Алесь Разанаў «нашаманіў» паэтычны транс (Фота і відэа)

13.11.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара

Вершы — з’ява неасэнсаваная так, як асэнсоўваюцца філасофскія катэгорыі, таму што яны гэтых катэгорый проста не маюць. Але хто замінае шукаць сэнсы ў паэзіі?

Маналог легендарнага беларускага паэта і перакладчыка Алеся Разанава, які прайшоў у межах серыі Лятучага ўніверсітэта «Галоўнае пытанне», немагчыма ўкласці ў звыклы фармат лекцыі. Мэтр назваў гэта «ўчытваннем у верш».

«У вершы ёсць тое, што вымавілася, але ёсць тое, што не вымавілася, што выявілася, і тое, што не выявілася», — распачаў Алесь Разанаў.

Выступоўца напачатку прачытаў твор паэта Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена», напісаны за год да таго, як аўтара не стала.

А пасля пачалася самая таямнічая дзея: разбор яго па спектры на лірычныя «зацемкі з зімовага саду», якія яшчэ не сталі сістэмай, хоць сістэма ў іх ёсць, і гэта пераўтварылася не проста ў паглыбленне, а ў звышінтэрпрэтацыю і звышпаглыбленне. Яно сталася пошукам схаваных сэнсаў верша ў рыфмах і рытмах, супадзеннях і разыходжаннях, тэзах і антытэзах. Кожны радок і нават кожнае слова пераўтвараецца ў асобную думку. Аматараў пошукаў сэнсаў сабралася столькі, што зала Беларускага саюза дызайнераў, дзе праходзіла сустрэча, ледзьве змяшчала ўсіх ахвотных. Да іх далучылася і Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі».

Зімовы сад. Двое — ён і яна — па якім шляху яны ідуць? У якім парадку? Куды кіруюцца і адкуль? Што за сад іх атачае, што жыве ў ім? Што ўсяляецца ў яго, якімі гукамі поўніць? Чый сад, і што ёсць маім у гэтым садзе? Што ёсць сам гэты сад? Ён утойвае выйсце. Далёкае і блізкае, сіметрыю і асіметрыю, у якіх выяўляецца тое, што ўтойвалася. Страчаны, пакінуты ўсімі сэнсамі, сад становіцца месцам сустрэчы. Рабіна і каліна, зімовы сад, сляды, свята, у якое належыць увайсці падарожнікам, нешта набыць і нечага пазбыцца. І раскрываецца сутва, што ў страчаным садзе ідуць мужчына і жанчына, і хто ёсць кім у гэтай біблейскай гісторыі.

Разважанні Алеся Разанава адносна такога, здавалася б, нескладанага верша вылілася ў філасофскія пошукі шляхоў і ўзаемаадносін, знешняга і ўнутранага, пераплеценаеага тысячамі сэнсаў. Гэта аповед пра існасць, матэрыялам для стварэння якой выступае мова. Бо, паводле Разанава, «тое, чаму надаецца ўвага, набывае адпаведную вагу, а яна надаецца таму, што ўжо адпачатку вагу мае... і ў вершы, калі ён праўдзівы, прысутнічае невядомая велічыня, верш вынікае з суадносіны вядомага і невядомага».

Аднак, у той жа час, «ведай не валодаюць, у веду ўваходзяць і, адкрываючыся ёй, адкрываюць яе».

Чаму мы ўслухоўваемся ў гэтыя зместы? Таму што ўсё гэта — снег, сляды, сад — пра жыццё і накіраванасць, вядомае і невядомае, адлюстраванне суадносін і месца, мінулае, сучаснае і прыйшласць, пра нас саміх...

Кожнае слова лектар расклаў на мноства сэнсаў і адценняў, і ў кожным з гэтых сэнсаў — новае галоўнае пытанне, адказ на якое можна знайсці ў сэнсах наступнага слова, а разам з гэтым — і новае пытанне... Аднак, ці варта насамрэч шукаць гэтыя адказы? Паводле Алеся Разанава, «нікому не выпадае ў што б ні было ўмешвацца і ўпарадкаваць, нікому не выпадае рабіць ніякіх высноў: верш істотны тым, што вымаўляецца само...» І, дарэчы, «першым пачне вымаўляцца верш, паэт мае стацца нямым».

Філосаф Ігар Бабкоў трапна заўважыў: «Алесь Разанаў мае акадэмічную ступень доктара філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, але я б прысудзіў яму ступень вялікага шамана беларускага мыслення. Алхімік сэнсаў і паэзіі».

Некаторыя з прысутных прыйшлі са зборнікамі Разанава, зачытвалі пэўныя ўрыўкі, каментавалі, задавалі пытанні, дзякавалі за тое, што пры дапамозе разанаўскай паэзіі змаглі спасцігнуць сябе.

Аднак не ўсе прысутныя аказаліся падрыхтаваныя да ўваходжання ў лабірынты паэтычнаага мыслення. Напрыклад, адно з пытанняў, якое прагучала пасля лекцыі, заключалася ў тым, ці ўяўляў сам аўтар, што яго «занясе» ў такую аналітыку? На гэта можна знайсці адказ у адным з азначэнняў Алесем Разанавым верша: пра што б ён ні быў, ён заўсёды застаецца дарэшты недатлумачаным.

Гэта, як адзначыла доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая, «паэзія, да якой філасофія ёсць каментаром».

Сам лектар патлумачыў, што «паэзія стаіць на мяжы прынцыпова іншага мыслення, якое яшчэ не набыло свайго інструментарыя. Але, калі яно хоча ўпісацца ў вядомыя каноны, яно губляецца».

Відэазапіс адкрытай лекцыі:


Другие публикации