Як за чатыры дні падзяліць чалавецтва на дзве няроўныя часткі (Фота і відэа)

12.07.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота аўтара і Лятучага ўніверсітэта

Фота Наталлі Агарэлышавай

Пад Лепелем прайшоў традыцыйны летнік Лятучага ўніверсітэта. Сёлета ён быў прысвечаны Гульні і гульнявой практыцы ўніверсітэцкага будавання.

Летняя школа-2016 праходзіла ў маляўнічых мясцінах на аграсядзібе «Люкжына», што на беразе аднайменнага возера. І хоць надвор’е ў дні высадкі «лятучага дэсанту» не дужа спрыяла яднанню з прыродай ды натхнёнаму палёту думкі пасля душных аўдыторый, тым не менш удзельнікі змаглі не толькі паразважаць над тэзаю Гульні як свету, у якім мы жывем, але і сур’ёзна паспрачацца. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» далучылася да ўніверсітэцкіх інтэнцый.

Гульні, у якія гуляюць мысляры

Першы дзень летніка адкрыла пленарнае пасяджэнне, падчас якога філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч запусціў тэму, якая вольна ці не, але стала лейтматывам усяго летніка, а менавіта — мемарандума Бромберга паводле братоў Стругацкіх. Даклад грунтаваўся на тэзах мемарандума, што чалавецтва будзе падзелена на дзве няроўныя часткі паводле невядомага нам параметру, прычым меншая частка фарсіравана і назаўжды апярэдзіць большую, і гэта адбудзецца паводле волі звышцывілізацыі, абсалютна чалавецтву чужыннай. Выступоўца падштурхнуў задумацца, хто і дзе мы ў гэтым свеце, які змяняецца, і да якой з частак мы можам сябе аднесці. На думку Мацкевіча, Лятучы ўніверсітэт і з’яўляецца тым самым «памежным пунктам», які падзяляе чалавецтва і здзяйсняе цывілізацыйны адбор.

Уладзімір Мацкевіч

Дзень працягнула адкрытая кафедра. Падчас яе філосаф Ігар Падпорын паразважаў на тэму неаўтарытарнага мыслення, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў распавёў пра гісторыю паўстання і актуалізацыю паняцця «Міжмор’я» (Intermarium), філосаф Міхаіл Баярын паспрабаваў уявіць сітуацыю, калі б філасофія зарадзілася ў нас самастойна, і вывесці нацыянальную ісціну, пра якую яна б гаварыла. Гарачая спрэчка адбылася падчас дакладу выдаўца Эдуарда Куфцерына пра магчымасць фармавання нацыянальнай эліты ў аўтарытарным грамадстве і на фоне глабальных выклікаў сучаснасці. Паводле выступоўцы, азначэнне эліты ў беларускай паўсядзённасці дэвальвавалася, камерцыялізавалася і, урэшце, набыло супрацьлеглае значэнне. Мы літаральна захлынаемся сярод эксклюзіўнага і элітарнага, якое ўжываем масава — мастацтва, адукацыя, адпачынак, адзенне... Мы ўсе масава імкнемся да найлепшага, імкнемся стаць элітай грамадства спажывання. Але ці магчыма ў грамадстве такой псеўдаэлітарнасці фармаванне і развіццё сапраўднай эліты ці контрэліты, якая павінна нарадзіцца пры жорсткай канкурэнцыі (а ці ёсць яна?) ідэй і творчасці?

Міхал Анемпадыстаў

Завяршыўся першы дзень летніка адукацыйным ларпам (ролевай гульнёй жывога дзеяння) ад культуролага Маргарыты Корзун. Гульня ўяўляла сабой тэлевізійнае ток-шоу, дзе тры маладых прадзюсара прадстаўлялі свае праекты шасці членам журы з розных сфер дзейнасці з мэтай атрымання галоўнага прыза — грошай на рэалізацыю сваёй ідэі. Пасля гульні ўдзельнікі распавялі пра ўласныя пачуцці, пра тое, наколькі ім удалося ўвасобіць сваіх персанажаў, наколькі яны самі супалі з імі, што для іх было складаным, а што лёгкім, што ўзрадавала, спалохала, здзівіла, прымусіла задумацца...

Маргарыта Корзун (у цэнтры) падчас ларпу

Новыя шэрагі людэнітаў

Пленарнае пасяджэнне другога дня пачалося з каардынатаркі Лятучага ўніверсітэта Таццяны Вадалажскай на тэму «Універсітэта і Гульні». Як суаднесці гэтыя катэгорыі і як яны адбіваюцца на разуменні сэнсу і перспектыў Школ магістраў гульні і ўсяго Лятучага ўніверсітэта?

