Дзе нашая вонкавая палітыка? Аналізуем мапу дыпламатычных кантактаў Лукашэнкі

16.10.2017
Вераніка Уладзімірава, Belsat.eu

Паспяховы гандаль ідэяй беларускай стабільнасці на Захадзе, крытыка еўразійскай інтэграцыі і хаатычны пошук новых рынкаў — гэтым Аляксандр Лукашэнка займаецца апошні час.

Тэлеканал «Белсат» склаў мапу дыпламатычных кантактаў кіраўніка Беларусі за апошнія 7 гадоў, пачынаючы з яго папярэдняга тэрміну, і прааналізаваў яе разам з палітычнымі экспертамі

Мапа кантактаў Лукашэнкі з лідарамі краінаў свету (навесці курсор на краіну, каб даведацца больш)

Да нас больш не ездзіць Пуцін

Аляксандр Лукашэнка наведваецца да найбліжэйшага хаўрусніка Уладзіміра Пуціна некалькі разоў на год. За апошнія шэсць гадоў — не менш за 22 афіцыйныя візіты ў Расію, калі не лічыць сустрэчы на форумах і самітах. Аднак за гэты час Пуцін прыязджаў у Мінск толькі два разы. Для вырашэння пытанняў сюды едуць ягоныя чыноўнікі, якія маюць ад Пуціна канкрэтныя інструкцыі. Нават на сумесныя вучэнні «Захад-2017», большая частка якіх праходзіла на тэрыторыі Беларусі, Уладзімір Пуцін не прыехаў і назіраў з палігону ў Ленінградскай вобласці.

«Гэта пытанне значнасці. Без нас Расія пражыве, без Расіі сённяшняя беларуская эканоміка — мёртвая. Лукашэнку патрэбна туды ездзіць, ён і ездзіць. Так было заўсёды, але раней хаця б з ветлівасці расійскія лідары прыязджалі, у тым ліку Пуцін, даволі рэгулярна. Зараз гэта сапраўды спынілася. Справа ў тым, што Пуцін апошнія гады, асабліва пасля Крыму, моцна захапіўся міжнародным, глабальным парадкам дня. Ён недзе ў аблоках, дзеліць свет з Трампам, ён у Сірыі, ён недзе ваюе, і такія дробязі, як Беларусь, ён даўно дэлегаваў сваім «тэхнакратам». І ў гэтым была праблема для Лукашэнкі. Калі раней можна было сказаць: «Валодзя, давай паразмаўляем», то цяпер гэта ўсё спісана на нейкіх людзей, якія проста выстаўляюць рахункі», — тлумачыць Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік.

Раззлаваць Еўрасаюз стала больш складана

Мапа ўсіх сустрэч і кантактаў Лукашэнкі пасля 2014 года (навесці курсор на краіну, каб даведацца больш)

2015 год для Лукашэнкі стаў самым насычаным на візіты, як ягоныя за мяжу, так і замежнікаў да нас. У тым ліку, на сустрэчы да Аляксандра Лукашэнкі актыўна сталі ездзіць прадстаўнікі еўрапейскіх краін — Аўстрыі, Бельгіі, Чэхіі, Польшчы і інш., а таксама інстытуцый Еўрасаюза. Кіраўнік Беларусі з’ездзіў у Ватыкан і сустрэўся ў Рыме з прэзідэнтам Італіі.

Пацяпленне адносін адбылося на фоне ўкраінскага крызісу, але галоўным чыннікам стала не роля Беларусі, як пляцоўкі для мірных перамоў, як гэта прынята лічыць у афіцыйным дыскурсе, але змена ракурсу погляду Еўрасаюза на наш рэгіён.

«Беларусь стала пляцоўкай для перамоў па Украіне ў сілу дастаткова выпадковых абставін. Другой магчымай пляцоўкай мог стаць Казахстан, які прапаноўваў сябе, але яго не выбралі. На гэтым роля Беларусі скончылася — гэта месца, дзе праходзілі перамовы. Ніякай міратворчай ролі Беларусі не было, гэта ўсё міфалогія, якая раздуваецца тымі, хто намагаецца падняць статус Беларусі і вырашыць за гэты кошт праблемы, якія існуюць у вонкавых адносінах», — кажа Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі ў Мінску.

