Уладзімір Мацкевіч: Апазіцыя сама дае ўладам падставы выводзіць АМАП 25 сакавіка

21.03.2017
Радыё «Свабода»

Філосаф і метадолаг, аўтар «Белсата» Уладзімір Мацкевіч хоча запрасіць на размову Міколу Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзьку, Аляксея Янукевіча, Віталя Рымашэўскага, Паўла Севярынца і Юрася Беленькага, каб спытаць, чаму яны сваёй няздольнасцю дамаўляцца правакуюць улады на жорсткае задушэнне акцыі 25 сакавіка.

— Сп. Уладзімір, што 25 сакавіка азначае для вас?

— Гэта традыцыйнае свята. Гэта не проста згадванне пра стварэнне БНР, а сапраўды — Дзень Волі.

— Як вы будзеце адзначаць 25 сакавіка сёлета?

— Я мяркую схадзіць прынамсі да Акадэміі навук. Паглядзім, як там далей пойдзе. Таксама мы звычайна адзначаем 25 сакавіка з калегамі ў офісе.

— Чаму сёлета 25 сакавіка асабліва важнае?

— Таму што гэтая дата стала добрай нагодай спалучыць сацыяльны пратэст з палітычным, а таксама з традыцыйным шэсцем на 25 сакавіка. Але, на жаль, непадрыхтаванасць нашых палітычных лідэраў і партый не дае магчымасці сапраўды скарыстацца гэтай нагодай. Атрымліваецца, што сацыяльныя пратэсты ідуць самі па сабе, прычым з вельмі невыразнымі патрабаваннямі і лозунгамі. А палітычнае жыццё ідзе само па сабе. Я думаю, што за кошт сацыяльнага пратэсту шэсце 25 сакавіка будзе больш шматлюдным, чым звычайна, але не на шмат.

— У Фэйсбуку вы напісалі, што хочаце запрасіць у сваю перадачу «Размова», якая выходзіць на тэлеканале «Белсат», палітычных лідэраў, каб яны далі справаздачу. Ці звязана гэта з тым, што пералічаныя вамі палітыкі не могуць дамовіцца пра фармат акцыі 25 сакавіка?

— Так, гэта звязана ў тым ліку і з гэтым. Цяпер існуе напружанне ў грамадзтве. Шмат хто гаворыць пра акцыю 25 сакавіка. Гучыць шмат пытанняў. Ёсць розныя меркаванні ў людзей. Хтосьці традыцыйна не звяртае ўвагі на палітыкаў і проста выходзіць на пратэсты. Хтосьці спадзяецца, што палітыкі пра нешта дамовяцца. Пытанні наспелі. Яны заўсёды наспяваюць падчас грамадскага напружання. Дык трэба неяк адказваць.

— Якія пытанні трэба задаць палітыкам?

— Калі вы не можаце дамовіцца, то хто ў гэтым вінаваты? І што з’яўляецца прычынай вашай няздольнасці дамаўляцца? Ці можна агульнымі намаганнямі ліквідаваць гэтую прычыну? Каму выгадна, каму на карысць тое, што палітыкі не могуць дамовіцца? Вось такія пытанні наспелі. Апазіцыя не можа дамовіцца нават пра тое, каб кантраляваць маршрут шэсця. Гэтая сітуацыя дае падставы для апанентаў, якімі ёсць улады, сказаць: вы нічога не кантралюеце, нават саміх сябе. А значыць, мы маем усе падставы выводзіць АМАП і прэвентыўна затрымліваць актывістаў. Палітычныя лідэры, якія маюць дачыненне да арганізацыі акцыі 25 сакавіка, павінна шчыра адказаць грамадству на гэтыя пытанні.

Радыё «Свабода»


Другие публикации