Лятучы ўніверсітэт: праз гульню да новай якасці чалавека (Фота і відэа)

14.11.2015
Пётр Кухта, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота Лятучага ўніверсітэта

Са студзеня 2016 года Лятучы ўніверсітэт распачынае новую адукацыйную праграму. Яе прэзентацыя адбылася ўвечары 13 лістапада ў мінскім бізнес-клубе «Imaguru».

Праграмай прадугледжана з’яўленне новага узроўню ў структуры адукацыі Лятучага ўніверсітэта — школ магістраў гульні. Пра тое, у чым іх сутнасць, распавялі зацікаўленым магчымым удзельнікам кіраўнікі школ.

Метадолаг і сацыёлаг Таццяна Вадалажская нагадала аўдыторыі пра тое, што наступны год аб'яўлены Лятучым ўніверсітэтам Годам беларускага мыслення, якое, «нягледзячы на тое, што яно ёсць, яно прысутнае, даволі часта грамадствам незаўважнае». «І каб заўважыць яго, каб прыцягнуць увагу — і сваю, і наваколля, — мы ў гэты год прапаноўваем некалькі ініцыятыў, праектаў, да якіх можна далучацца. Шмат хто з вас бачыў праект «Цытуй сваё». Гэта спроба прыцягнуць увагу і выцягнуць на паверхню тое, аб чым думалі і нашыя продкі, і нашыя сучаснікі. Гэта лекцыі «Галоўнае пытанне», якія адбываюцца зараз кожную сераду, — спроба даць магчымасць беларускім мыслярам, інтэлектуалам, навукоўцам паразважаць — разам з публікай — пра тое, што ёсць сёння самым існым для нас. Мэта ўсіх гэтых мерапрыемстваў — зрабіць беларускае мысленне бачным», — зазначыла Таццяна Вадалажская.

Пяць гадоў працы Лятучага ўніверсітэта, паводле Таццяны Вадалажскай, былі і пошукам зместу адукацыі. «У гэтым годзе мы прыйшлі да таго, што фактычным зместам новай універсітэцкай адукацыі з’яўляецца новая якасць чалавека. Не новы чалавек, а тая якасць, якая дае яму магчымасць паўнавартасна існаваць у сучасным свеце. Якасць трэба знайсці. І мы гэта бачым не ў новых ведах і нават не ў новых кампетэнцыях. Гэта здольнасць чалавека саўдзельнічаць у паўстанні новага часу. Калі прыглядзецца, то зараз фактычна страчваюць матывацыю папярэднія ўтопіі, праекты, парушаюцца інстытуцыі, ірвуцца сувязі і г.д. Новы час паўстае. Трэба быць гатовым да саўдзелу ў гэтым новым часе, новых сувязях. Гэта арыентаванасць не на прафесіі, не на тэмы ці вузкія часткі дзейнасці, а на праблемы і справы, не на частковасць, а на справу жыцця, справу, якую ты робіш разам з кімсьці», — зазначыла Таццяна Вадалажская.

Яшчэ адным аспектам новай праграмы яна называе скіраванасць на самавызначэнне і цэласнасць: «Чалавек у сённяшнім свеце павінен быць здольным самавызначацца кожную хвіліну, бо абставіны змяняюцца таксама штохвілінна, і кожную хвіліну трэба шукаць адказы на пытанні, знаходзіць выйсце».

«Яшчэ адна важная частка якасці сучаснага чалавека — стасункі з іншымі. З рознымі іншымі. З блізкімі і вельмі далёкімі, з такімі іншымі, якіх раней мы нават не маглі сабе ўявіць і з якімі вельмі цяжка знайсці агульную мову, — кажа Таццяна Вадалажская. — І вось такога чалавека мы пазначылі як Homo Ludens, чалавека гуляючага. Гэта наша інтуіцыя, гэта наша пакладанне ў будучыню, гэта тое месца, як мы бачым, дзе шукаць новую якасць чалавека, новы змест адукацыі. Рыхтуючыся на гэты змест і гэтага чалавека, мы ў гэтым годзе аб'яўляем адукацыйную праграму, якая гэтым разам будуецца ў двух узроўнях».

