з дэмакратычнымі інстытутамі як механізмамі рэалізацыі правоў грамадзяніна і чалавека.

Прыведзеныя гістарычныя «экскурсы» не прэтэндуюць на нейкую паглыбленасць і грунтоўнасць самі па сабе. Іхняя мэта паказаць, ці даць штуршок да разумення, што пры разабранасці на розныя працэсы цэласнасць адукацыі ў пэўны час «збірае» гэтыя падпрацэсы ў тугі комплекс. І гэта азначае, што калі ў розных падпрацэсах будзе транслявацца змест з розных эпох і адукацыйных цэласнасцей (і пры гэтым не будзе магчымасці асэнсаванага разумення, што да чаго адносіцца), то абавязкова на ўзроўні асобнага чалавека і, шырэй, грамадства мы будзем атрымліваць збоі ў адукацыі.

І такога кшталту збоі мы назіраем у сучаснай адукацыі. Трэба яшчэ дадаць, што звычайна гэтыя праблемы праяўляюцца ў масавай адукацыі, якая тэхналагічна арганізавана, эгалітарная па сваёй сутнасці і выконвае функцыю ўзнаўлення грамадства, гаспадаркі і трансляцыі культуры. Што тычыцца адукацыі для вузкіх сацыяльных ці прафесійных груп, то яна часцей за ўсё можа мець свой асабісты графік «крызісаў».

Сучасная адукацыя фактычна падыйшла да крызісу парадыгмы прыроднай карціны свету. І пакуль новая парадыгма не ўсталявалася (калі яна ўвогуле яшчэ можа быць як нешта пануючае). Але крызіс з’яўляецца не раптоўна. Крытыка навуковай карціны свету і стасункаў чалавека і свету ідзе даволі даўно. Інжынерная і менеджарская парадыгмы моцна паўплывалі на адукацыйныя працэсы. Такое ж «падрыўное» ўздзеянне аказалі і гуманітарныя і культурныя (мультыкультурныя) устаноўкі, развіццё правоў чалавека. Такое паступовае накапленне праблем у шырокай адукацыі, неадпаведнасць яе зместу патрэбам грамадскага, гаспадарчага і культурнага развіцця даюць падставы для пошуку новых падыходаў.

Адным з такіх яскравых хадоў якраз і з’яўляецца «кампетэнтнасны» падыход, які прэтэндуе на тое, каб быць «новым зместам адукацыі». Але калі мы больш уважліва звернемся да сутнасці кампетэнцый і гісторыі развіцця гэтага падыходу, то ўбачым, што гэтыя прэтэнзіі заўчасныя.

Кампетэнцыя — гэта, па сутнасці, найперш прававая і дзейнасная катэгорыя. Калі мы кажам пра кампетэнцыі, мы гаворым пра здольнасць скарыстаць і рэалізаваць тыя магчымасці, якія па праву належаць чалавеку ў пэўнай сітуацыі (грамадскай, культурнай, палітычнай, тэхналагічнай і г.д.). Вызначэнне шэрагу «ключавых кампетэнцый» прыйшло ў адукацыю са сферы прафесійнай дзейнасці як вызначэнне характарыстык эфектыўнага выканання любой дзейнасці (у супрацьлегласць прафесійным навыкам). Ход у бок пошуку адпаведных сучаснасці кампетэнцый, якія робяць чалавека эфектыўным у стасунках са светам і грамадствам, гэта амаль натуральная рэакцыя на тое, што чалавек — вынік мінулай адукацыйнай парадыгмы — не эфектыўны, не можа ўпісацца ў новыя стасункі, выкарыстаць усе магчымасці, правы і рэалізаваць свае патрэбы.

Ход у гэты бок быў падтрыманы разуменнем высокага тэмпу зменлівасці прафесій, культур, сацыяльных статусаў, якія пастаянна патрабуюць ад чалавека здольнасці быць уключаным і актуальным. І мы можам зараз назіраць інтэнсіўны пошук і ўсталяванне пэўнага набору кампетэнцый, якія б дазволілі чалавеку быць эфектыўным не толькі прафесійна, але і культурна, палітычна, гуманітарна і г.д.

