10-14 траўня — Першая агульнаўніверсітэцкая гульня Лятучага ўніверсітэта

07.04.2017
Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт запрашае да ўдзелу ў Першай агульнаўніверсітэцкай гульні, што адбудзецца 10-14 траўня 2017 года.

Адпачатку з’яўлення Лятучага ўніверсітэта Гульня з’яўляецца прадметам нашых думак і распрацовак у падыходах да мыслення і грамадскай практыкі. Сёлетняя гульня — пошук адказаў на пытанні развіцця краіны, дзе адным з суб’ектаў мыслення і дзеяння з’яўляецца Універсітэт.

Тэма нашай арганізацыйна-дзейнаснай гульні — «Універсітэт і інфраструктура інавацый: стратэгія устойлівай камунікацыі суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці».

Некалькі гадоў таму мы разглядалі сучасны стан еўрапейскай цывілізацыі, як момант «восевага часу», калі пад уплывам сацыяльных і тэхналагічных працэсаў адбываюцца сутнасныя зрухі ў выбудаваным ладзе жыцця і яго арганізацыі. Беларусь не з’яўляецца выключэннем, але менавіта яна патрабуе нашай увагі, клопату, інтэлектуальных і дзейнасных высілкаў. Зараз мы назіраем пошук новых практык і форм сацыльных стасункаў у розных сферах беларускага жыцця — палітыкі, бізнеса, тэхналогій, сацыяльных адносінах, экалогіі, культуры і г.д. Універсітэт таксама з’яўляецца інавацыйным праектам. Мы бачым неадкладную патрэбу ў тым, каб усталяваць стасункі і сінхранізаваць дзеянні ў агульным руху змен грамадства. Формай гэтага пошуку мы абралі арганізацыйна-дзейнасную гульню.

Мэта гульні — выпрацоўка і замацаванне ўзаемастасункаў універсітэтата і інавацыйных грамадскіх практык у агульным накірунку змен у беларускім грамадстве.

Мы запрашаем да супольнай працы як актыўных прадстаўнікоў універсітэцкай супольнасці (выкладчыкаў і слухачоў), так і прадстаўнікоў інавацыйных грамадскіх практык і ініцыятыў, разам з якімі будзем выбудоўваць узаемадзеянне і камунікацыю дзеля разгортвання інавацыйных працэсаў у Беларусі.

Для таго каб прыняць удзел у гульні, неабходна да 23 красавіка 2017 года запоўніць форму заяўкі.

Гульня будзе адбывацца з 10 па 14 траўня 2017 года па-за межамі Мінска. Прысутнасць на працягу ўсяго мерапрыемства — абавязковая. Арганізатары пакрываюць усе выдадткі, звязаныя з удзелам у мерапрыемстве.

Колькасць удзельнікаў гульні абмежавана! Таму аргкамітэт пакідае за сабой права канчатковага адбору. Вынікі адбора будут абвешчаны не пазней за 28 красавіка 2017 года. Удзельнікі атрымаюць праграму і ўсе дадатковыя матэрыялы.

Па змястоўных пытаннях, якія вас цікавяць, просім звязвацца з кіраўніком гульні Іванам Ведзеніным: ivan.vedenin@gmail.com. Па арганізацыйных пытаннях — з адміністратарам Марынай Штрахавай па адрасе электроннай пошты: flyuniby@gmail.com (пазначайце ў тэме ліста «Гульня»).

Даведка Лятучага ўніверсітэта:

Арганізацыйна-дзейнасныя гульня (АДГ) — асаблівая форма працы са складанымі праблемамі, дазваляе дасягаць глыбокага аналізу сітуацыі, разглядаць праблемы з розных прадметных і дзейнасных пунктаў гледжання, арганізаваць агульнае разуменне, будаваць праграмы і праекты, выяўляць праблемы і цяжкасці ў іх рэалізацыі. Вынікамі гульняў станавіліся канцэпцыі, стратэгіі, праграмы і праекты развіцця, а таксама новыя формы перспектыўнай арганізацыі дзейнасці для вырашэння актуальных праблем. З 2005 года Агенцтва гуманітарных тэхналогій (АГТ) праводзіць праблемна-арыентаваныя АДГ па найважнейшых пытаннях развіцця краіны. У цэнтр увагі за гэты перыяд траплялі праблемы палітычнага жыцця, геапалітычнага выбару, грамадзянскай адукацыі, развіцця культуры.


Другие публикации