Для тых, хто хацеў бы выбудоўваць асабістую адукацыйную траекторыю ў вольным руху, Лятучы ўніверсітэт прапануе ўжо добра знаёмы традыцыйны фармат — адукацыйныя курсы. Гэты т.зв. «першы ўзровень» новай праграмы складаюць 8 курсаў, на якіх свае падыходы і практыкі мыслення прадставяць вядомыя беларускія інтэлектуалы і культурныя дзеячы: Уладзімір Мацкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Ірына Дубянецкая, Генадзь Сагановіч, Міхаіл Баярын, Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Вячаслаў Бабровіч.

«Гэта даволі шырокая прастора для вольных слухачоў, калі людзям дадзеная абсалютная свабода выбару, самавызначэння, вырашэння таго, куды ісці і што рабіць на тых курсах ды семінарах, якія мы прапануем. Гэта прастора, якая абавязвае толькі самога чалавека ў вызначэнні, што яму рабіць, — зазначае Таццяна Вадалажская. — І, зразумела, што ўніверсітэт быў павінен выбудаваць над гэтай агульнай шырокай прасторай яшчэ адзін узровень — магістэрскі. Гэта — школы магістраў гульні — узровень, які выстаўляе ўжо і патрабаванні да жадаючых прайсці яго».

Школы магістраў гульні разлічаныя на невялікія групы адмыслоўцаў, шчыльную камунікацыю з настаўнікамі — вядомымі беларускімі інтэлектуаламі і мыслярамі, — школы задуманыя як месцы супольнай працы па стварэнні новых сэнсаў і практык:

Уладзімір Мацкевіч кажа: «Да сябе ў школу я запрашаю тых, хто знаходзіць у сабе вось гэтую якасць — быць народжаным дзеля выйгрышу. Але каб выйграць, трэба рабіць стаўкі. Нельга выйграць ні ў адну гульню, калі вы пачынаеце яе без уяўлянне пра сябе як пра пераможцу. Таму трэба рабіць нашу праграму лёгка, з гульнёй, ператвараць нават тое, што нас раздражняе ў тое, што можа прынесці задавальненне. Мы будзем гуляць ва ўніверсітэт з зусім новай адукацыяй, робячы стаўку сваім часам, сваёй увагай, тым, што тыдзень пасля семінара ваша галава будзе занятая тым, што там адбывалася. Але дзеля чаго? Дзеля таго, каб раптам выйграць! Знайсці ў сабе новага чалавека, паўплываць на нейкія змены ў Беларусі. Але пры гэтым аніякай узнагароды ў выглядзе прызоў, прэмій, дыпломаў ды званняў вы не атрымаеце, акрамя таго, што прыдбаеце выйгрыш у самім сабе ды станеце адным з удзельнікаў пераўтварэнняў Беларусі. Пры ўсіх недахопах нашай краіны, тут ёсць магчымасць жыць, і жыць так, як вам падабаецца насамрэч, але такую магчымасць — жыць так, як вам хочацца, — можна толькі выйграць. І дзеля гэтага трэба рабіць стаўку».

Філосаф Ігар Бабкоў заяўляе, што «мы не збіраемся займацца адукацыйнымі паслугамі, мы хочам сабраць такую вось вясёлую банду інтэлектуалаў, людзей сапраўды з амбіцыямі, якія будуць утвараць наступнае пакаленне і браць на сябе адказнасць за беларускае мысленне».

«Такая мэта ёсць. Думаю, што гэта цалкам рэальна ў Лятучым універсітэце. Сабраць людзей, якія не проста хочуць думаць нешта сабе ціхенька, асабіста, але хацелі б думаць у кантэксце беларускім, хацелі б, каб вынікі іх мыслення былі ў гэтым кантэксце заўважнымі і працуючымі. Задача — сфармаваць наступнае пакаленне беларускіх інтэлектуалаў», — падкрэсліў Ігар Бабкоў.

Запіс на курсы і школы — да 5 снежня 2015 года.

Усе заняткі бясплатныя. Заняткі першага і другога ўзроўняў будуць праходзіць увечары і пераважна ў працоўныя дні.

Дадатковыя пытанні можна задаць, напісаўшы па адрасе: flyuniby@gmail.com.

Відэазапіс прэзентацыі адукацыйнай праграмы:


Другие публикации