Восемдзесят за дванадцать, пять замест чатарох — як мы ладзім краудфандынг

21.11.2017
Лятучы ўніверсітэт

Некалькі тыдняў таму Лятучы ўніверсітэт абвясціў аб запуску краўдфандынгавай кампаніі і запрасіў усіх зацікаўленых далучыцца да стварэння чатырох відэакурсаў ад выбітных беларускіх адмыслоўцаў і мысляроў.

Гл.: ВЕДЫ ONLINE — відэакурсы ад беларускіх інтэлектуалаў і адмыслоўцаў

Прапановы па тэмах гэтых курсаў былі абраныя праз галасаванне сталых карыстальнікаў Дыстанцыйнай платформы Лятучага ўніверсітэта. Пераможца — курс «Гарады і змена клімату: што і навошта трэба ведаць» — літаральна на днях з’явіўся на платформе.

У сваёй адукацыйнай дзейнасці Лятучы ўніверсітэт імкнецца да сучаснасці ведаў і іх здольнасці адказваць на выклікі нашага часу. Мабыць, гэта і з'явілася адной з прычын даверу і моцнай падтрымкі, якая была выказана краўдфандынгаваму праекту.

«Мы вельмі радыя і неверагодна ўдзячны, за такую падтрымку. Водгук, які атрымаў праект у нашых сяброў, у карыстальнікаў Дыстанцыйнай платформы Лятучага ўніверсітэта, у нашых студэнтаў кажа аб тым, што мы робім сапраўды карысную і неабходную справу. І робім яе разам з вамі!», — кажа Таццяна Вадалажская, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта і праекта «ВЕДЫ ONLINE».

Тэмы відэакурсаў вельмі разнастайныя: гэта і open data, і гісторыя беларускай фатаграфіі, і феномен гульні ў культуры, і сучасная палітыка. Але ж іх аб’ядноўваюць тры агульныя прынцыпы: актуальнасць і якасць кантэнта, сучаснасць фармата, прафесійны ўзровень.

«За 12 дзён краўдфандынгавы праект быў рэалізаваны на 80%. І гэта з’явілася моцным натхненнем для нас! Мы вырашылі, што калі мы з вашай дапамогай і падтрымкай набяром 125%, то да гэтай жа кампаніі курсаў далучыцца яшчэ адзін — «Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду», — гаворыць Таццяна Вадалажская.

Аўтарам даданага курса з’яўляецца Ірына Дубянецкая, філосаф, доктар сакральнай тэалогіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктар філасофіі (PhD), знакаміты бібліст.

Гэта будзе курс-даследаванне, курс-разважанне — разам з слухачамі будзе закрануты комплекс пытанняў, якія тычацца гэтага падставовага для нашай культуры тэкста: дзве адрозныя традыцыі ў Кнізе Роду, аўтарства Кнігі, час, гістарычны і культурны кантэкст, пытанні, касмічная гармонія, чалавечая свабода і адказнасць.

Таксама, слухачы курса могуць весці дыскусію с аўтарам і адзін з адным адразу ж на старонцы курса, карыстацца дадатковымі матэрыяламі да тэмы, пакідаць свае водгукі.

Каб падтрымаць праект, неабходна прайсці па дадзенай спасылцы, перайсці ў вокладку «Збор сродкаў», абраць зацікавіўшую вас падзяку і націснуць на яе.

ВЕДЫ ONLINE

Ведай сваё!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации