17-18 лістапада ў Мінску — канферэнцыя «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці»

20.03.2017
Лятучы ўніверсітэт

17-18 лістапада 2017 года ў Мінску пройдзе міжнароднай навуковай канферэнцыі «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці».

Канферэнцыю супольна ладзяць: Беларускі архіў вуснай гісторыі (Мінск), Інстытут славістыкі ПАН (Варшава), Польскі інстытут у Мінску і Лятучы ўніверсітэт (Мінск).

Напрыканцы мінулага стагоддзя камуністычныя або савецкія рэпрэсіі 1930-1950-х гадоў знаходзіліся ў эпіцэнтры ўвагі гісторыкаў, але паступова ў выніку перамен у гістарычнай палітыцы многіх краін постсавецкага рэгіёну яны апынуліся на перыферыі гістарыяграфіі. Між тым многія пытанні яшчэ чакаюць адказаў з боку даследчыкаў. У прыватнасці, гэта пытанні пра вытокі рэпрэсій і іх маштаб, пра стан тагачаснага грамадства, падзеленага на карнікаў і ахвяраў, пра сацыяльныя і палітычныя наступствы згаданага падзелу і самых рэпрэсій. Асобнай увагі заслугоўваюць пытанні, звязаныя з феноменам памяці/забыцця гэтай трагедыі і яе адлюстраваннем у калектыўнай памяці (Maurice Halbwachs).

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні патрабуюць аналізу ўсяго комплексу гістарычных крыніц. Але адразу паўстаюць пэўныя праблемы. У прыватнасці, для гісторыкаў Беларусі і Расіі — гэта праблема недаступнасці матэрыялаў архіваў НКУС/МДБ, а для іншых — праблема пэўнай аднатыпнасці крыніц, што захаваліся ў афіцыйных архівах. Даследчыкам часам варта выходзіць па-за сцены архіваў і звяртацца да вусных успамінаў сведкаў гісторыі.

У цэнтры ўвагі канферэнцыі знаходзіцца не толькі канкрэтна-гістарычны аспект у рамках пэўнай гістарычнай традыцыі, але таксама праблематыка калектыўнай памяці ў праекцыі вуснай гісторыі. Апошняя дазваляе аднавіць той вобраз рэпрэсій, які захавала памяць сведкаў, адчуць эмацыйны стан тагачаснага грамадства.

Кола праблем, прапанаваных для абмеркавання:

  • Вытокі, прычыны і маштаб савецкіх рэпрэсій у СССР у 1930-1950-х гадах;
  • Савецкае грамадства ў перыяд рэпрэсій: карнікі і ахвяры;
  • Месцы пахаванняў ахвяр рэпрэсій як «месцы памяці» сучаснага грамадства;
  • Вусная гісторыя як метад даследавання калектыўнай памяці пра рэпрэсіі.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, польская, украінская і англійская.

Заяўкі на ўдзел трэба дасылаць не пазней 30 чэрвеня 2017 года на адрас электроннай пошты: kanferencyja@nashapamiac.org.

У заяўцы трэба пазначыць: навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. зн.), кантактныя нумар тэлефона і адрас электроннай пашты.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.

Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.

Плануецца публікацыя матэрыялаў канферэнцыі.


Другие публикации