Ігар Бабкоў: Мы самі думаем пра сябе як пра маленькіх і нікому не патрэбных (Фота і відэа)

17.10.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота Лятучага ўніверсітэта

У часы позняй мадэрнасці, калі адзінай легітымнай формай веды застаецца навука, шмат хто говорыць аб смерці філасофіі, аб сітуацыі «пасля філасофіі».

У межах цыклу «Галоўнае пытанне» Лятучага ўніверсітэта адбылася адкрытая лекцыя «Пасля філасофіі», якую правёў вядомы беларускі філосаф, паэт, лаўрэат прэміі Гедройца Ігар Бабкоў. Як беларускія інтэлектуалы бачаць працяг мыслення, у матэрыяле Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Філасофія — рэч, мякка кажучы, не для ўсіх. Таму вельмі здзівіла колькасць людзей — маладых людзей, — якія прыйшлі на лекцыю. Некаторым нават не хапіла месца, каб сесці.

Сам выступоўца таксама быў шчыра здзіўлены такім наплывам публікі.

«Я думаў, што сюды прыйдуць тры з паловай філосафа, мы пагаворым і разыйдземся», — прызнаўся Бабкоў. Ён запытаў, ці ёсць у зале студэнты факультэта філасофіі. У адказ узнялася некалькі рук.

І мысляр пачаў гаварыць. Прамова стала спантаннай рэфлексіяй на тэму таго, што адбывалася з ім пасля сканчэння аддзялення філасофіі. Ігар Бабкоў распавёў пра тры свае асабістыя сустрэчы з «канцом філасофіі» і паспрабаваў паразважаць: калі патрэба ў навуцы і навуковай філасофіі адышла на другі бок, што тады можа выратаваць мысленне і ісціну?

«Першы раз я сустрэў канец філасофіі ў 1985 годзе, я тады быў на 5 курсе і пісаў дыплом па позняму Гайдэгеру», — апавёў Бабкоў.

Гэта была небяспечная, крыху скандальная і нават забароненая асоба, і пра яе пяцікурснік Ігар Бабкоў збіраўся пісаць:

«Што выйдзе, я яшчэ не ведаў. Перакладаў Гайдэгера не было ніякіх, давялося вандраваць па ўсім Савецкім Саюзе, гэта былі дысідэнцкія асяродкі, якія для сябе перакладалі пэўныя тэксты. Для дыплома я сабраў набор «самвыдату».

Выпадкова цікаўны студэнт натрапіў на гайдэраўскі «Канец філасофіі», і гэты тэкст стаў для яго ўлюбёным:

«Сам тэкст быў напісаны ў 1964 годзе і зачытаны за два месяцы да майго нараджэння. Было крышачку крыўдна, што я вучуся на аддзяленні філасофіі, хачу быць філосафам, а філасофія скончылася яшчэ да майго нараджэння, — успамінаў лектар. — Гайдэгер гаворыць, што філасофія — гэта пэўны тып мыслення, які паўстае ў старых грэкаў, і калі ён мае нараджэнне, то мае і канец. Быць філосафам — гэта быць чалавекам, які думае. Але гэта спосаб думаць свет у цэлым. Бытнае — гэта пэўная форма прысутнасці быцця перад намі. Бытнае — усё, што мы бачым побач. Філасофія — спосаб мыслення, які спрабуе паставіць пытанне пра бытнае ў цэлым. Далей эстафету пераймаюць навукі».

Паводле Бабкова, канец філасофіі — гэта не раптоўнае сканчэнне, а момант поўніцы, канчатковага завяршэння філасофскага наканавання, пэўнага тыпу мыслення, і гэтым ёсць навукі. Філасофія рэалізавала сваё прызначэнне, і таму глупства — думаць пра новыя філасофскія сістэмы, гэта тупіковая перспектыва.

Выходзячы за межы гэтага, мы мусім патрапляць у іншае месца — магчыма, не філасофію. Калі мы не хочам «выскокваць» за яе межы, патрапляць у сферы літаратуры, паэзіі, то адзінае, што застаецца, — «вярнуцца» на пачатак і задаць пытанне: ці была іншая магчымасць? Ці маглі мы да Платона выбраць што-небудзь іншае? Тут пачынаецца гайдэгераўскае шаманства. Ён прапаноўвае два новыя канцэпты, каб паказаць, што мы сапраўды можам «вярнуцца» і думаць па-іншаму: гэта «прасвет» і «ісціна»:

«Давайце разам здзівімся, чаму ёсць бытнае, а не нішто? Што дазваляе яму быць? Яно ёсць тады, калі ёсць гэтая прастора, прасвет. У беларускай мове «прасвет» гаворыць пра свет не рэчыўны, пра свет у яго прасветленай глыбіні, тое, што адбываецца па-за рэчаў.

Навука працуе пераважна з рэчамі. Гэта род практычнай магіі, спроба ўлады над рэчыўным светам. А калі мы патрапляем у «прасвет», мы спрабуем адкрыцца таму, што нас можа захапіць, а не ўзяць уладу над рэчамі. Ісціна — гэта не адпаведнасць нашых уяўленняў рэальнасці, а непатаемнасць рэчаў, калі феномены расказваюць нам пра саміх сябе».

«Калі мне стала ясна, да чаго схіляе Гайдэгер, я зразумеў, што трэба бегчы з факультэта філасофіі БДУ. Там ні мыслення, ні філасофіі няма. Я вырашыў, што трэба ўцякаць у паэзію, літаратуру. Акунуўся ў багемнае літаратурнае жыццё Мінска — гэта былі «Тутэйшыя», — узгадаў Бабкоў. — У 1987 годзе я працаваў вартаўніком, у маёй працоўнай кніжцы было 10 прац, і ўсе — вартаўніцтвы. Я ўжо сыйшоў з камсамолу і быў антысаветчыкам.

