Андрэй Ягораў: Цяпер любыя вучэнні з удзелам Расіі асацыююцца з агрэсіўнымі планамі Масквы (Аўдыё)

15.06.2017
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Ці могуць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017» стаць чыннікам дэстабілізацыі ў беларуска-заходніх стасунках? Ці ўдасца Мінску падтрымаць свой імідж «донара стабільнасці» ў рэгіёне? Ці могуць расійскія войскі застацца ў Беларусі пасля гэтых вучэнняў? Як можна параўнаць маштабы гэтых вучэнняў з папярэднімі?

Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы «Экспертыза Свабоды» абмяркоўваюць палітолагі Андрэй Ягораў і Арсень Сівіцкі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў: «Нягледзячы ні на які ціск, беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017» будуць праведзены маштабна і сур’ёзна», — заявіў 13 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў дзяржаў-членаў АДКБ. «Вы выдатна ведаеце, што Беларусь і ў рамках «Саюзнай дзяржавы», і ў межах АДКБ адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасці Беларусі, і ўся наша армія сканцэнтравана на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На якім міжнародным фоне пройдуць гэтыя вучэнні? Чаму суседзі Беларусі ў той ці іншай ступені выказваюць незадавальненне ў сувязі з гэтымі манёўрамі? Ці можа «Захад-2017» стаць чыннікам дэстабілізацыі ў беларуска-заходніх дачыненнях?

Андрэй Ягораў: Мне падаецца, што гэтая тэма надта шмат мусіруецца апошнім часам. Тое, што адбываецца, не надта адрозніваецца ад ранейшых вучэнняў і ад ранейшых рэакцый суседзей Беларусі. Адзінае, што мяняецца — гэта геапалітычны кантэкст, агрэсіўныя паводзіны Расіі ў рэгіёне. Таму любыя вучэнні з удзелам Расіі цяпер асацыююцца з агрэсіўнымі планамі Масквы і, адпаведна, выклікаюць занепакоенасць і нервовую рэакцыю з боку найперш Літвы. Але я не думаю, што гэта нясе нешта крытычна новае і нейкім чынам можа паўплываць на стасункі Беларусі з суседзямі і Захадам у цэлым.

Віталь Цыганкоў: Новым чыннікам ёсць украінская рэакцыя — выказванні некаторых украінскіх палітыкаў, пікеты супраць гэтых вучэнняў. Вядома, прэзідэнт Парашэнка сам нічога крытычнага не выказваў. Але раней ва Украіне такія вучэнні нікога не краналі, цяпер, з «новым геапалітычным кантэкстам», яны выклікаюць занепакоенасць і там.

Андрэй Ягораў: Думаю, гэта не паўплывае на беларуска-украінскія дачыненні. Гэта проста адзнакі істэрыі, якая назіраецца паўсюль. Самі вучэнні нічога не змяняюць, і ўсё супакоіцца, як толькі яны скончацца і войскі вярнуцца ў месцы сваёй дыслакацыі. Гэта не паўплывае на беларуска-украінскія адносіны, бо іхная прагматыка ляжыць зусім у іншай плашчыні.

Віталь Цыганкоў: Арсень, вось Андрэй ужыў выразы «мусіруецца» і «істэрыя». Вы якраз адзін з тых аналітыкаў, які вельмі шырока і часта ўздымаў у СМІ пытанне гэтых вучэнняў. Чым абгрунтаваная такая занепакоенасць?

Арсень Сівіцкі: Гэта занепакоенасць апраўдана цалкам, бо звязана з той агрэсіўнай замежнапалітычнай лініяй, якую праводзіць сёння Крэмль не толькі ў дачыненні Украіны, але і Беларусі. Ад 2015 года Крэмль робіць намаганні, каб усталяваць на тэрыторыі Беларусі сваю ваенную прысутнасць. У 2015 годзе гэта не атрымалася, калі Пуцін ужо выдаў распараджэнне размясціць у Беларусі авіябазу.

Таму, безумоўна, занепакоенасць звязана з тым, што стратэгічнай мэтай Масквы ёсць пераўтварэнне Беларусі ў вайскова-палітычны плацдарм Расіі. Расійскі бок у канцы 2016 года (калі яшчэ вучэнні «Захад-2017» не планаваліся дэталёва) апублікаваў дадзеныя лагістыкі, якія не адпавядалі дадзеным беларускага боку. Удзел трох тысяч расійскіх вайскоўцаў не патрабаваў 4 тысяч вагонаў.

Віталь Цыганкоў: Дыскусія пра гэтыя 4 тысячы вагонаў ідзе даволі даўно, што вядома на цяперашні момант?

Арсень Сівіцкі: Афіцыйныя звесткі былі агучаны міністрам абароны Беларусі, і цяпер вядома, што тэхнічныя параметры вучэнняў не будуць адрознівацца ад параметраў «Захад-2013». Але тыя лагістычныя дадзеныя сведчылі, што Расія планавала правесці маштабную перадыслакацыю сваіх войск. І гэтыя планы не абмяркоўваліся з беларускім Міністэрствам абароны, гэта было сведчанне такога непаважлівага стаўлення Расіі да беларускага боку. Гэта нагадвала дзеянні Крамля ў 2015 годзе, калі Пуцін падпісаў распараджэнне аб стварэнні авіябазы, не спытаўшы беларускага дазволу.

