Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Дарота Міхалюк: У час вайны, у Вільні, у беларускіх дзеячоў з’явіліся канцэпцыі новай дзяржавы (Фота і відэа)
«Чатыры ўрады БНР у 1918-1920 гадах» — публічная лекцыя з такой назвай сабрала слухачоў у сталічнай Галерэі «Ў» 13 лістапада.
Лекцыя адбылася ў межах цыкла «Urbi et Orbi», які ладзяць Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.
Ці маглі ўрады БНР разлічваць на міжнароднае прызнанне? Хто падтрымаў БНР? Якую палітыку праводзіў кожны з чатырох урадаў БНР і якія поспехі і паразы мелі месца ў іх дзейнасці? І, нарэшцэ, чаму разрозненасць і ўнутраныя канфлікты ў нацыянальным беларускім руху сталі для дзеячоў шляхам да Курапат?
Пра кароткі лёс чатырох урадаў распавяла доктар хабілітаваны (Dr. hab.) Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, рэдактар часопіса «Białoruskie Zeszyty Historyczne», аўтар кнігі «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», гісторык Дарота Міхалюк, якая лічыць БНР спробай утварэння дзяржавы.
— Я хачу распавесці вам пра беларускую дзяржаўную ідэю ў час Першай сусветнай вайны, пра чатыры ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і сканцэнтраваць увагу на замежных справах, а таксама сказаць некалькі слоў пра межы БНР, якія фармаваліся ў 1918-1919 годзе.
З 1915 і да 1918 года ўсходняя і заходняя часткі Беларусі былі занятыя немцамі і называліся па-рознаму. Улетку 1915 года расійскія ўлады сабралі кампанію па эвакуацыі часткі насельніцтва ў выпадку захопу земляў немцамі — з тым, каб яны не патрапілі да ворага. У гэтым таксама прымала ўдзел праваслаўнае духавенства.
Паколькі сярод бежанцаў было мала каталікоў, а жыдам улады не спрыялі з пераездам, то ў дэмаграфіі краіны адбыліся змены. І гэта асабліва датычыцца Гарадзеншчыны і Віленшчыны. Беларускія каталікі засталіся, таму былі адрэзаныя ад сваёй, беларускай грамады, і трапілі пад уплыў ідэй польскага нацыянальнага руху.
Канцэнтрацыя беларусаў у заходняй частцы краіны была значна зніжаная, што негатыўна паўплывала на развіццё беларускага нацыянальнага руху.
У час вайны на нямецкім баку, у Вільні, у беларускіх дзеячоў з’явіліся розныя канцэпцыі па стварэнні на занятых землях новай дзяржавы.
Першая канцэпцыя была сфармавана ў 1915 годзе, калі была створана палітычная арганізацыя «Беларускі нацыянальны камітэт» як каардынацыйны орган для беларускіх арганізацый. Ім кіраваў Антон Луцкевіч.
Браты Антон і Іван Луцкевічы былі прыхільнікамі традыцыі краёвай і адначасова намагаліся працягваць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых нацыянальных рухаў на гэтых землях. У лютым 1916 года Луцкевічы апублікавалі акт канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, ідэю яго адраджэння на беларуска-літоўскіх землях.
Браты Луцкевічы лічылі, што ў выпадку перамогі Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны польскія, беларуска-літоўскія і балтыйскія землі адыйдуць ад Расіі і створаць некалькі асобных палітычных адзінак. Аднак ініцыятыва Луцкевічаў правалілася, бо не атрымала належнай падтрымкі.
Яны прапанавалі іншы праект: зноў стварэнне аб’яднаных дзяржаў, куды б увайшлі Беларусь, Літва, Латвія і Украіна. Звяртаю ўвагу, што ні Польша і ні Расія.