Пацяпленне дачыненняў з Еўрасаюзам пачалося яшчэ да ўкраінскага крызісу, з моманту Саміта Усходняга партнёрства ў лістападзе 2013 года, дзе Беларусь заявіла аб намеры распачаць перамовы з Еўрасаюзам. На працягу наступнага года былі выпушчаныя палітычныя зняволеныя — галоўнае патрабаванне Еўропы да супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Украінскі крызіс узмацніў гэта, але толькі ў тым сэнсе, што змяніліся геапалітычныя абставіны. І сама па сабе Беларусь стала ўспрымацца як адна з магчымых ахвяр канфлікту з Расіяй, і некаторыя рэчы Еўрасаюз стаў бачыць у іншым ракурсе. Яны ў меншай ступені сталі звяртаць увагу на сітуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй і ў большай ступені стала важным утрымаць Беларусь у зоне свайго ўплыву, а не аддаць цалкам Беларусь Расіі», — кажа Андрэй Ягораў.

Адгэтуль — адсутнасць рэакцыі, як дыпламатычнай, так і эканамічнай на рэпрэсіі ўвесну 2017 года. Падчас масавых пратэстаў 15 сакавіка ў Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, адразу пасля — прыязджалі прадстаўнікі Сусветнага банку, улетку — прэзідэнт Сербіі, міністр замежных справаў Аўстрыі. Ніякіх афіцыйных заяў, асуджэння, санкцый.

«Ні Еўрасаюз, ні Беларусі не хацелася губляць напрацаваныя адносіны. А таксама прынцыповым адрозненнем сітуацыі сакавіка 2017 года і снежня 2010 года былі палітзняволеныя. Сёлета не было палітзняволеных, і нават тыя, хто трапіў пад рэпрэсіўную плынь, напрыклад, «Справа патрыётаў», то гэта было спушчана на тармазах», — тлумачыць Андрэй Ягораў.

Па версіі праваабаронцаў, у Беларусі ўсе ж такі ёсць палітзняволеныя. Да таго ж, пасля акцыяў пратэстаў ізноў арыштоўваюць актывістаў. Проста цяпер за кратамі знаходзяцца Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец. Але нават і гэта не ў стане раззлаваць Еўрасаюз да такой ступені, каб абарваць дыпламатычны кантакт і зрабіць Лукашэнку персонай нон-грата, як гэта было ў 2011 годзе. Наадварот, на днях яго запрасілі ў Брусель, на саміт Усходняга партнёрства ў лістападзе, дзе, вядома, ён пацісне руку лідарам розных краін, у тым ліку, еўрапейскіх. Планка дэмакратычных і праваабарончых патрабаванняў да Беларусі рэзка панізілася.

«На першае месца ў Еўрасаюзе зараз выйшлі інтарэсы нацыянальнай стабільнасці, бяспекі, а не інтарэсы дэмакратызацыі краін. Нават наяўнасць палітвязняў больш не становіцца глебай, каб мяняць падыход да Беларусі. Пад рознымі соусамі дыпламаты Еўрасаюза знаходзяць прычыны, па якім не трэба заўважаць праблемы», — кажа Арцём Шрайбман.

Стабільнасць, прадказальнасць, нейтральнасць, міралюбівасць — тое, што Аляксандр Лукашэнка намагаўся прадаць унутры краіны, спрацавала на Захад.

«Пазіцыя Беларусі прагледжваецца па ўсіх спрэчках Расіі з астатнім светам. Гэта не толькі Украіна, але і ў адносінах Расіі і ЗША, па расійскай аперацыі ў Сірыі, нават калі была спрэчка Расіі і Турцыі наконт самалёта, мы таксама занялі пазіцыю «мірыцеся нашая брацкая Расія і сяброўская Турцыя». Усе гэтыя новыя ноткі ў беларускай пазіцыі, яны заўважаюцца, занатоўваюцца, у тым ліку і нейкія гуманітарныя крокі ў выглядзе «бязвізу», — кажа Арцём Шрайбман.

З Еўропы да нас ездзяць толькі міністры

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Аўстрыі Себасцьянам Курцам / Фота: president.gov.by

Ні адзін з прэзідэнтаў еўрапейскіх краін, акрамя Італіі, не запрасіў Лукашэнку да сябе і не прыехаў у Беларусь ад пачатку пацяплення адносін і адмены санкцый. Да нас прыязджаюць прэм’ер-міністры, міністры замежных спраў, але на вышэйшым узроўні кантактаў у Еўропе ў Лукашэнкі няма.

«Лукашэнка — непрыемны для іх чалавек. Сустракацца з ім яны не хочуць праз выдаткі, якіх гэтая сустрэча будзе каштаваць іхнай рэпутацыі. Сустракацца з наяўным дыктарам, які, магчыма, датычны да палітычных забойстваў у сваёй краіне, да масавых парушэнняў правоў чалавека, без асаблівай патрэбы яны не хацелі б», — кажа Андрэй Ягораў.