Дык чаму мы не можам прызнаць, што кампетэнцыі і ёсць новы змест адукацыі? Вярнуўшыся да «раскладкі на падпрацэсы», мы ўбачым, што кампетэнтнасны ход — гэта перанакіраванне ўвагі як да больш актуальнага, бачнага і патрабуючага змен зместу падпрацэсаў «пісьменнасці» і «падрыхтоўкі». І цяпер, калі мы фіксуем высокую нявызначанасць і хуткасць эканамічных, бізнесовых і гаспадарчых укладаў, справа ўжо не за падрыхтоўкай да адной прафесіі і да аднаго месца ў сацыяльнай і эканамічнай структуры, а да пэўнай колькасці месцаў — метапрафісійныя кампетэнцыі. Але гэта па-ранейшаму ў межах падрыхтоўкі і пісьменнасці. І менавіта ў гэтым накірунку мы назіраем асноўны прагрэс у пабудове адукацыйных працэсаў.

Пры гэтым па-за ўвагай (а можа нават і ў адмысловым замоўчванні) знаходзяцца падпрацэсы адукацыі, навучання і выхавання. З аднаго боку, крытыка і рэфлексія натуралістычнага падыходу і мадэрных установак не даюць магчымасці вяртацца да абмеркавання «пануючай карціны свету» і вобразу чалавека (у выхаванні). Сусвет ведаў, не абцяжараных нейкай карцінай свету, расце ў геаметрычнай прагрэсіі і да яго даўно перасталі ставіцца як да чагосьці самакаштоўнага. Але і навукі па здабыццю веды моцна праблематызуюцца з крытыкай навуковага падыходу.

Такім чынам, апераджальнае развіццё і напрацоўка зместу ў «падрыхтоўцы і пісьменнасці» і заняпад у развіцці зместу адукацыі трох іншых працэсаў стварае праблемную сітуацыю. У чым яе праблемнасць? Можа так і трэба, адкінуць як непатрэбнае адукацыю, навучанне і выхаванне і засяродзіцца на тым, каб даваць чалавеку інструменты і магчымасці ў актуальнай арыентацыі і эфектыўнай рэалізацыі ў пэўных сацыяльных і дзейнасных пазіцыях?

Але яны проста так не адкідаюцца, а па-ранейшаму складаюць значную частку адукацыйнага працэсу. Які змест перадаецца ў гэтым працэсе? Не быўшы грунтоўна пераасэнсаваным, ён па-ранейшаму прывязаны да анталогіі прыроды і стасункаў чалавека і прыроды. І гэтая анталогія і карціна свету ніяк не стасуецца са светам кампетэнцый эфектыўнасці, дзе працоўнымі анталогіямі з’яўляюцца дзейнасць, камунікацыя, Іншы і г.д. Анталогія прыроды і пабудаваны на ёй працэс адукацыі не даюць магчымасці ані збіраць у цэласнасць шырокую плынь ведаў, ані даваць інтэлектуальныя інструменты для крытыкі і рэфлексіі тых разнастайных культурных норм, што транслююцца ў працэсах выхавання, ані даваць магчымасць для пабудовы рэфлексіі таго досведу, што атрымлівае чалавек у сваім эфектыўным сацыяльным і прафесійным жыцці (калі ён валодае неабходнымі кампетэнцыямі).

Для нагляднасці і зразумеласці звядзем у адну табліцу тры розныя эпохі і парадыгмы, у якіх змест адукацыі сутнасна адрозніваецца.

Падпрацэсы адукацыі

Змест адукацыі

Парадыгма Бога і стварэння

Парадыгма прыроды

Парадыгма дзейнасці*

Адукацыя

Бог і стварэнне

Прырода, чалавек як частка прыроды, чалавек як майстра ў прыродзе

(?) Свет як дзейнасць, карціны свету як тое, што чалавек стварае сам і ў камунікацыі

Навучанне

Прыпавесці, гісторыя народа і царквы, пабудова Града Зямнога і г.д.

