Што Еўропа чакае ад Беларусі? Інтэрвʼю з Уладам Вялічкам на «Белсаце» (Відэа)

23.02.2017
Belsat.eu

Ці добрыя цяпер часы для беларуска-еўрапейскіх адносін?

Вядоўца праграмы «ПраСвет» Аліна Коўшык паразмаўляла з Уладам Вялічкам, нацыянальным каардынатарам Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і генеральным дырэктарам Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

— Тыдзень таму ў нашай студыі быў прафесар Вардамацкі, які распавядаў, што 65% беларусаў маюць выразную прарасійскую геапалітычную арыентацыю. Гэта звязана між іншым з тым, што адбываецца ў Еўропе: адная з прычын, паводле Вардамацкага, — тое, што цяпер у Еўропе назіраецца выразны сістэмны крызіс. Выкліканы ён, сярод іншага, «Брэкзітам» ды хваляй міграцыі. Ці сапраўды нам, беларусам, варта баяцца таго, што ў Еўропе ўсё так кепска?

— Беларусам, канешне, баяцца не варта, таму што Еўропа, у прынцыпе, не зʼяўляецца пагрозай для беларусаў, для нашага ладу жыцця. Хутчэй, гэта праблема для прывабнасці беларускага праекта ў Беларусі, і, на жаль, цяпер гэта ідзе на карысць геапалітычнай канкурэнцыі паміж еўрапейскім і расійскім «праектамі» і не на карысць беларускіх еўрапейскіх памкненняў. Таму гэта, канешне, пэўная перашкода, але, з іншага боку, я думаю, што не варта пераацэньваць вынікі такіх апытанняў.

Шматгадовая практыка такога кшталту апытанняў паказвае: нашае насельніцтва вельмі залежнае ад таго, як з ім працуе медыйная прастора, і гэтыя лічбы могуць змяняцца з вялікай хуткасцю на іншую карысць, калі сапраўды еўрапейскі праект будзе станавіцца больш прывабным. Пакуль што гэта не тая тэндэнцыя, якую хацелася б бачыць.

— Як выглядае цяпер прамоцыя Еўрасаюза ў Беларусі? Ці наогул гэты «еўрапейскі праект» застаецца цікавым для нас?

— Фактычна еўрапейскасць у Беларусі «прарастае» вельмі рознымі каналамі. З аднаго боку, мы заўсёды карыстаемся, у пэўным сэнсе, такімі стэрэатыпамі, як «еўрарамонт» або «еўрапейская якасць», і гэта сведчыць пра тое, што ўсё ж такі ў доўгатэрміновай перспектыве мы разглядаем Еўропу і еўрапейскасць як пэўны знак якасці для сябе, як тое, што нас прываблівае.

З іншага боку, канешне, у палітычнай кан’юнктуры ёсць рэакцыя на выклікі ў Еўропе. Як заўсёды, мы не хочам быць часткаю нейкіх праблем, і, канешне, гэта пэўны выклік для прасоўвання праеўрапейскіх каштоўнасцей у краіне, але, я думаю, што сёння, у пэўным сэнсе, такі час прагматыкі для Еўропы ў Беларусі.

Фактычна для звычайнага беларуса варта расшыфраваць, што такое Еўропа ў сучасным разуменні, і як беларус можа быць еўрапейцам.

— Ці сучаснаму беларусу гэта цікава? Наколькі яго гэта турбуе?

— Я думаю, што яго турбуе цяпер трошкі іншае пытанне: пытанне бяспекі, пытанне эканамічнай устойлівасці. Але тым людзям, якія разумеюць, што трэба думаць пра нейкую доўгатэрміновую стратэгію, усё роўна не пазбегнуць пэўнага выбару: у якім шляху развівацца Беларусі, у якім шляху індывідуальна. Часам людзі робяць выбар, якім чынам развівацца прадпрымальніку, калі паўстае пытанне рынку, у які бок прасоўваць свае тавары — эканамічныя інтарэсы, і сярэдні бізнес. І гэта, канешне, прынцыповае пытанне. Таму можа цяпер і не лепшыя часы для Беларусі ў Еўропе, але пытанне не здымаецца з парадку дня.

