Вячаслаў Бабровіч: Расію ад фашызму ратуе звычайнае разгільдзяйства (Фота і відэа)

23.10.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

Абвінавачваючы ўкраінскую «фашысцкую хунту», большасць расіян не заўважае росту фашысцкіх настрояў у сябе дома, якія апошнім часам становяцца ўсё больш відавочнымі.

Тэндэнцыі з’явы яшчэ не абазначаюць яе надыход, мяркуе палітолаг Вячаслаў Бабровіч. Аднак хоць пасля распаду Савецкага Саюза калі большасць былых савецкіх рэспублік прынялі свае канстытуцыі на аснове ліберальных каштоўнасцей, на справе гэты лібералізм так і не быў рэалізаваны.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пабывала на лекцыі «Ідэйнае супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы», якая прайшла ў Лятучым універсітэце ў межах серыі «Галоўнае пытанне».

Назва лекцыі сама па сабе даволі правакацыйная, але яна найбольш яскрава адлюстроўвае сутнасць працэсаў, якія адбываюцца цяпер у постсавецкім і, у прыватнасці, расійскім грамадстве. Параўноўваючы дзве з’явы — фашызм і лібералізм, нельга называць іх крайнасцямі. Яны — частка аднаго ідэалагічнага (менавіта ідэалагічнага, а не палітычнага) спектру, які насамрэч значна шырэйшы і не абмяжоўваецца гэтымі дзвюма ідэалогіямі. У гэтым спектры фашызм будзе займаць ультраправае месца, лібералізм жа размяшчаецца недзе пасярэдзіне. Аднак базуюцца гэтыя ідэалогіі на дзвюх абсалютна супрацьлеглых сістэмах каштоўнасцей. А менавіта — на супрацьстаянні прыватных (лібералізм) і грамадскіх (фашызм) інтарэсаў. І крайнімі кропкамі тут з’яўляюцца індывідуалізм і калектывізм.

Не толькі цяпер, але і цягам усёй савецкай гісторыі склалася сітуацыя, што пра фашызм быццам бы вядома ўсё. Але, перамогшы фашызм у вайне, савецкі чалавек ніколі па-сапраўднаму не змагаўся з ідэалогіяй і не разумеў яе тонкасцей, лічыць Вячаслаў Бабровіч.

Як можна рузумець ідэалогію? Вядома, як тэорыю. У праграмах любых партый таксама закладзена ідэалогія. Можна казаць пра псіхалогію, ці масавую свядомасць. Але калі ідэалогія падпарадкоўвае сабе грамадства, становіцца дзяржаўнай ідэалогіяй, мы можам ужо казаць пра палітычны рэжым ці палітычную сістэму.

Калі гэта прымяніць да Расіі, то паводле сацапытанняў, лібералаў там 3-5%, а калі ўзяць у такім жа вузкім сэнсе фашыстаў, іх там таксама няшмат. Тым не менш, супрацьстаянне паміж дзвюма гэтымі ідэалогіямі на постсавецкай прасторы вызначае дух сучаснай эпохі.

Супрацьлегласцямі сёння з’яўляюцца прававая дзяржава і таталітарная. Розніца ў тым, што ў таталітарнай дзяржаве пануе прынцып манізму ( ад «мона» — мала), а ў прававой — плюралізма.

Плюралістычная дэмактарыя прапануе разнастайнасць палітычных сіл, грамадскіх інтарэсаў, меркаванняў, пазіцый, канкурэнцыю. Прававая дзяржава мае на ўвазе светапоглядны індывідуалізм, прыярытэт правоў чалавека, верхавенства права, раздзяленне ўлады, законнасць, узаемную адказнасць грамадзяніна і дзяржавы. Пад індывідуалізмам разумеюць перадусім самастойнасць чалавека. Чалавек пры індывідуалізме мусіць паклапаціцца пра сябе, умець самастойна мысліць і прымаць самастойныя рашэнні. Лібералізм дазваляе існаваць усім ідэалогіям, якіх у ім шмат. У гэтым яго галоўная асаблівасць і адрозненне ад фашызму.

У Расіі цяпер адбываюцца працэсы, якія яшчэ не склаліся ў сістэму, але многае ўжо пачынае на гэта намякаць і выклікае насцярожанасць. Так, тут ужо прачнуўся актывізм, філасофія барацьбы, бяздумнае выканальніцтва і калектыўная адказнасць, усё гэта ёсць прыкметамі таталітарнай культуры. Аднак без калектывізму не існуе соцыуму. Праўда, фашызм у Расіі праяўляецца менавіта ў адзінстве (а не разнастайнасці). У таталітарнай традыцыі дзяржава ўяўляе сабой цэлы арганізм, а кожны індывід — яго частка, якая не можа існаваць асобна. То бок кожны чалавек падпарадкаваны адзінаму (дзяржаве). У якасці ілюстрацыі гэтага Вячаслаў Бабровіч паказаў урывак з фільма «Стылягі», дзе «скаваныя адным ланцугом» камсамольцы нападаюць на стылягу-нонканфарміста Мэлса. На думку палітолага, у Расіі гэты фільм маглі б забараніць, бо ён адлюстроўвае тое, што там адбываецца цяпер.