Асабліва гэта датычыцца бліжэйшых да нас суседзей, якія толькі фарміруюць свой імідж унутры Еўрасаюза, і сустрэча з тым, каго ўсе лічаць дыктатарам, магла б вельмі пашкодзіць гэтаму іміджу. Тым больш, што і без такіх сімвалічных сустрэчаў на вышэйшым узроўні, Беларусь актыўна супрацоўнічае са сваімі еўрапейскімі суседзямі на ўзроўні міністэрств у розных галінах.

Арцём Шрайбман лічыць, што асабістага непрымання Лукашэнкі ў еўрапейскіх лідараў няма. Калі б было сапраўды патрэбна, то яны прыехалі б:

«Запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства гэта пацвярджае. Тут такое тлумачэнне можа быць, чаму яны не прыязджаюць: Беларусь не самая важная краіна. Візіт лідара, а тым больш візіт лідара ўплывовай краіны — гэта заўсёды вялікі аванс, сігнал прымаючаму боку. Проста так гэта ніколі не адбываецца, таму што хтосьці праехаў міма. Гэта Мадура можа міма праехаць і заехаць. Але ні Эмануэль Макрон, ні Ангела Меркель гэтага не зробяць».

Еўразійскі саюз і СНД — сродак шантажу для Лукашэнкі

Назарбаеў і Лукашэнка / Фота: president.gov.by

Што датычыцца лідараў краін, што знаходзяцца ад нас на ўсход, то найбольш часта пасля Пуціна Лукашэнка сустракаецца з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым і прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Іхныя двухбаковыя візіты адбываюцца штогод. Акрамя таго, сустрэчы з лідарамі названых краін, а таксама з прэзідэнтамі Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Арменіі часта адбываюцца на самітах Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД.

Аляксандр Лукашэнка ўвесь час крытыкуе гэтыя злучэнні за неэфектыўнасць і бюракратызацыю. Але ўсё роўна спраўна туды ездзіць.

«Усё гэта — вырашэнне пытанняў з Расіяй. Самастойнай каштоўнасці ў гэтых арганізацыях ні для Лукашэнкі, ні для іншых лідараў ужо даўно няма. Гэта проста месца сустрэчы, каб не арганізоўваць паўнавартасныя двухбаковыя візіты, — кажа Арцём Шрайбман. — Але для Лукашэнкі гэта яшчэ і прадмет шантажу. Калі паглядзець на рыторыку спрэчак беларускай улады з Масквой, ён амаль заўсёды прыбягае да такога рычагу: я не паеду на саміт. Апошні раз ён прыгразіў адклікаць беларускіх спецыялістаў з Еўразійскай эканамічнай камісіі. Гэтыя пагрозы не збываюцца, але гэта кажа пра тое, што ўсе гэтыя фарматы сталі замест інструменту вырашэння пытанняў картай, якую выкладаюць на стол, калі больш ніякіх козыраў не засталося».

Ліхаманкавыя спробы знайсці новыя рынкі для беларускіх тавараў

Трактар з каўбасаў на мінскіх абласных дажынках

За апошнія два гады Лукашэнка з’ездзіў у Інданезію, Тайланд, Пакістан, Індыю, Судан, Грузію, Егіпет. Рэгулярна наведваецца ў Кітай і прымае Сі Цзіньпіна ў сябе. Не забываецца на старыя зносіны з Катарам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, хоць ездзіць ён туды сам, зваротных візітаў лідараў гэтых краін да нас у разгледжаны перыяд не было.

Больш за ўсё ўвагі ў гэтых перамяшчэннях Лукашэнкі па свеце заслугоўвае Кітай. Для яго Беларусь — мізэрны партнёр, перыферыя, але для Беларусі такое супрацоўніцтва можа прыносіць грошы, а таксама рыторыку — такі магутны сябра падпраўляе імідж, хоць і карцінка сяброўства можа быць раздзьмутая.

Астатняе — гэта спарадычныя спробы знайсці новыя рынкі збыту для беларускіх тавараў.

«Тое, што найбольш выклікае размоў на вышэйшым узроўні ў Беларусі, — гэта нарошчванне экспарту і пошук новых рынкаў збыту. Але беларускія тавары не канкурэнтаздольныя на еўрапейскім рынку. Мы не можам скласці канкурэнцыю нямецкаму машынабудаванню. Вось мы і намагаемся знайсці, куды мы можам гэта ўсё прадаць. Егіпет, Судан, Лацінская Амерыка, уключаючы Індыю — гэта намаганні знайсці новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі па асобных нейкіх каналах, калі мы не можам збываць гэта на еўрапейскім рынку па канткурэтаздольных коштах», — кажа Андрэй Ягораў.

