Чаму Расія не пускае ўкраінцаў у Беларусь? (Відэа)

02.02.2017
Ян Бабіцкі, Belsat.eu

Журналіста Грамадскага тэлебачання Данбасу Віталя Сізова неспадзявана выслалі з Беларусі.

Віталь Сізоў прыбыў у Мінск для асвятлення працы трохбаковай групы для ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Адмысловую акрэдытацыю ён атрымаў у Міністэрстве замежных справаў нашай краіны. Здзіўленню ўкраінскага госця не было межаў, калі ўначы ў дзверы ягонага нумару ў гатэлі пагрукалі міліцыянты.

«Яны сказалі, што надзенуць на мяне кайданкі да адвязуць у міліцыю пад прымусам. Яны ўзялі мяне за рукі. Я не скажу, што гэта было брутальнае затрыманне, але яны мяне паставілі перад фактам: або вы ідзяце з намі, або вас фізічна даставім», — дзеліцца ўражаннямі журналіст.

Віталя Сізова адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска.

Там яго пратрымалі амаль усю ноч. Ад міліцыі журналіст даведаўся, што фігуруе ў нейкіх чорных спісах, паводле якіх яму забаронены ўезд на тэрыторыю Расіі да 2021 года. У звязку з гэтым журналіст мусіць цягам 2 гадзін пакінуць тэрыторыю і суседняй Беларусі.

Адкуль такая рэакцыя?

Можна зразумець, пазнаёміўшыся з матэрыяламі Грамадскага тэлебачання Данбасу, якое лічыць сябе незалежным. «Асцярожна! Гэтак працуе расійская прапаганда» — гэта адная з назваў відэапублікацый.

Зрэшты, гэткая сітуацыя не першая.

Летась у красавіку на беларускай мяжы затрымалі і абшукалі здымачную групу з Украіны, у якой быў журналіст Яўгеній Плінскі. Прычынаю, імаверна, быў рэпартаж пра тое, як Беларусь зарабляе на вайне з Украінаю. А ў снежні, на просьбу Расіі, у Беларусь не пусцілі аднаго з лідэраў нацыянальнага руху Украіны Сяргея Замілюхіна.

Адначасова ў Расіі пад пераслед трапляюць і беларусы.

Летась у верасні фатограф Аляксандр Васюковіч адкрыў у Маскве выставу, прысвечаную рэаліям вайны на Данбасе. Цяпер яго выклікаюць у Следчы камітэт Расіі. У матэрыялах фотамастака шукаюць антырасійскую прапаганду.

«Сёння я атрымаў на электронную пошту позву са Следчага камітэта. Мне прапануюць даць тлумачэнні, бо адзін з дэпутатаў напісаў скаргу, што ў маіх здымках прапаганда «Правага сектара», — тлумачыць спадар Васюковіч.

Адметна, што выстава была знішчаная прыхільнікамі прарасійскіх сепаратыстаў на Данбасе.

«Гэта ўласціва расейцам. Яны думаюць, што яны гаспадары постсавецкай прасторы. За такія дзеянні варта даваць па руках. Аднак пакуль Украіна ўцягнутая ў вайну, Малдова ды Грузія таксама маюць праблемы, Беларусь шмат гадоў рабіла выгляд, што яна хаўрусніца Расіі. Няма каму даць па руках гэтым імперыялістычным памкненням», — цвердзіць метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Апошнія падзеі могуць значна сапсаваць імідж Беларусі ў якасці міратворцы ва ўкраінскім канфлікце. А між іншага гэты статус і даваў уладам Мінска надзею на значнае паляпшэнне дачыненняў з Захадам.

Belsat.eu


Другие публикации