Напрыклад, палітычнае адзінства цяпер увасабляецца ў партыі «Адзіная Расія», якая ўжо можа не лічыцца з іншымі палітычнымі сіламі. Сваю ролю адыгрывае і грамадская арганізацыя «Нашы». Сама назва падкрэслівае аддзяленне «нашых» ад «не нашых». Адзінства падкрэслівала і Алімпіяда ў Сочы, а кульмінацыяй стала далучэнне Крыма. Апошні крок, які пакуль не атрымаўся — праект «Наваросія».

Як гэтае адзінства забяспечваецца? Па-першае, стварэннем вобразам ворага. Для гэтага актыўна прасоўваюцца ідэі антыамерыканізму і антызаходніцтва. Сябраваць супраць кагосьці заўсёды зручна. Наступныя чыннікі — Украіна («фашызм» тут адыгрывае сваю ролю як архетып аб’яднання, звязаны з вайной) і «пятая калона».

Можна прасачыць, як змяняюцца адносіны да ўлады: з’яўляюцца абагаўленне, наданне ёй таямнічасці, любоў. Як спосаб забяспячэння адзінства прымяняецца перапісванне гісторыі, ідэалагічная эклектыка, гіпербалізацыя гераічнага мінулага — дастаткова паглядзець на тое, якія формы сёння прымае свята Перамогі.

Калі казаць пра адзінства ўлады, то ў цэлым у свеце яна даволі размытая: яе носьбітамі ў пэўнай ступені з’яўляюцца і бізнес, і СМІ, і культура, і грамадскае меркаванне, і інтэлектуалы... І кантроль улады існуе як з боку дзяржавы, так і з боку грамадства. Прымяняльна да Расіі і да Беларусі гэта ўсё не працуе. У таталітарнай дзяржаве дзейнічае дазваляльны прынцып, калі акрэсліваецца сфера дазволенага. Але сфера забароненага «наехала» на ўсе грамадзянскія правы і свабоды. У Расіі паэтапна знішчалася дысперсія ўлады, нарастала падпарадкаванне бізнесу (прыклад гэтага — справа Хадаркоўскага), маніпуляцыя грамадскім меркаваннем. За апошнія дзесяцігоддзі павялічыліся тэрміны прэзідэнцтва, з’явіліся супярэчлівыя здароваму сэнсу законы (т.зв. «закон Дзімы Якаўлева», які забараняе ўсынаўленне расійскіх дзяцей замежнікамі). Была абмежавана дзейнасць недзяржаўных арганізацый, выйшла абсурдная рэдакцыя закона аб мітынгах. Дайшло да абмежавання замежных песень на радыё — такімі «важнымі» рэчамі займаецца цяперашняя Дзярждума.

Актыўна адбываецца працэс канцэнтрацыі ўлады: прызначэнне губернатараў, выцясненне апазіцыі з парламента, разбурэнне механізму раздзялення ўлады, фальсіфікацыя выбараў, «палітбюро 2.0», калі ўладу ўтрымлівае пэўнае кола людзей. Але з апошнім можна паспрачацца: цяпер бачна, што рашэнні ў Расіі прымае адзін чалавек, бо падзеі ва Украіне і Сірыі Савет Федэрацыі адзінагалосна ўхваляе. Такім чынам, канцэнтрацыя ўлады дасягнула свайго завяршэння.

Ці ёсць праявы фашызму ў Беларусі? Тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, — хутчэй спроба аб’яднаць народ вакол агульнай гісторыі, чым мілітарызацыя, у адрозненне ад Расіі. Што нас ратуе ад гэтага? На думку Вячаслава Бабровіча, менталітэт, у якім больш насцярожанасці і прагматызму. Не апошнія ролі адыгрываюць таксама геапалітыка (парэшткавы імперскі сіндром, выжыванне і хітрасць), сялянская стылістыка ўлады, якая не пакладаецца на рызыковыя праекты накшталт «рускага свету».

Тое, што ў нашай усходняй суседкі адмяняюцца выбары губернатараў, грамадства з фашызмам ніяк не звязвае, бо для гэтай сувязі вельмі шмат чаго не хапае. Таму фашысцкага рэжыму ў Расіі пакуль няма. Яму не даюць укараніцца эклектычнасць (супярэчлівасць) сістэмы, разгільдзяйства (у адрозненне ад Расіі, у гітлераўскай Германіі панавалі парадак і дасканаласць), пасіўны ўдзел (даносы, сачэнне, актыўная несвабода), «няшчырасць» ідэакратыі. Для вызначэння ідэалогіі тут больш пасуе тэрмін нацыянал-сацыялізм. Аднак тое ўзмацненне адзінства, якое мы бачым сёння, небяспечна фашызмам, і супрацьяддзем гэтаму з’яўляецца лібералізм. Расія фашызм яшчэ не перажыла, аднак і лібералізм на практыцы тут яшчэ не рэалізаваўся, хоць пэўныя яго ідэі ў тэорыі ў краіне таксама ёсць. Аднак калі чагосьці не было, гэта не з ачыць, што яго ўвогуле не можа быць.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама інтэрв’ю з Вячаславам Бабровічам напярэдадні лекцыі


Другие публикации