Таццяна Вадалажская робіць даклад

У гэты дзень сваімі разважаннямі падзяліўся крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін, які распавёў пра «Суполку лятучых студэнтаў» і даў майстар-клас па візуальным мысленні. Паэт і перакладчык Ігар Кулікоў прадставіў новы ўзор беларускай мовы — свамову, якая дазваляе не ўжываць замежныя запазычанні, а ўтвараць адпаведныя словы на ўласнай мове з больш адэкватнай этымалогіяй і сэнсам. Выступленне мовазнаўцы перарасло ў пазапланавую філалагічную дыскусію з доктарам філасофіі, доктарам сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай.

Валянцін Акудовіч і Ірына Дубянецкая

Адкрытай кафедрай скарысталіся таксама Маргарыта Корзун, якая распавяла пра марфалагічны аналіз як сродак пошуку новых ідэй, а таксама архітэктар Іван Краўцоў, які паразважаў пра архітэктурную адукацыю ў Беларусі.

Кульмінацыяй другога дня летніка стаў урачысты прыём новых сябраў ва ўніверсітэцкую карпарацыю Лятучага ўніверсітэта «Convent Ludenia». Карпарацыя была створана 14 траўня, і да гэтага часу адзіным яе паўнапраўным сябрам быў Уладзімір Мацкевіч. Стварылі карпарацыю дзеля супольнага клопату за працяг інтэлектуальнай беларускай традыцыі, захавання і прасоўвання каштоўнасцей мыслення, прынцыпаў сяброўства і братэрства, любові да Радзімы. Сябры карпарацыі ахоўваюць і бароняць яе каштоўнасці і гонар, а таксама гонар адзін аднаго. Дэвіз утварэння — «Думаць Беларусь».

Цырымонія ўфарбавання новых сябраў універсітэцкай карпарацыі «Convent Ludenia»

Нефармальная адукацыя, «русский мир» і прэтэнзіі да Скарыны

На трэці дзень летніка кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Павел Баркоўскі прапанаваў удзельнікам паразважаць над тым, як магчыма збудаваць навучанне для магістраў гульні, каб гульнёвая форма прысутнічала ў штодзённай практыцы ўсіх школаў і ў якасці элемента інтэлектуальнай гульні суправаджала бягучы навучальны працэс. Кандыдат філасофскіх навук Вольга Орышава звярнула ўвагу на самакіраванне ў навучанні на прыкладзе ЗША і на тыя складнікі ўніверсітэцкай адукацыі, якія робяць (ці не робяць) яе незамянімай у сучасным свеце.

Вольга Орышава

Гістарычны складнік летніка атрымаў медыцынскі ўхіл — гісторык Алег Дзярновіч пазнаёміў аўдыторыю з асобай прадстаўніцы беларускага роду Гедройць, першай жанчыны-прафесара хірургіі Веры Гедройць, а таксама з яшчэ адной беларускай, аўтарам вершаў вядомай дзіцячай песенькі «В лесу родилась ёлочка» Раісай Кудашовай, у дзявоцтве — таксама Гедройць. Больш за тое, смеласць гісторыка зайшла настолькі далёка, што ён выразіў прэтэнзіі да доктара медыцыны Францыска Скарыны.

Алег Дзярновіч

Пра тое, як сучаснасць руйнуе гісторыю, а менавіта як расійскае праваслаўе забівае беларускую традыцыю ў цэрквах (перадусім у архітэктуры, а разам з гэтым і ў ідэнтычнасці) працягнула распавядаць акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума Ірына Дубянецкая.

Летнік стаў не толькі выдатнай пляцоўкай для таго, каб падыскутаваць, парэфлексаваць ды і проста адпачыць, але і для таго, каб выпрацаваць новыя думкі і канцэпцыі Тыдня беларускага мыслення, які пройдзе 19-25 верасня, а таксама далейшага развіцця Лятучага ўніверсітэту. Пра гэта Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» больш падрабязна распавядзе ў наступных публікацыях.

Ігар Кулікоў, Таццяна Вадалажская і Валянцін Акудовіч

Летнік Лятучага ўніверсітэта завяршыўся гарачай дыскусіяй, якая адкрыла шэраг пытанняў, якія ўніверсітэцкая супольнасць працягне вырашаць у наступным годзе. Што ёсць Гульня, Дзейнасць, Жыццё? Як зразумець, у якой катэгорыі мы знаходзімся тут і цяпер, як свядома пераходзіць з аднаго стану ў іншы? Адметна, што і спроба адказаць на пастаўленыя раней пытанні прывяла не столькі да адказаў, колькі да перафармулявання існых і ўзнікнення новых пытанняў. Ці значыць гэта, што мэта летніка не дасягнута? Хутчэй, гэта сведчыць пра тое, што беларускае мысленне ўнутры Лятучага ўніверсітэта жывое, бо здольнае трансфармавацца ў адпаведнасці з абставінамі. Гульня працягваецца.

Больш фота глядзіце ў суполцы Лятучага ўніверсітэта ў Фэйсбуку

UPD.: Відэа- і аўдыёзапісы пленарных пасяджэнняў і адкрытых кафедр Летніка:


Другие публикации