У 1917 годзе з’явілася трэцяя па ліку канцэпцыя, якую можна назваць беларускай нацыянальнай канцэпцыяй. Гэта было аб’яднанне ўсіх геаграфічных беларускіх земляў з абодвух бакоў нямецка-расійскага фронту ў асобную палітычную адзінку. Гэтую канцэпцыю развівалі Вацлаў Ластоўскі, Вінцэнт Святаполк-Мірскі, Казімір Шафнагель і інш. «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» — так называлася арганізацыя, якая дзейнічала ў Вільні ў 1916 годзе.
Тым не менш, на канферэнцыі ў Вільні 1917 года яна саступіла альтэрнатыўнаму праекту — стварэнню супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы, якая складалася з двух падзеляных тэрыторый. Новая думка канцэпцыі — жаданне ўключыць у склад гэтай дзяржавы ўсе беларускія землі, што ляжалі на ўсход ад лініі фронту. Вынік канферэнцыі — стварэнне Віленскай Беларускай Рады на чале з Антонам Луцкевічам. Яе задачай было абараняць беларускія інтарэсы перад нямецкай уладай і каардынаваць нацыянальную дзейнасць пад нямецкай акупацыяй.
Сітуацыя на ўсход ад Вільні была нашмат горшай. Тут расійскія ўлады пераўтварылі ўсходнюю і цэнтральную часткі Беларусі ў расійскі нацыянальны лагер, дзе беларуская нацыянальная дзейнасць была забаронена.
Сход беларускіх арганізацый вясной 1917-га заснаваў Беларускі Нацыянальны камітэт, а на чале стаў краёвец, дэпутат расійскай Думы Раман Скірмунт, роднымі культурамі якога адначасова былі польская і беларуская. Ён імкнуўся кансалідаваць беларускія арганізацыі і аднавіць праграму стварэння беларускай дзяржавы. Але ён не атрымаў значнай падтрымкі, бо не намагаўся прывязаць праект дзяржаўнасці да славянскіх праграм, якія б мелі ўплыў на беларускіх сацыялістаў. Апошнія абвінавацілі яго ў патуранні польскім інтарэсам, і ў ліпені 1917-га Скірмунта знялі з пасады.
Замест гэтага была створана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый і партый.
У снежні 1917 года ў Мінску сабраўся Першы Усебеларускі кангрэс. У палітычным сэнсе большасць дэлегатаў былі прадстаўнікамі менавіта гэтага актыву беларускага нацынальнага руху. На гэтым сходзе былі сфармаваныя чатыры розныя варыянты будучай палітычнай арганізацыі Беларусі.
У адным было — аб’яднаць усе беларускія землі ў адну вобласць Расіі. У другім — стварыць аўтаномію са сваёй адміністрацыяй. У трэцім — абвясціць Беларускую Рэспубліку, якая б існавала ў шчыльнай федэрацыі з Расіяй. Апошнім прапанаваным шляхам для Беларусі было поўнае зліццё з Расіяй. Як бачыце, ніводны з варыянтаў не падняў пытанне пра магчымасць абвяшэчння незалежнасці Беларусі і поўнага выхаду з-пад расійскага кантролю. Хаця ва ўспамінах — другое: маўляў, хацелі, але гэтага не зрабілі...
Першым урадам, які выступіў ад імя беларускага народа, быў Беларускі Народны Сакратарыят, на чале якога стаяў Язэп Варонка.
З-за нямецка-расійскай вайны толькі 9 сакавіка 1918 года беларускія палітычныя эліты выдалі Другую грамату, якая абвяшчала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. 23 сакавіка ў Мінск прыехала дэлегацыя Віленскай Беларускай Рады на чале з братамі Луцкевічамі, каб умацаваць сілы незалежнасці. 25 сакавіка большасцю галасоў была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, якую можна лічыць дэкларацыяй незалежнасці.
Было рашэнне разарваць сувязі з Расіяй.
Працяг лекцыі польскага гісторыка глядзіце ў відэазапісе:
Чытайце размову з Даротай Міхалюк па тэме лекцыі, якая адбылася падчас Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, а таксама інтэрв'ю напярэдадні лекцыі.
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»