Лукашэнка выбівае ў Расіі грошы, каб расплаціцца з народам (Відэа)

10.03.2017
Аркадзь Несцярэнка, Belsat.eu

Перапалка паміж прэмʼерамі Андрэем Кабяковым і Дзмітрыем Мядзведзевым на міжурадавым пасяджэнні ў межах ЕўрАзЭС стала нагодаю, каб Аляксандр Лукашэнка чарговы раз вярнуўся да тэмы беларуска-расійскіх дачыненняў.

Палохаюць коштамі на газ

«Нас пачынаюць палохаць, што газ будзеце купляць па еўрапейскіх коштах, не 150 даляраў, а 200 даляраў. Гэта намёк на тое, што нам робяць нейкі падарунак. Мядзведзеў мусіць разумець, што калі мы будзем плаціць, як у Еўропе, то яму таксама давядзецца плаціць», — зазначыў кіраўнік Беларусі.

Запазычанасць Мінска перад «Газпрамам» складае 600 млн. даляраў

Усе апеляцыі беларускага боку да роўных умоў гаспадарання ў межах інтэграцыйнага абʼяднання застаюцца без адказу.

«Нашыя партнёры цудоўна ведаюць, што 96% электраэнергіі ў краіне вырабляецца з расійскага прыроднага газу, як у такой сітуацыі можна канкураваць на агульным рынку? Беларусь згодная рухацца наперад, але мы супраць таго, каб рабіць выгляд, што рухаемся наперад», — заявіў прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

У аўторак прэмʼер Расіі рытарычна паказаў Мінску на дзверы з ЕўрАзЭС

Мядзведзеў заўважыў, што ў выпадку «Еўразэксіту» кошты на вуглевадароды для нашай краіны будуць яшчэ большыя.

«Не трэба нічога даказваць і падлічваць, усе было б значна даражэй, пра гэта трэба памятаць, калі прымаюцца рашэнні, якія блакуюць ці тармозяць нашу інтэграцыю, вось і ўсё. Урэшце тут гвалтам ніхто нікога не трымае», — выказаўся расійскі прэмʼер.

У «Газпраме» цвердзяць, што кошты на газ для Беларусі застаюцца ніжэйшыя за сярэднееўрапейскія. Гэта і так, і не. Бо калі выкрэсліць кошты транзіту і параўнаць, колькі ў сярэднім еўрапейцы плацілі за газ у 2016 годзе (167 даляраў) і паглядзець на кошты, якія «Газпрам» выставіў для Мінска з 1 студзеня (141 даляр), то розніца зусім невялікая.

Наша краіна ўжо плоціць еўрапейскія кошты за блакітнае паліва

«Масква не можа пайсці на роўныя ўмовы гаспадарання з Мінскам, бо гэта дасць магчымасць Беларусі атрымаць вельмі шмат, чаго не хочацца Маскве, і таму гэта пастаянны гандаль і пастаянныя сутыкненні з-за супярэчнасці агульных падыходаў, якія ёсць у гэтай схеме адносін», — патлумачыў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

У актыўнай стадыі харчовая вайна

Кошты на газ — толькі адное з пытанняў, дзе Мінск і Масква ўсцяж не могуць дамовіцца. На парадку дня і прэтэнзіі да беларускіх харчоў з боку Рассельгаснагляду.

«Лукашэнка хоча завесці на мяне крымінальную справу. Дык што ён зробіць са сваім чалавекам, які скажа яму праўду? І атрымліваецца, што іхныя лекары бяруць аналізы, і яны ўсе добрыя. Але мы цяпер будзем ставіцца да іх гэтаксама, як і да іншых замежных калег. Другое парушэнне прадпрыемства? Закрываем пастаўкі!», — папярэдзіў Сяргей Данкверт.

Кошты на газ, пастаўкі харчоў на расійскі рынак і яшчэ 1-2 пытанні маюць урэшце развязаць падчас паседжання Вышэйшага дзяржсавета «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі», заявіў Аляксандр Лукашэнка. Вось толькі сустрэча мусіла адбыцца яшчэ ў лютым, але дагэтуль бакі не могуць нават акрэсліць яе прыблізнай даты.

Belsat.eu


Другие публикации