Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Андрэй Казакевіч: Кангрэс даследчыкаў Беларусі аб’яднае рэвалюцыю 1917 года і Біблію Скарыны
Будуць закранацца і актуальныя тэмы, у прыватнасці, пытанні бяспекі ў рэгіёне, асабліва ў кантэксце вучэнняў «Захад-2017».
15-17 верасня 2017 года ў Варшаве пройдзе VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. Раней галоўная беларуская акадэмічная падзея года праходзіла напачатку кастрычніка ў літоўскім Коўне. Пра арганізацыйныя змены і актуальныя тэмы ды адметнасці сёлетняга Кангрэса Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавёў дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, які выступае арганізатарам форума.
— Змена месца звязана з жаданнем Арганізацыйнага камітэта надаць Кангрэсу новую дынаміку, уключыць у працу новых людзей, выйсці на новую аўдыторыю. Верагодна, месца правядзення будзе мяняцца кожны год. Сёлета выбар паў на Варшаву, бо менавіта ў гэтым горадзе мы маем вялікую колькасць зацікаўленых акадэмічных асяродкаў. У Польшчы ў прынцыпе вельмі актыўна займаюцца даследаваннем Беларусі, існуе шырокая супольнасць людзей, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, культурай, мовай, палітыкай, грамадствам.
Змена часу правядзення Кангрэса выцякала са змены месца: у Польшчы навучальны год пачынаецца 1 кастрычніка, таму ў сярэдзіне верасня зручней правесці такую вялікую навуковую канферэнцыю і выкарыстоўваць інфраструктуру ўніверсітэтаў.
— Адсюль вынікае, што сёлета ў Кангрэсе возьмуць удзел больш польскіх даследчыкаў?
— Так, мы чакаем значна большую колькасць польскіх даследчыкаў. Хаця варта адзначыць, што і так яны вельмі актыўна ўдзельнічалі ў працы Кангрэса.
— Сёлета ў форума з’явіліся новыя партнёры?
— Сапраўды, адбыліся значныя змены. Асноўным акадэмічным партнёрам у нас выступіў варшаўскі ўніверсітэт Collegium Civitas. Таксама да арганізацыі далучылася кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Інстытут славістыкі Акадэміі навук Польшчы, шэраг грамадскіх арганізацый, у прыватнасці, Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр. Мяняецца і склад інфармацыйных партнёраў: сёлета да іх кола далучыліся «Радыё Рацыя», Беларуская служба «Польскага радыё» і тэлеканал «Белсат».
— Якія тэмы стануць асноўнымі падчас працы форума?
— У Кангрэсе плануецца ўдзел больш за 600 даследчыкаў па абсалютна розных дысцыплінах — ад эканомікі да лінгвістыкі, — і аб’яднаць іх пад агульнай тэмай практычна немагчыма. Хаця для гэтага года характэрны і пэўны тэматычны фокус, звязаны з дзвюма юбілейнымі датамі з гісторыі Беларусі. Першая — гэта камуністычная рэвалюцыя 1917 года і ўвогуле падзеі, звязаныя з рэвалюцыямі, гвалтам, войнамі ў беларускай гісторыі ХХ стагоддзя, з досведам камунізма і таго, як ён паўплываў на беларускае грамадства і культуру. Гэтая тэма будзе ўздымацца падчас працы некалькіх секцый, на пленарным пасяджэнні Кангрэса і ў некалькіх дыскусіях. Акрамя гэтага, сёлета адзначаецца юбілей выдання скарынаўскай Бібліі ў 1517 годзе, і гэтай тэме таксама будзе прысвечана праца некалькіх секцый і панэлей. Прычым не столькі ў кантэксце асобы Скарыны і яго дзейнасці, колькі ў сумежных тэмах. Будзе разглядацца праблема перакладаў на беларускую мову, у прыватнасці, перакладаў Бібліі, праблема пісьмовай і літаратурнай традыцыі Беларусі, феномен эпохі Адраджэння ў Вялікім княстве Літоўскім, яе значэнне для гісторыі і сучаснай беларускай культуры і грамадства і г.д.
Таксама будуць закранацца і актуальныя тэмы, у прыватнасці, пытанні бяспекі ў нашым рэгіёне, асабліва ў кантэксце вучэнняў «Захад-2017», бо гэтая падзея вельмі турбуе нашых суседзей у Літве, Польшчы і Украіне. Будуць панэлі, прысвечаныя эканамічнаму развіццю Беларусі, інфармацыйнаму ўплыву Расіі на постсавецкай прасторы (у прыватнасці, у Беларусі), а таксама іншым аспектам сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцця не толькі нашай краіны, але і рэгіёна.
— Якое значэнне мае Кангрэс даследчыкаў Беларусі для рэгіёна?
— Па-першае, ён з’яўляецца самай буйной рэгулярнай даследчай і акадэмічнай падзеяй года, якая дае магчымасць даследчыкам з розных дысцыплін камунікаваць паміж сабой, абменьвацца ідэямі. Дзякуючы Кангрэсу паўстаюць новыя даследчыя праекты і супольнасці, выходзяць новыя публікацыі. Шырокай публіцы становіцца вядомыя дасягненні асобных навукоўцаў, дзякуючы СМІ гэтыя веды патрапляюць за межы акадэмічнай супольнасці. Дзякуючы прэміі Кангрэса, якая надаецца за лепшыя публікацыі ў розных сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах, становяцца вядомымі даследчыкі і іх навуковыя працы. У Кангрэсе бяруць удзел не толькі прадстаўнікі акадэмічных інстытуцый, але таксама і грамадзянскай супольнасці, якія абмяркоўваюць развіццё беларускага грамадства, палітыкі, культуры. Адбываецца міжсектаральная камунікацыя паміж акадэмічнай, экспертнай, грамадзянскай супольнасцямі, СМІ і іншымі зацікаўленымі бакамі.
— Ці з’яўляецца Кангрэс паказчыкам цікаўнасці да Беларусі ў свеце і ці можна яе прасачыць дзякуючы форуму?
— Даследаванні Беларусі ўжо склаліся як асобны сегмент міжнароднай даследчай дзейнасці.
На маю думку, Кангрэс выконвае значную і пазітыўную ролю ў кансалідацыі даследаванняў Беларусі на міжнародным узроўні. Кожны год траціна ўдзельнікаў — гэта прадстаўнікі з іншых краін: Польшча, Украіна, Расія, Літва, ЗША, Германіі і г.д. Адбываецца важная камунікацыя, абмен вынікамі даследчай працы, павышаецца вядомасць беларускіх даследчыкаў за мяжой, а самі яны атрымліваюць новыя магчымасці для самарэалізацыі. Акрамя гэтага, міжнародны склад Кангрэса значна пашырае магчымасці для параўнальных і рэгіянальных даследаванняў.
Даведка EuroBelarus.Info:
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці.
Кангрэс ініцыяваны для інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах, а таксама для спрыяння больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных і грамадскіх асяродках краін рэгіёна і свету.
Форум з’яўляецца месцам прэзентацыі вынікаў даследаванняў, а таксама вынікаў працы навукоўцаў і экспертаў на працягу года. Акрамя гэтага, Кангрэс дзейнічае для абмеркавання перспектыўных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»