— Ці самая Еўропа зацікаўленая ў Беларусі? Вы маеце шчыльныя кантакты з Бруселем праз Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Як цяпер Еўропа рэагуе на беларусаў? Ці яна ўсцяж зацікаўленая? Ці далей спрабуе працягваць гэтыя праекты? Ці наадварот: яны больш закрываюцца і чакаюць, што зараз усё вырашаць з афіцыйным Мінскам?

— Я бы сказаў: і не так, і не так. Гэта нейкі іншы падыход: з аднаго боку, гэта азначае, што ў прынцыпе больш не стаіць пытанне для Еўропы, ці беларусы — еўрапейцы. Для Еўропы беларусы — еўрапейцы, гэта прызнаецца культурнымі ды палітычнымі элітамі ў краінах, гэта не тое, за што нам трэба клапаціцца ці змагацца.

Але таксама паўстае пытанне прагматычнага супрацоўніцтва, і цяпер Беларусь для Бруселю — гэта, з аднаго боку, праблема, бо нашыя ўнутрыпалітычныя пытанні не вырашаныя, і гэта слабы бок для Бруселю ў плане наладжвання кантактаў. З іншага боку, гэта дастаткова надзейны партнёр.

— Цяпер, у гэтай нестабільнай сітуацыі, гэта важна.

— Як бы мы ні хацелі, але Беларусь разглядаецца як стабільны і надзейны партнёр, няхай і ў дастаткова абмежаваным наборы пытанняў, якія цяпер стаяць у беларуска-еўрапейскіх стасунках. Таму, я думаю, гэта такая сярэдзіна, не магу назваць яе «залатой», гэта сярэдзіна чакання, што будуць створаныя больш спрыяльныя ўмовы для таго, каб гэтая супраца была, па-першае, больш інтэнсіўнай, па-другое, больш інклюзіўнай — не толькі з урадам.

— То бок што зараз мусіць зрабіць Беларусь, або што мусіць зрабіць Еўропа, каб даслаць гэты мэсэдж: «Так, вы для нас важны партнёр» і «Мы чакаем на вас у Еўрасаюзе»?

— Такое пытанне мы ставілі яшчэ на пачатку Усходняга партнёрства: ці не прыйшоў час сказаць краінам Усходняга партнёрства пра іхную еўрапейскую перспектыву? Але нават тады гэта было дастаткова складана.

Чакаць ад Еўропы, што яна зараз якім-небудзь выразным чынам скажа: «Мы вас чакаем» — не выпадае. Перш за ўсё гэта тычацца ўнутранага крызіса ў самой Еўропе.

Мы разумеем, што такога кшталту мэсэдж азначае шмат пытанняў да міграцыйнай палітыкі, да эканамічнай палітыкі, і яны такога сказаць не могуць. З іншага боку, дыпламатычны адказ звычайна гучыць так: «Мы ніколі не закрывалі дзверы».

— І гэта важна. А што можа зрабіць Мінск, каб усё-ткі прыадчыніць гэтыя дзверы?

— Я думаю, што ён ужо пачаў гэтыя крокі рабіць. Мы ведаем пра пачатак хоць і сціплага, але бязвізавага рэжыма. З боку Беларусі гэта важны крок, і, я так разумею, што ідзе размова пра яго пашырэнне, калі гэты досвед будзе паспяховым.

Але тое, чаго чакае Еўропа, я думаю, ёсць перш за ўсё такія сімвалічныя пытанні — гэта смяротнае пакаранне. Канешне, калі Беларусь вырашыць пытанне мараторыя на смяротнае пакаранне, гэта будзе вельмі моцным сігналам для Еўропы. Гэта відавочна.


Другие публикации