Што аддаў Лукашэнка за эканамічныя саступкі Расіі? (Відэа)

04.04.2017
Таццяна Рэут, Belsat.eu

Пра расійска-беларускі паліўны канфлікт Лукашэнка аптымістычна казаў яшчэ ў кастрычніку. Заявы пра тое, што бакі нібыта ў кроку ад кампрамісу, гучалі ўжо неаднаразова.

«Дамоўленасці з Расіяй аб пастаўках энерганосьбітаў павінныя быць дасягнутыя цягам двух дзён», — казаў тады кіраўнік Беларусі.

Кропка, коска, зноў кропка

З таго часу прайшло не два дні, а амаль сем месяцаў не надта ўдалых перамоў, а агулам канфлікту ўжо больш за год. І вось цяпер нібыта ўжо дакладна ставяць кропку.

Доўг будзе рэфінансаваны, чакаецца і ўзнаўленне абʼёмаў паставак нафты ў Беларусь.

«Ёсць нейкая агульная формула, але бакі могуць вельмі па-рознаму бачыць пра што ж менавіта яны дамовіліся. І ў нейкіх канкрэтных пытаннях можа ўзнікнуць нейкае супярэчанне. Пакуль што выглядае, што нейкі кампраміс дасягнуты», — зазначыў палітолаг Андрэй Ягораў.

Але шмат хто з экспертаў сітуацыю бачаць зусім па-іншаму

«Тэма нафтагазавая Беларуссю прынятая ў фармаце расійскім. То бок спачатку доўг, а пасля толькі ў 2018-2019 годзе зніжка. І Лукашэнка гэта ўсё прыняў. То бок проста пазіцыі Лукашэнка здаў», — мяркуе расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Ці здаў і іншыя пазіцыі?

Асаблівую ўвагу, як заявіў Лукашэнка, учора адвялі пытанням бяспекі. Эксперты не выключаюць, што гаворка пра больш выразную геапалітычную лаяльнасць Беларусі.

«Сёння Лукашэнка не мае ніякіх там асаў у рукавах, каб гуляць з Масквою. Ён мае толькі, што прыехаць нешта папрасіць і мусіць даць нешта ўзамен. Узамен гэта будуць расійскія вайсковыя базы. Я думаю, што гэта справа першых некалькіх месяцаў, максімальна можа да паўгода», — упэўнены журналіст выдання Rzeczpospolita Руслан Шошын.

Пра незалежнасць трэба было думаць 20 гадоў таму

Фон апошніх дамоўленасцяў, падкрэслівае Руслан Шошын, абвастрэнне дачыненняў Расіі з НАТО. І роля Беларусі, як чальца АДКБ, тут дастаткова акрэсленая. Сам жа Лукашэнка пры ўсіх спробах гуляць на два палітычныя фронты, рэальна рабіць гэта не ў стане. Бо заходнія фінансавыя структуры патрабуюць рэальных рэформ, да таго цяжка захоўваць карцінку «лібералізацыі» для Еўропы пры брутальным разгоне мірных акцый. Адначасова дыялог з усходнімі партнёрамі ісці на роўных не можа.

«Гэта 100 мільярдаў долараў за апошнія 20 гадоў. Калі ён браў гэтыя грошы ў падтрымку ад Масквы, то трэба было думаць пра незалежнасць тады», — падкрэсліў спадар Шошын.

Пра Беларусь, а асабліва пра запазычанасці Мінска, Пуцін відавочна забываць не збіраецца. А фінансавая залежнасць відавочна дыктуе і палітычныя ўмовы.

Belsat.eu


Другие публикации