Чаму нас няма на культурнай мапе Еўропы? (Фота і відэа)

04.08.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

Дзе жывуць беларусы? Унутры Барбі, у чорнай дзюрке ці наўпрост ў шызафрэніі? І чаму мяжа з Літвой дае палёгку нашай клаўстрафобіі?

Дыскусія «Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь?..» з удзелам вядомых філосафаў і культуролагаў адбылася днямі ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» у Мінску. Інтэлектуальная імпрэза ладзілся ў межах выставы старажытных геаграфічных мапаў Вялікага княства Літоўскага, якая працягнецца да 31 жніўня.

Дыскусія скіроўвае нас да праблемы незавершанасці этнакультурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, кажуць арганізатары мерапрыемства, сярод якіх: Беларуская філасофская прастора, Лятучы ўніверсітэт і выдавецтва «Эканомпрэс».

Злева — направа: Аляксандр Сарна, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Міхал Анемпадыстаў, Павел Баркоўскі

Каб прэтэнзіі да суседзяў не выліліся ў суперпраект Трэцяга рэйху

Вядучы дыскусіі — філосаф Павел Баркоўскі:

— Мапы — адмысловая нагода для людзей, каб суаднесціся, пабачыць, дзе мы, а дзе іншыя, пабачыць свае межы. І так атрымліваецца, што Вялікае княства Літоўскае для нас — гэта дасюль досыць спрэчнае, але вельмі цікавае і ганаровае поле. З аднаго боку, мы можам уяўляць сабе яго нашчадкамі, з іншага — добра разумеем, што сённяшняя Беларусь — зусім не Вялікае княства Літоўскае.

Этнічны нацыяналізм XX стагоддзя сцвярджаў: краіна там, дзе жывуць носьбіты этнаса. Але такі падыход нам даў вельмі шмат не зусім трапных выпадкаў. Напрыклад, калі абвяшчалася Вялікая Германія, у межах якой павінны былі сабрацца ўсе немцы, такі суперпраекту Трэцяга рэйху. Ёсць і няўдалы прыклад спробы стварэння Вялікай Сербіі.

Беларусы таксама маглі б прад’яўляць прэтэнзіі да суседзей, фактычна, да ўсіх. Гістарычна склалася так, што шмат земляў, на якіх жылі этнічныя беларусы, зараз належаць іншым краінам. І калі зараз нам пачынаць разважаць пра Вялікую Беларусь і неабходнасць ізноў распрасцерці яе ад мора да мора, відаць, гэты шлях вёў бы нас па рэйках папярэднікаў.

Я бы хацеў бы спытаць у дыскутантаў: а як вы бачыце Беларусь сёння? Чым яна вызначаецца: носьбітамі мовы, нейкімі гістарычнымі межамі?

Саромеемся мовы, падаравалі герб

Багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая:

— Вельмі многія сумленные беларусы, якія штосьці даследуюць, сутыкнуліся з гэтым пытаннем пры кантактах з замежнікамі. Большасць замежнікаў пра Беларусь, калі чулі, то цьмяна альбо не чулі зусім. І калі хочуць даведацца, то сур’ёзна пытаюцца: дзе межы Беларусі?

А як адказаць на пытанне пра межы Беларусі? Сумленны беларус адразу разгубліваецца, кажа: ну, межы Беларусі цяпер не зусім супадаюць з яе гістарычнымі межамі... Замежнікі пытаюцца: добра, а якая ў вас сімволіка? Сумленны беларус у тупіку: ну, у нас такі старажытны герб «Пагоня», але зараз ён — герб іншай дзяржавы, а сцяг — бел-чырвона-белага колеру, але цяпер ужываецца іншая сімволіка, якая была прынятая за Саветамі.

А якая ў вас сталіца? — пытаюцца замежнікі. Ну, Мінск, але насамрэч ён называецца Менск, але насамрэч старая сталіца — Вільня, але цяпер гэта сталіца іншай дзяржавы.

Тады ў замежніка зусім мазгі закручваюцца, ён пытаецца: а якая ў вас мова? Сумленны беларус ахвотна і радасна кажа: беларуская! Але, паколькі ён сумленны, дадае: але беларусы на ёй практычна не размаўляюць, а гавораць на мове суседняй дзяржавы.

І замежнік кажа: дык, а што гэта за краіна такая?! Такая сітуацыя ці наўрад можа ўзнікнуць у якой іншай краіне. Беларусь — нейкая лялечка, цацачка ў свеце, якая можа вось так пра сябе казаць. За што не зачапіся, нават за элементарныя дзяржаўныя атрыбуты, усё блытаецца, расплываецца. Ігар Бабкоў казаў пра Космас і Хаас, дык, сапраўды, Хаас наступае, і дзе абрысы Космасу? Як іх вызначыць?

