Стракатая сітуацыя вакол гістарычнай картаграфіі Беларусі (Фота і відэа)

14.08.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

Якая з беларускіх энцыклапедый апынулася бомбай і знесла мазгі літоўскім гісторыкам? Што замаўляюць нашым навукоўцам цягаць у Варшаву і Вільню? І за якую памылку яны пасыпаюць голавы попелам?

Дыскусія «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння» адбылася ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» у Мінску 13 жніўня.

Інтэлектуальная імпрэза з удзелам вядомых беларускіх гісторыкаў ладзілся ў межах выставы старажытных геаграфічных мапаў Вялікага княства Літоўскага пры дапамозе Лятучага ўніверсітэта, Беларускай філасофскай прасторы і Выдавецтва «Эканомпрэс».

Наведвальнікаў выставы чакаў сюрпрыз: менавіта ў гэты дзень часова дэманстраваліся рэдкія арыгіналы старажытных мапаў з прыватных калекцый. Таму пытанняў для амеркавання на дыскусіі з’явілася яшчэ больш.

Ці існуе беларуская картаграфія як дысцыпліна? Чаму адны яе бачаць, а іншыя — не? На гэтыя пытанні пашукаем адказы разам з дыскутантамі.

Злева — направа: Павел Баркоўскі, Эдуард Куфцерын, Алег Дзярновіч, Алесь Белы

Мадэратар дыскусіі, філосаф Павел Баркоўскі:

— Аўтар ідэі гэтай выставы Эдуард Куфцерын мае досыць радыкальны тэзіс: беларуская гістарычная картаграфія фактычна не існуе. Хацелася б атрымаць каментар, чаму ён так лічыць.

Арганізатар выставы, дырэктар Выдавецтва «Эканомпрэс» Эдуард Куфцерын:

— У першую чаргу, гэта звязана з наступным: калі рыхтаваўся матэрыял для выставы, я сутыкнуўся з тым, што пра мапы мажліва знайсці толькі нейкія фрагменты, асобныя элементы, якімі карыстаюцца гісторыкі ў сваіх працах. Кожны з гісторыкаў апеліруе да мапаў, але ніколі мапы не выступалі ў якасці самога прадмета даследвання, а былі толькі малюнкамі да яго.

Гістарычная картаграфія разглядае мапу як артэфакт, а гістарычны фон — яе малюнак, зусім мяняецца падыход да мапы. Менавіта гэткай гістарычнай картаграфіі ў Беларусі няма, за выключэннем таго, што ёй займаюцца асобныя гісторыкі, якія ведаюць, дзе шукаць.

Для масавага чытача гэты матэрыял фактычна недасягальны. Гэта я і маю на ўвазе, калі кажу пра адсутнасць гістарычнай картаграфіі ў нашай краіне. Яна робіць толькі першыя крокі. І я спадзяюся, што гэтая выстава ў нейкім плане падштурхне яе развіццё.

Мапы-артэфакты маюць для Беларусі вялізарнае значэнне, бо іхні візуальны эфект — гэта не толькі эстэтычны і культурны складнікі, а каштоўны пласт інфармацыі для масавага гледача.

Гісторык, публіцыст, культуролаг, доктар гуманітарных навук Алесь Белы:

— У асноўным, я згодны з меркаваннем Эдуарда. У Беларусі няма такой дысцыпліны, як гістарычная картаграфія. І без мэтанакіраваных высілкаў акадэмічнага асяроддзя, дзяржаўных рэгулюючых органаў — «Белкартаграфіі» і г.д. — немагчыма стварыць гэтую дысцыпліну.

Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч:

— Вазьму на сябе смеласць запярэчыць гэтаму меркаванню. Я нават лічу, што гістарычная картаграфія — адна з нешматлікіх дысцыплін у беларускай гісторыяграфіі апошняга двадцацігоддзя, што мела якраз рэальны поспех, развіццё, якога не дасягнулі нашыя суседзі — краіны-нашчадкі Вялікага княста Літоўскага.

Ніхто не мае такіх фундаментальных праектаў як «Вялікі гістарычны атлас Беларусі». Ведаеце, у нас было некалькі праектаў-раздражняльнікаў, якія прымушалі нашых літоўскіх калег разважаць... Напрыклад, «Энцыклапедыя ВКЛ» — проста бомба! Яна знесла мазгі літоўскім гісторыкам.

А калі пачаў выходзіць «Вялікі гістарычны атлас Беларусі», то, слухайце, калі ж мяне ўжо пашкадуюць? Стаміўся чарговы раз набываць цяжкі том і цягаць у Вільню ці ў Варшаву, бо замова за замовай!

Я разумею, Эдуард чакае інтэрпрэтацыі, новыя звесткі пра асэнсаванне тых старадаўніх мапаў, якія ствараліся на працягу тысячагоддзяў. А там, ведаеце, ёсць дзве дысцыпліны: археаграфія і гістарычная картаграфія, адносіны паміж якімі напружаныя, бо яны змагаюцца за кропкі і міліметры.

Дык вось старыя мапы — ну, можа быць... Яны ў нас не тое, каб асэнсаваныя і не ўведзеныя ва ўжытак, а знаходзяцца ў досыць сярэднім, звыклым узроўні для нашага рэгіёну Еўропы.

Напрыклад, у Польшчы была вялікая традыцыя гістарычнай картаграфіі, але ўжо сталы чалавек Станіслаў Аляксандровіч паступова адыходзіць ад справаў, і, наколькі я ведаю, ніхто ў Торуні не працягвае ягоную дзейнасць у гэтым кірунку.

Гэта толькі адна частка гістарычнай картаграфіі — вывучэнне старых мапаў. Ёсць іншы бок — стварэнне новых навуковых мапаў. І гэтая дзейнасць можа адбывацца толькі на вельмі сур’ёзным падмурку сацыяльных, палітычных, культурных даследванняў.

На выставе ёсць мапы размеркавання па канфесіях рэгіёнаў, ёсць вельмі важная для сацыяльных гісторыкаў мапа ўладанняў, якая распавядае, якім родам належылі тыя ці іншыя латыфундыі.

Хіба ўсіх нашых праектаў тое, што яны канцэнтруюцца на тэрыторыі Беларусі. Праз гэта мы не можам разглядаць Вялікае княства Літоўскае як цэльны, непарыўны феномен. І абрываць яго на тэрыторыі адміністратыўных межаў, якія ўзніклі толькі ў другой палове XX стагоддзя?..

Пасыплем голаву попелам. Можа, мы не дастаткова належным чынам і настойліва вывучалі старыя мапы ў сэнсе іх крыніцазнаўчых апісанняў, як і сувязі паміж рознымі традыцыямі гэтых мапаў...

І, па-другое, што тычыцца стварэння сучасных навуковых мапаў: я лічу, што беларуская картаграфія — адна з лідараў, мае сур’ёзную адміністрацыйную і фінансавую падтрымку. Так што сітуацыя стракатая. І ёсць нейкія дасягненні.

Ці ёсць у суседзяў Беларусі ўзорныя школы гістарычнай картаграфіі? Чаму назва нашай краіны выклікае спрэчкі? Дзе падзеўся беларускі антыкварыят і якую небяспеку бачаць навукоўцы ва ўздзеянні мапаў на падсвядомасць чалавека? Пра гэтае — працяг дыскусіі.

Відэазапіс публічнай дыскусіі:


Другие публикации