Справа «Белага легіёна»: чаму ўлады даюць заднюю? (Відэа)

10.06.2017
Ян Бабіцкі, Belsat.eu

Больш за два дзясяткі арыштаваных, арсеналы зброі ды выбуховак. Гэтак дзяржаўныя медыя пачыналі справу «Белага легіёна» ў другой палове сакавіка.

Пасля падобных сюжэтаў з вялікаю імавернасцю можна было чакаць гучных судовых працэсаў і новых тэрмінаў зняволення. Аднак гісторыя патрыётаў атрымала нечаканы паварот. Крымінальныя справы, заведзеныя паводле артыкулу «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах», пачалі адну за адною спыняць.

«Як па-ідыёцку гэтую справу пачалі (выбітымі дзвярыма і вокнамі), гэтак яе і спыняюць за адсутнасцю складу злачынства», — падсумоўвае вынікі следства Зміцер Дашкевіч, ужо былы фігурант справы.

Паводле такой фармулёўкі спынілі крымінальны пераслед супраць сябраў «Маладога фронта» Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага.

Сёння паведамленне з КДБ атрымаў і актывіст Раман Васільеў

«Я мяркую, што хваля вулічных пратэстаў вясной 2017 года выклікала істэрыю вышэйшага кіраўніцтва краіны і фальсіфікацыяй вось гэтай справы. Трэба было знайсці казлоў адпушчэння, а таксама прадэманстраваць патрыётам, якія гатовыя выходзіць на вуліцы, што з імі будзе», — упэўнены Дашкевіч.

Справа «Белага легіёна» ў ахопленай эканамічным крызісам і пратэстамі супраць «дармаедаўскага дэкрэта» Беларусі стала самаю гучнаю пасля падзей Плошчы 2010 года. Кіраўніцтва ў сакавіку афіцыйна заявіла пра выкрыццё ў нашай краіне сеткі баевікоў, якія з дапамогаю замежнікаў рыхтавалі закалоты.

«Мы затрымалі некалькі дзясяткаў асоб. Гэта не тыя, якіх у аўтобусе затрымалі, анархістаў у масках. Яны са зброяй трэнаваліся. Трэнаваліся ў лагерах у нас. Адзін з лагераў быў пад Асіповічамі, іншыя лагеры былі ва Украіне. Па-мойму, яшчэ ў Літве і Польшчы», — распавядаў усім Аляксандр Лукашэнка тры месяцы таму.

Чаму цяпер улады зрабілі чарговы крок назад?

«Справа патрыётаў» ад пачатку была шытая белымі ніткамі. Яе прызначэнне на самым версе было для гандлю з Еўропай. Цяпер гэты гандаль спатрэбіўся, некага выпусцілі», — мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Сярод фігурантаў «справы патрыётаў» зусім не баевікі, а прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі.

Ці справу «Белага легіёна» канчаткова спыняць?

Паводле апошніх звестак, за кратамі паводле справы г.зв. баевікоў застаюцца чатырнаццаць асоб. Як цвердзяць праваабаронцы, некаторых з іх, імаверна, катуюць. У траўні кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся да генеральнага пракурора з просьбаю зыніцыяваць адмысловае правяранне. У адказ праваабаронца атрымаў адмову. Маўляў, наконт здзекаў з фігурантаў справы няма фактаў.

Belsat.eu


Другие публикации