У вершы Зніча, паводле радка якога названая нашая дыскусія, выснова такая: «Там павольна плыве Беларусь / Дзе зліваюцца сум і сумленне / Дзе адвечнае супраціўленне / Дзе шляхотны мужык Кастусь». Ён шукае Беларусь, якая плыве ў Сусвеце і мае нейкія каштоўнасці, герояў, персанажаў. Можа, сапраўды, у гэтым мажліва рабіць першы крок да пачатку гэтага пошуку: а што ёсць сучасная Беларусь апроч выразнай дзяржаўнай палітыкі ці паралельнай палітыкі?

Мы апынуліся ў сітуацыі, якая нагадвае выставу мапаў — на ёй, напрыклад, можна пабачыць, як мяняюцца памеры Беларусі ў параўнанні з суседнімі Польшчай і Масковіяй: вялізарнае Вялікае княства Літоўскае і маленечкія Каралеўства Польскае і Масковія на адных мапах, а на іншых — наадварот, мяняюцца абрысы. Мы ў сітуацыі акрэслення абрысаў: дзе мы, і хто мы?

Чорная дзюрка на ментальнай мапе еўрапейцаў

Філосаф і літаратар Ігар Бабкоў:

— Адучуванне сябе ў Сусвеце ў беларусаў досыць парадаксальнае. Беларусы, як ніводная нацыя, адчуваюць тэрыторыю, прывязаныя да яе і маюць надзвычай моцнае пачуцце тутэйшасці. Пра гэтае сведчыць тая шчыльнасць, з якой беларуская тэрыторыя названая — не проста гарады, рэкі, урочышчы, мястэчкі, а нават асобныя месцы ў нейкіх зонах маюць свае назвы. Беларусы вельмі даўно, інтэнсіўна і сімвалічна прысвойвалі гэтую тэрыторыю, і самі прысвойваліся гэтай тэрыторыі.

Больш за тое, межы самой тэрыторыі ўстойлівыя і не змяняліся практычна стагоддзі. Заўважце, межы з Польшчай і часткова з Украінай — па-сутнасці, гэта межы Вялікага княства Літоўскага і Кароны, тыя ж самыя рэчпаспалітаўскія межы. А межы з нашым усходнім суседам, паводле легендаў, бачны нават з космасу — засеяныя тэрыторыі, пасля якіх пачынаюцца пушчы. Гэта жарт, але ты не менш. Мяжа на ўсходзе кажа не пра этнічнасць, а пра прысвоенасць тэрыторыі.

Найбольш хісткая мяжа, канешне, на поўначы. Але вось гэтая адкрытасць у Балтыю, у Літву — якраз тое, што нас робіць крышачку менш клаўстрафобамі. Без гэтага мы занадта былі б уціснутыя ў сваю тэрыторыю. А так мы заўсёды гатовыя прыгадаць балцкі субстрат, балцкія карані і радасна паехаць у Вільню, у «Акропаліс», размаўляючы пра нашую супольную старажытную гісторыю. Я да таго, што, з аднаго боку, яснасць і ўстойлівасць геаграфічнага і геасімвалічнага самаразумення беларусаў.

Але, з іншага боку, і тут пачынаецца сапраўдная шызафрэнія — геагафія ў традыцыйным разуменні скончылася ў XIX стагоддзі. Зямля апісаная, размаляваная, мапы выдадзеныя. І тое, што развіваецца ў XX стагоддзі, ужо называецца «ментальная геаграфія» — не столькі рэальнасць, якую апісваюць географы, колькі нашая свядомасць, якая ўвесь час перабудоўвае гэтыя мапы ў адпаведнасці з кожнай новай гістарычнай эпохай і сітуацыяй.

Вось тут мы трапляем у нашую беларускую шызафрэнію, хаця самі выдатна разумеем, дзе знаходзімся. Ведаем, чым адрозніваецца Мір ад Навагрудка, Глыбокае ад Барысава, але, калі браць месца Беларусі на ментальнай мапе еўрапейскай культуры, то гэтае месца можам назваць чыстай абсурднасцю. Няма такога месца. З гэтым мы сутыкаемся і на канферэнцыях, і на сустрэчах з сябрамі.

