Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа)

16.07.2016
Ягенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», відэа Лятучага ўніверсітэта

«Русский мир» пранікае ў свядомасць беларусаў праз самыя запаветныя, інтымныя рэчы — адносіны з Богам, стала там атабарваецца і вышчамляе аўтэнтычнасць.

Усё, што датычыцца беларускай рэлігійнасці, пакрыта болевымі кропкамі, мяркуе доктар тэалогіі, доктар сакральнай філасофіі, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума Ірына Дубянецкая. Яна падзялілася сваімі назіраннямі, назапашанымі ў серыі экспедыцый па краіне пад назвай «Вера Беларусі» і патлумачыла, чаму было неабходна ўтварыць «НАТА XVI стагоддзя» — Берасцейскую царкоўную ўнію. Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» занатавала асноўныя думкі спадарыні Дубянецкай.

Паводле Ірыны Дубянецкай, Еўропа — флагман цывілізацыйнага шляху гэтага свету. Яна адчувае сябе настолькі моцнай, што не баіцца быць вінаватай і папрасіць прабачэння за мінулае. І далей Еўропа рухаецца ў кірунку талерантнасці.

Гэтай самай талерантнасцю — параметрам, па якім цяпер адстае — Беларусь гістарычна вылучалася сярод астатняй Еўропы. Талерантнасць гэтая была перадусім рэлігійнай. Пачынаючы з XIV стагоддзя наша краіна была мультырэлігійнай (узгадаць хаця б тыповае беларускае мястэчка, дзе на адной плошчы стаяць царква, касцёл, сінагога і мячэць), у той час, калі іншыя краіны былі монарэлігійнымі і вялі войны, не жадаючы прызнаваць іншыя веравызнанні. Праблема ў тым, што няма маста паміж Беларуссю колішняй і цяперашняй, як і паміж цяперашняй Еўропай і колішняй Беларуссю:

«Феномен ХХІ стагоддзя — новае разгортванне праваслаўнай царквы. Што Руская праваслаўная царква робіць у Беларусі? Адна з самых балючых рэчаў, якая ўжо настолькі прыцерлася, што перастала кідацца ў вочы, — гэта тое, як дзякуючы намаганням праваслаўнай царквы пачынае мяняцца культурны ландшафт у Беларусі.

Калі яшчэ 20 гадоў таму едучы праз Беларусь з Захаду на Усход ці наадварот па выглядзе культавых пабудоў можна было вызначыць, у якой краіне вы знаходзіцеся, цяпер гэта зрабіць нашмат цяжэй. Бо традыцыйная беларуская культавая архітэктура і яе вонкавыя прыкметы зменшыліся радыкальна.

А пачалося ўсё не з пабудовы неапсеўдарускіх цэркваў, якія цяпер можна пабачыць спрэс, а з замены крыжоў на цэрквах, лічыць Ірына Дубянецкая. Прычым самі па сабе крыжы не бываюць канфесійнымі, гэта толькі беларусы могуць сказаць «праваслаўны крыж» ці «каталіцкі крыж». Крыжы ёсць адзнакаю мясцовай традыцыі. Крыжы беларускай традыцыі ўмоўна называюць «сонцакрыжы», яны ўвасабляюць Сонца-Хрыста, новае світанне, новую Праўду, якая асвятляе свет. Яны не маюць фіксаванай формы, але маюць канцэпцыю: апроч чатырох асноўных промняў ёсць цэнтральны квадрат ці круг, а таксама прамежкавыя промні, якія часам могуць быць у выглядзе змеек. Аднак усё часцей не толькі на новых храмах, але і на старадаўніх можна ўбачыць укосны крыж, характэрны для расійскага праваслаўя. І цяпер «сонцакрыжы» вяртаюцца на каталіцкія храмы, але не на праваслаўныя».

Прыклад «сонцакрыжа» з Вілейшчыны

«Чаму людзі — як святары, так і вернікі — каўтаюць і прымаюць замену крыжоў? Таму што адбываецца падмена паняццяў. Чэхі напачатку ХХ стагоддзя казалі: «Рускія любяць усё рускае называць славянскім з тым, каб усё славянскае потым назваць рускім». У Беларусі з XVII стагоддзя адбываецца змяшэнне паняццяў «праваслаўнае» і «рускае». Мы павінны разумець, што гэта розныя рэчы.

Тое ж датычыцца і перабудовы цэркваў на сучасны «рускі» капыл. Напрыклад, Свята-Міхайлаўская царква XVII стагоддзя ў Чарэі, рэнесансная, што для Беларусі рэдкасць, пабудаваная пасля прыняцця Берасцейскай царкоўнай уніі, была выкінута са спісу помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, аддадзеная праваслаўным, і цяпер там зроблены рамонт — вядома ж, без уліку архітэктурных асаблівасцяў».

Свята-Міхайлаўская царква ў Чарэі, фота Аляксея Чубата

«Закранаючы Унію і чаму яна была ўтворана, ёсць самая лепшая аналогія для сучаснага чалавека. Што перш-наперш зрабілі Літва, Латвія і Эстонія, калі вырваліся з Савецкага Саюза? Яны сталі рабіць усё, каб уступіць у НАТА. Ім патрэбна была гарантыя абароны ад Усходу. І Берасцейская царкоўная ўнія была аналагам НАТА, каб бараніцца ад Масквы».

Такім чынам, сучасная беларуская сітуацыя такая, што ўсё рускае становіцца праваслаўным, а ўсё праваслаўнае — рускім. Па ўсёй краіне можна знайсці прыклады, дзе ў цэрквах вешаюць абразы з выявамі сям’і апошняга рускага імператара Мікалая ІІ, складаюць вершы пра «святую Русь», перабудоўваюць храмы.

«Беларуская традыцыя архітэктуры пачынаецца ад ХІІ стагоддзя, і да 1930-х яна неперарыўная. Гэта храмы любой канфесіі, але ў беларускай культурнай традыцыі. Я ў архітэктараў пытаюся: што павінна было з намі як з нацыяй, супольнасцю здарыцца, каб раптам усё, што напрацавана стагоддзямі, пакінуць у баку, і рабіць нешта «прыгожанькае», расійскае, на хаду? На што архітэктары гавораць, што ёсць устаноўка, заказы, мы не можам будаваць праваслаўную царкву ў беларускім стылі».

Мэтанакіраваная палітыка русіфікацыі на Беларусі адгукаецца спантаннай рускай ідэнтычнасцю з нетраў тых, на каго гэтая палітыка скіраваная, пераканана Ірына Дубянецкая. І змяніць сітуацыю на мясцовым узроўні немагчыма, каб супрацьстаяць гэтаму, неабходна палітычная воля.

Відэазапіс адкрытай кафедры Ірыны Дубянецкай:


Другие публикации