Алег Дзярновіч: Нам трэба ўрэшце рэшт паразумецца з уласнай гісторыяй (Фота і відэа)

20.11.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Ці патрэбны нам гістарычныя міфы? Адказаць на гэта пытанне складана. Міф здольны аб’яднаць людзей або пасварыць іх. Але гістарычны міф не можа быць пласцінкай, якая грае доўга.

Лятучы ўніверсітэт працягвае серыю адкрытых лекцый «Галоўнае пытанне», і чарговая лекцыя была прысвечана міфалагізацыі, а дакладней, таму, як важна разумець яе механізм. Пра гэта і вялася размова падчас лекцыі гісторыка Алега Дзярновіча «Каліноўскі ў Менску: старажытны горад, «сялянскі правадыр» і пачаткі беларускага кінематографа. Як нам прымірыцца з уласнай гісторыяй?».

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пабывала на ёй і даведалася, кім жа насамрэч ёсць герой паўстання 1863-1864 гадоў.

Для лектара тэма міфалагізацыі, увогуле, і асобы Кастуся Каліноўскага, у прыватнасці, пачалася некалькі гадоў таму, калі падчас кінафестывалю «Лістапад» з расійскага дзяржкінафонда прывезлі першыя беларускія стужкі. Сярод іх быў і фільм «Кастусь Каліноўскі» 1927 года рэжысёра Уладзіміра Гардзіна, на які трапіў Алег Дзярновіч:

«Нечакана для сябе я пабачыў кадры, якія шукаў і часткова ведаў па фотаздымках ХІХ стагоддзя», — распавёў лектар.

Перад тым, як перайсці да размовы, слухачы Лятучага прагледзелі фрагмент стужкі, у якім Каліноўскага вязуць на пакаранне. Як вядома, яно адбылося ў Вільні, тым часам на экране ўзнікаюць Пішчалаўскі замак — «Валадарка», абрысы Верхняга горада са Свята-Духавым саборам і катэдрай Панны Марыі.

Аднак на двары 1927 год. Дзе можна было здымаць Вільню, якая ў той час належала Польшчы? На думку гісторыка, для «дэкарацый» падыходзілі тры горада, сярод іх: Віцебск і Магілёў. Але мы бачым панараму з былой Траецкай гары ў Мінску (Оперны тэатр яшчэ не пабудаваны).

Асаблівую ўвагу Алега Дзярновіча прыцягнулі кадры з вуліцай, па якой везлі Каліноўскага. Ён высветліў, што гэта — Казьмадзям’янаўская, адна з з нешматлікіх цалкам мураваных вуліц у тагачасным Мінску. Яна вяла ад Касцёла бернардынак уніз да Нямігі. На месцы сённяшняга Свята-Духава сабора знаходзіўся манастыр Казьмы і Дзям’яна, які і даў ёй назву.

Пазней, напачатку 1920-х, гэтай вуліцы далі назву Францыска Скарыны, але потым яе пераназвалі ў гонар савецкага пісьменніка Дзям’яна Беднага:

«Я мяркую, што мінскія савецкія ўлады выбралі яго імя, каб па сугучнасці замясціць Казьмадзям’янаўскую. І нават калі ў 1938 годзе Беднага выключылі з УКП(б) «за маральнае раскладанне», назва вуліцы захавалася».

Падчас вайны вулка была моцна пашкоджаная, але некалькі будынкаў захавалася ажно да будаўніцтва метро:

«Дарэчы, чарговы гістарычны міф: Мінск разбамбіла савецкая авіяцыя. Вядомы налёт на горад савецкіх бамбардзіроўшчыкаў у траўні 1944 года. Аднак пачатак бамбёжкам паклалі немцы, што пацвярджаюць фотаздымкі з Бундэсархіву», — адзначыў лектар.

Але вернемся да фільма. Як выразіўся Дзярновіч, Уладзімір Гардзін зняў сапраўдны вестэрн. Фільм мае моцны ідэалагічны пасыл, у ім закладзена канцэпцыя «масавага спажывання» Каліноўскага як «сялянскага павадыра». Ён змагаецца са шляхецкімі інсургентамі і царскай уладай. У стужцы выбудоўваецца шлях Беларусі 1920-х гадоў: не з Польшчай і не з царскай Расіяй. Але трэба памятаць пра перыяд, калі ствараўся фільм: у краіне пануе НЭП, да знішчэння апанентаў, якое пачалося з 1930-х гадоў, яшчэ не дайшло. У такой атмасферы паўставала новая беларуская гістарыяграфія. І фільм мусіў стварыць канон вобраза Каліноўскага:

«Ён пададзены ў фільме досыць схематычна: на ім вісіць «нагрузка», што дзеля справы паўстання ён павінен забыцца на ўсё астатняе», — заўважыў Алег Дзярновіч.

Па прызнанні гісторыка, для яго кадры з гэтага фільма нязвыклыя і фенаменальныя:

«Як усё сыходзіцца: наш горад, лёс яго архітэктурнай і гістарычнай спадчыны, нацыянальны наратыў, Кастусь Каліноўскі, якога ў ХІХ стагоддзі мала хто ведаў, і фільм яго адкрыў занава. «Прылашчылі» Каліноўскага таму, што ён быў кіраўніком паўстання правінцыі. Ён быў яскравай фігурай, падобна, што вельмі жорсткай у сваіх учынках. А беларусы змаглі зрабіць з яго сімвал, чаго не здолелі зрабіць ні літоўцы, ні палякі».

Яшчэ адзін цікавы момант. У 1928 годзе стужка выйшла на экраны, мела вельмі ўдалую пракатную гісторыю нават у Чэхаславакіі і Японіі. Калі фільм прывезлі ў Коўна, адбыўся аншлаг, бо літоўцам вельмі спадабалася антышляхецкая (роўна антыпольская) накіраванасць. Ёсць успаміны, што калі скончыўся паказ, на экране пачалі паказваць кадры хронікі, як прэзідэнт Літвы прымае парад літоўскага войска. Гэта фенаменальны выпадак, калі беларускі фільм стаў інструментам літоўскай антыпольскай прапаганды, лічыць Дзярновіч.

Адметна, што ў 1922 годзе ўпершыню ў масавы ўжытак уведзена форма імя «Кастусь». Такім чынам, беларускі савецкі наратыў сфармаваў постаць Каліноўскага як нацыянальнага героя, а заадно і такую тэзу як «рэвалюцыйны дэмакрат». На думку аўтара, яе не трэба адкідаць:

«У памежнай сітуацыі, перад смерцю, Каліноўскі піша «Лісты з-пад шыбеніцы», калі яшчэ не сфармаваны беларускія моўныя нормы. Тым не менш, ён піша тэкст па-беларуску. Ну хто ён тады?..»

Вобраз Каліноўскага — савецкі канон, сфармаваны беларускімі камуністамі ў 1920-х гадах. Нам трэба ўрэшце рэшт паразумецца з уласнай гісторыяй. І калі мы з падмурка нашай культурнай свядомасці вынем адзін з камянёў — ВКЛ ці савецкі перыяд, — уся наша гісторыя абрынецца, падсумаваў лектар.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама інтэрв'ю з Алегам Дзярновічам напярэдадні лекцыі


Другие публикации