І гэта не просто такая еўрапейская ігнаранцыя. Ясна, ніхто не абавязаны пасля 25 гадоў памятаць, дзе знаходзіцца Балівія, і ці яна мяжуе з Перу, звычайна мы забываем гэта пасля школы. І патрабаваць ад усіх астатніх, каб яны памяталі штосьці пра нас, таксама замнога. Тым не менш, у культурных еўрапейцаў — немцаў, асабліва ў французаў, у меньшай ступні ў брытанцаў (яны больш нейтральныя) — замест Беларусі на мапе існуе чорная дзюрка, дзе нічога не існуе.

Гэта самае дзіўнае, цікавае і правакатыўнае для беларускіх інтэлектуалаў. Якім чынам паўстае чорная дзюрка? Як мы можам дэканструяваць тыя стратэгіі, у выніку якіх мы сталі гэтай чорнай дзюркай? Я не кажу пра аўтарытарызм, пра «крывавы рэжым» — з гэтым ўсе ясна. Дзюрка паўстала значна раней, і аўтарытарызм хутчэй — у пэўным сэнсе адказ на нашую адсутнасць на культурнай мапе.

Забудзем пра постмадэрнізм і культурныя гульні! Нас з вамі няма на культурнай мапе Еўропы. І што рабіць з гэтым «няма» — і ёсць, як мне падаецца, асноўнае пытанне. Можна радавацца, як Акудовіч, але яго тут зараз няма. А тыя, хто засталіся, мусяць нешта прыдумаць.

Беларуская мяжа — інтымная і несапраўдная

Дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў:

— Звярніце ўвагу, што на выставе шмат мапаў Вялікага княства Літоўскага, дзе не пазначаны межы. Гэта важна, бо якраз культура ВКЛ і самаідэнтыфікацыя людзей, якія жылі ў ім (а мы іхнія нашчадкі) панятка «мяжы» ў сучасным разуменні, на маю думку, тады яшчэ не існавала. Дакладна вызначаныя межы з’яўляюцца на мапах XVIII стагоддзя, калі паўстаюць вялікія дзяржавы, якія дзеляць паміж сабой Рэч Паспалітую, нас ўжо ў гэтым працэсе няма.

Таму панятка «мяжа» няма ў падмурку нашай нацыянальнай свядомасці, нашага светопогляду. Мне здаецца, гэта вельмі важна.

Нашая беларуская мяжа вельмі імтымная і нават несапраўдная. Не хачу казаць безапеляцыйна, але я не ведаю ні ў нашым песенным фальклоры, ні ў казках, ні ў літаратурных тэкстах ніводнага твора часоў Вялікага княства Літоўскага, які б казаў дакладна пра мяжу не толькі як пра геаграфічны панятак, а палітычны, адміністратыўны.

Зразумела, чаму гэтыя межы былі неакрэсленыя: на поўдні жылі татары, і там мяжа была празрыстая на сотні кіламетраў. Іхнія «рэйды» ажыццяўляліся з Крыма на беларускае Палессе і яшчэ далей, якая мяжа магла быць? Была зона дыфузіі, пранікнення. З Расеей таксама падобная сітуацыя: былі вёскі панцырных баяраў, якія жылі на памежных тэрыторыях. Памежжа было закладзена ў нашую свядомасць, а мяжа — гэта не нашае.

Дакладныя межы паўсталі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай. Пазней пачаўся адваротны працэс — стварэнне БНР і шматлікіх БССРаў, якія па кавалачку вярталі нам межы. Нашая заходняя мяжа супадала з мяжой СССР, і культ мяжы, рубежжа, таго, што далей нічога няма — навязаная мадэль разумення тэрыторыі і прасторы. Сыходзячы з гэтага, мне здаецца, адказваючы на пытанне дыскусіі «Дзе межы Беларусі?», я б казаў: «Яны ў галовах».

А дзе яны пралягаюць ў галовах — ужо другое пытанне. І пакуль мы не адкажам сабе на пытанне «Дзе мяжа Беларусі, якая пралягае ў нашых галовах?», мы будзем адсутнічаць на мапе культурнай Еўропы, будзем дзюркай.

Чаму беларускія экс-чыноўнікі спрабуюць цэнзураваць публічныя дыскусіі замест таго, каб паслаць з культурніцкай місіяй у Парыж беларускіх «астранаўтаў» Бабкова і Анемпадыстава? І што агульнага паміж беларусам і сталкерам братоў Стругацкіх? Чытайце — тут.

Праграму працы выставы і дыскусіяў у яе межах можна знайсці тут.

Відэазапіс публічнай дыскусіі:


Другие публикации