Цяпер відавочна, што беларускі бок настаяў на сваёй пазіцыі наконт таго, як гэтыя вучэнні будуць праходзіць і які мець сцэнарый.

Віталь Цыганкоў: Атрымліваецца, што ў беларускай грамадскасці, у заходніх суседзей былі абгрунтаваныя прычыны хвалявацца за форму правядзення гэтых вучэнняў? Ці, можа, гэта нармальная палітычная барацьба, імкненне падарваць імідж беларускіх уладаў? Ці ўдасца Мінску падтрымаць свой імідж «донара стабільнасці» ў рэгіёне?

Андрэй Ягораў: Ці ўдасца Мінску падтрымаць гэты міф «донару стабільнасці»? Бо я лічу, што за іміджам нічога рэальнага не стаіць. Я думаю — так. Бачым, што беларускаму боку ўдалося ўлагодзіць гэтую сітуацыю, вучэнні пройдуць паводле ўзгодненага з Мінскам сцэнарыя.

Сітуацыя, у пэўным сэнсе, раскручвалася наўмысна. Дзеля продажу на Захад істэрыі наконт таго, што: «Ах, Расія нас паглынае, цісне» — каб вымусіць Захад да больш лаяльнага стаўлення да Беларусі. Але фактычна такога страшнага ціску не было, — прынамсі, у тым аб’ёме, як гэта апісвалі некаторыя з экспертаў. Вядома, Расію часам заносіць — гэта было раней і будзе далей. Але Беларусь мае магчымасць захавання свайго частковага суверэнітэту. Пакуль што ўсё гэта не выходзіць за межы традыцыйных міждзяржаўных разборак.

Віталь Цыганкоў: Лукашэнка 13 чэрвеня таксама заявіў міністрам абароны краін АДКБ: «Мы запросім на вучэнні ўсіх сёння прысутных міністраў абароны, і не толькі. Гэтыя вучэнні адкрытыя. Няхай глядзяць на нашы магчымасці». А як наконт ідэі запрасіць на вучэнні прадстаўнікоў НАТА?

Арсень Сівіцкі: Пазіцыя беларускага кіраўніцтва ў тым, каб правесці гэтыя вучэнні максімальна празрыста для міжнароднай грамадскасці, перш за ўсё для нашых суседзей. Міжнародныя назіральнікі з гэтых краін будуць запрошаны. Таксама ёсць пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі, што павінны быць запрошаны і прадстаўнікі НАТА. Проста звычайна за 50-60 дзён да пачатку вучэнняў пачынаецца працэс інфармавання міжнародных назіральнікаў — тэрмін яшчэ не падышоў.

Гэта якраз тая лінія Мінска, якая адпавядае курсу на рэгіянальнае донарства стабільнасці і бяспекі, праводзіць цалкам транспарэнтую і прадказальную вайсковую палітыку, каб не ўспрымацца міжнароднымі актарамі як агрэсіўны прыдатак Расіі. «Донарства бяспекі» ў тым, каб на тэрыторыі Беларусі не было расійскіх войск, і яны не могуць выкарыстоўваць нашу тэрыторыю дзеля нейкіх агрэсіўных мэтаў. І пакуль гэты статус-кво захоўваецца, Беларусь з’яўляецца партнёрам, з якім можна весці дыялог, прызнаваць вышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Мінск максімальна зацікаўлены ў тым, каб гэтыя вучэнні прайшлі максімальна празрыста і без эксцэсаў.

Віталь Цыганкоў: На заканчэнне размовы ваш прагноз: ці застануцца (паспрабуюць застацца) расійскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі пасля вучэнняў? Ці як прыйшлі, так і выйдуць?

Андрэй Ягораў: Вядома, яны сыйдуць, усё застанецца як раней. Няма ніякай небяспекі, што яны могуць тут застацца.

Арсень Сівіцкі: Калі ўсё будзе праходзіць паводле плана, расійскія войскі пойдуць пасля вучэнняў з тэрыторыі Беларусі. Бо ў беларускага кіраўніцтва на сёння няма ніякіх планаў, звязаных з усталяваннем расійскай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі.

Але трэба разглядаць і крызісны сцэнарый. Калі адбудуцца нейкія правакацыі, звязаныя з дэстабілізуючай актыўнасцю нейкай праварадыкальнай арганізацыі, то гэта будзе падставай для расейцаў, каб тут застацца дзеля стабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі. І гэта я зараз вам распавядаю сцэнарый вучэнняў «Захад-2015». То бок, мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб цяперашнія вучэнні прайшлі максімальна планава і без нейкіх правакацый і пратэставай актыўнасці з боку грамадства.


Другие публикации