Самае горшае, што я мог зрабіць, — пайсці ў аспірантуру і пісаць пра Гайдэгера дысертацыю. Каб захаваць вернасць Філасофіі з вялікай літары, усе 1990-я я блукаў па розных месцах і працаваў кім заўгодна, толькі не філосафам, і вярнуўся ў філасофію напачатку нулявых гадоў. Усе месцы былі зачыненыя, і я прыйшоў у Інстытут філасофіі, і там мяне зноў напаткаў канец філасофіі другі раз».

Тады Ігар Бабкоў захапіўся гісторыяй асветніцтва. У Віленскім універсітэце ХІХ стагоддзя сабралася вясёлая кампанія філосафаў. Вывучаючы іх дзейнасць, мысляр сутыкнуўся з парадаксальнай рэччу. Самі асветнікі называлі сябе філосафамі, але яны закрывалі кафедры філасофіі там, дзе толькі патраплялі да ўлады. Таму другая палова ХVIII стагоддзя, на думку Бабкова, — сапраўдны канец філасофіі. Усё рэфармуецца, ствараюцца новыя навукі — філосафы непатрэбны. Філасофія інстытуцыйна патрапляе ў крызу самаапраўдання: яна не можа адстаяць перад навукамі свой статус:

«Калі б не з’явіўся Кант, гэта быў бы выклік. Ён піша сваю «Крытыку чыстага розуму», і філасофія праз 15-20 гадоў становіцца «экспартным прадуктам» Нямеччыны. Немцы распачалі контррэвалюцыю філасофіі, прыдумалі для яе новае месца — універсітэт. Філасофія не проста мае права быць побач з навукамі, а яна ляжыць у аснове ўніверсітэта.

З аднаго боку, філасофія пасля Канта — бясконцыя спробы вылезці з крызісу легітымнасці. Яна нагадвае жабку, якая б’е лапкамі ў збаночку з малаком, каб проста выжыць. Але гэтыя прадукты «барахтання лапкамі» вельмі разнастайныя і цікавыя».

Пра трэці канец філасофіі, прызнаўся выступоўца, казаць найбольш складана, бо гэта тое, што адбываецца тут і цяпер, на нашых вачох:

«Калі я спрабаваў намацаць «сімптомы» і патлумачыць, чаму познемадэрнае грамадства развіталася з філасофіяй, я зразумеў, што ўніверсітэт перастаў быць домам для філасофіі.

За апошнія 5 гадоў усе, хто спрабаваў свабодна мысліць, былі звольненыя. Універсітэты пераўтварыліся ў інстытуцыі, якія прадаюць адукацыйныя паслугі. Філасофія перастала быць неабходнай у абгрунтоўваючай задачы. Яна можа выжыць, пакуль ёсць студэнты-платнікі. Але гэта ўжо не месца ў культуры і ва ўніверсітэце, а іх прыватная ініцыятыва. І я баюся, што ад гэтага канца філасофіі проста так не адмахнешся. Але можа на яго месцы паўстане нешта цікавае?..»

Такім роздумам скончылася «афіцыйная» частка лекцыі Ігара Бабкова. Аднак затым выступоўцу засыпалі пытаннямі, разгарэліся дыскусіі:

«Якая розніца паміж другім і трэцім канцамі філасофіі? А можа быць, гэта проста цыклічная крыза? Тыя ж коміксы: Супермэн — гэта ніцшэанскі звышчалавек? І калі гэтая фаза скончыцца, распачнецца новы росквіт?» — запытваліся слухачы.

«Наконт цыклічнасці, на жаль, мы гэта не можам праверыць. Што да розніцы паміж канцамі філасофіі, то пра другі з іх можна прачытаць у кніжках. Але што з намі будзе сёння — пра гэта нельга прачытаць у архівах», — адказваў мысляр.

Важная рэч, якую ён закрануў у адным з адказаў: адрозненне беларускай філасофіі — хіба ў тым, што мы самі думаем пра сябе як пра маленькіх і нікому не патрэбных:

«Я ўсё чакаю, што пасля таго, як Святлана Алексіевіч атрымала Нобеля, развернецца дыскусія пра посткаланіяльнасць беларусаў на нармальным узроўні, калі ніхто не будзе баяцца кагосьці пакрыўдзіць», — дадаў лектар.

Крызу філасофіі ў акадэмічнай сферы Ігар Бабкоў тлумачыць наступным чынам:

«Усе мы разумеем, што філасофія — гэта не навука. Але паспрабуй скажы гэта рэктару БДУ. За што ты тады грошы атрымліваеш? З гэтага ўсё і пачынаецца — мы самі сабе хлусім».

А вось заснавальнік Лятучага ўніверсітэта Уладзімір Мацкевіч дакладна ведае, што пасля філасофіі будзе і нават ужо ёсць метадалогія:

«Заход Еўропы ўсё цягнецца, але ніяк не скончыцца. Тое ж самае з філасофіяй. Але яна не мае нават пераемнасці. Яна не працягваецца, як навука, а кожны раз нараджаецца наноў. І пакуль мы не разумеем, адкуль нараджаецца філасофія, мы не зразумеем, што пасля яе. Пакуль мы жывем чужым розумам, пакуль у нас не паўстане самастойнае незалежнае мысленне, якое не аформіцца ў філасофію, нічога не будзе».

Больш фотаздымкаў, зробленных падчас імпрэзы, глядзіце тут і тут.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:


Другие публикации