Веды пра розныя бакі рэальнасці і навыкі здабыцця веды. Навуковыя прадметы і дысцыпліны

(?) Метады і падыходы працы са светам і чалавекам (змястоўна-генетычная логіка)

Выхаванне

10 запаветаў і прыклады, узоры

Рацыянальнасць, узор чалавека як найлепшага стварэння прыроды. Чалавек пазнання і дзейнасці

(?) Чалавек самавызначаны, індывідуальнасць

Падрыхтоўка

Падрыхтоўка да выратавання

Навыкі і ўменні прафесійнай дзейнасці ў межах індустрыяльнага грамадства

Кампетэнцыі: самаарганізацыя, камунікацыя, крытычнасць, прыняццё рашэнняў і г.д.

Пісьменнасць

Рытуалы ды інш. дзеянні, што забяспечваюць уключанасць у грамадства і стасункі з Богам (напрыкла, дчытанне для пратэстантаў)

Грамадзянскія, сацыяльныя і культурныя кампетэнцыі ў межах індустрыяльнага і мадэрнага грамадства і нацыі (мовы, чытанне, грамадзянскія правы і г.д.)

* Наступную адукацыйную парадыгму і эпоху мы называем «дзейнаснай», маючы на ўвазе, найперш, што свет прадстаўлены ў ёй не як дадзены існуючым, а як той, што будуецца праз чалавечую інтэлектуальную і матэрыяльную дзейнасць.

Пакуль на дадзеныя змястоўныя адказы на пытальнікі ў адпаведных месцах адзіным кіруючым механізмам зборкі чалавека і ягоных стасункаў са светам з’яўляецца досвед, які ён атрымлівае ў сацыяльных сітуацыях, і тым больш, чым лепш валодае кампетэнцыямі стасункаў. Але кампетенцыі — як здольнасць чытання — не даюць магчымасці рэфлексіі, зборкі і сістэматызацыі досведу. Тады адукацыя становіцца такім «снежным камяком», які наліпае на чалавека і дазваляе яму «таўсцець» у сваіх кампетэнцыях, але не дазваляе паглядзець на тое снежнае поле, па якому ён коціцца.

Што замінае даць адказы на тыя пытальнікі, што пазначыныя ў табліцы? З аднаго боку, пэўныя адказы на іх ужо сфармуляваныя ў межах дзейнаснага падыходу. Прынамсі, анталогія дзейнасці (у больш прадвінутым варыянце мыследзейнасці) як базавая і гранічная даўно выкарыстоўваецца ў арганізацыі і мыслення, і практыкі. Але калі мы кажам пра адукацыйныя працэсы, то яшчэ патрабуецца праца, каб зрабіць пераход кшталту таго, што быў зроблены ад навуковых дысцыплін да дысцыплін навучальных (як кажуць, гэта дзве вялікія розьніцы). Шэраг крокаў у гэты бок ужо ёсць — гэта, напрыклад, вызначэнне такіх «метапрадметаў», як «праблема», «задача», «знак», «веда», «рамка» і г.д. Комплекс метапрадметаў можа выступаць зместам адукацыі, то бок інструментам для зборкі карціны свету, разам са схемамі для працы са зместам. Але гэтыя «навучальныя прадметы» яшчэ патрабуюць сваёй дапрацоўкі і, галоўнае, пошуку спосабаў перадачы і засваення. Інакш, калі спрабаваць выкладаць іх у старых тэхніках, яны выглядаюць і застаюцца залішне абстрактнымі і непрацоўнымі.

Разумеючы гэтаю праблему, можна рухацца іншым шляхам. Спрабаваць выбудоўваць новы змест адукацыі і арганізацыю адукацыйнага працэсу не адразу для «масавага чалавека», а для пэўных сфер, якія сёння найбольш прыдатныя і найперш патрабуюць новай адукацыі. Такімі сферамі з’яўляюцца: педагогіка, бізнес і кіраванне, палітыка і г.д. Таксама можна вызначацца па шэрагу аб’ектаў, праца з якімі таксама патрабуе зборкі разрозненых кампанентаў карціны свету, ведаў, навыкаў і досведу. Напрыклад, гэта такія аб’екты, як «горад» ці «клімат». Паступовае фармаванне новых адукацыйных праграм у гэтых сферах — гэта часовае, этапнае рашэнне. Але яно можа прывесці да таго, каб вынайсці і больш агульны, прыдатны для шырокага распаўсюду змест адукацыі ва ўсіх пяці падпрацэсах.

Тэкст упершыню быў апублікаваны на сайце Лятучага ўніверсітэта


Другие публикации