Лукашэнка і ўсе ўкраінскія прэзідэнты

Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка / Фота: president.gov.ua

З 2011 года Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з усімі ўкраінскімі прэзідэнтамі: Віктарам Януковічам, выконваючым абавязкі прэзідэнта Аляксандрам Турчынавым, з Пятром Парашэнкам, а таксама з былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмай (два разы).

Арцём Шрайбман, які з’яўляецца палітычным аглядальнікам, а таксама журналістам, кажа, што менавіта візіт Лукашэнкі ў Кіеў у ліпені 2017 году выклікаў найбольшы інтарэс, як сярод медыя-супольнасці, так і ў грамадстве.

«Дзве сустрэчы з Парашэнкам за адзін год — гэта даволі ўнікальна. Грамчэй прагучаў, канешне, наш візіт у Кіеў, бо там былі інцыдэнты з голымі пратэстоўцамі. Але сам візіт Лукашэнкі ў Кіеў успрымаўся як нейкі дэмарш у адрас Расіі. Прынамсі, у некаторых расійскіх медыя гэта так і падавалася», — кажа Арцём Шрайбман.

Ці дапаможа нам дыпламатыя?

Беларусь хоча атрымаць больш еўрапейскіх інвестыцый. Мы хочам пазбавіцца іміджу апошняй дыктатуры Еўропы. Але адказ на гэтае пытанне — не дыпламатыя і нават не пазітыўны імідж краіны, як і яе кіраўніка, на міжнародным узроўні.

«Сутнасныя пытанні не могуць быць вырашаныя выключна праз дыпламатыю, — кажа Андрэй Ягораў. — Еўрасаюз не можа ўзяць і сказаць свайму бізнесу: інвестуйце ў Беларусь. Яны глядзяць на крэдытны рэйтынг краіны, на гарантыі заканадаўства, крымінальныя справы і самі вырашаюць, будуць яны інвеставаць у краіну з такім інвестыцыйным кліматам, або не. Без рэальных рэформ ніякіх праблем не вырашыць».

«Каб рэальна зацікавіць, трэба прадпрымаць нейкія крокі. Вось адмена віз — гэта добры крок. Але людзі прыязджаюць, глядзяць на гэтую краіну, а што яны бачаць далей? Ці ёсць у вас карупцыя? А як у вас тут з гарантыямі? І іншыя пытанні, з культурай, у любой сферы. Пакуль не навесці парадак у сваёй хаце, няма чаго разлічваць на дыпламатычныя кантакты», — кажа Андрэй Ягораў.


Другие публикации

  • Андрэй Вітушка — аб беларускай медыцыне (Відэа)

    10.09.2021
    Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка»

    Аналітычны праект «Чацвёртая Рэспубліка» — гэта спроба пошуку падстаў і магчымых варыянтаў будучыні Беларусі, разгляд пытанняў пераходу ад існуючай у цяперашні час у краіне палітыка-эканамічнай мадэлі да варыянту сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.

  • Татьяна Водолажская — о реформах в образовании (Видео)

    09.09.2021
    Аналитический проект «Четвертая Республика»

    Аналитический проект «Четвертая Республика» — это попытка поиска оснований и возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей в настоящее время в стране политико-экономической модели к варианту современного демократического государства.

  • Владимир Дунаев — об образовании (Видео)

    08.09.2021
    Аналитический проект «Четвертая Республика»

    Аналитический проект «Четвертая Республика» — это попытка поиска оснований и возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей в настоящее время в стране политико-экономической модели к варианту современного демократического государства.

  • Владимир Мацкевич — о будущей конституции (Видео)

    07.09.2021
    Аналитический проект «Четвертая Республика»

    Аналитический проект «Четвертая Республика» — это попытка поиска оснований и возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей в настоящее время в стране политико-экономической модели к варианту современного демократического государства.

  • Максим Богрецов — об IT-секторе (Видео)

    06.09.2021
    Аналитический проект «Четвертая Республика»

    Аналитический проект «Четвертая Республика» — это попытка поиска оснований и возможных вариантов будущего Беларуси, рассмотрение вопросов перехода от существующей в настоящее время в стране политико-экономической модели к варианту современного демократического государства.