Усходняе партнёрства: праблемы ёсць, але ініцыятыва працуе (Фота)

30.11.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара

Саміт Усходняга партнёрства, які прайшоў у Бруселі 24 лістапада, выклікаў досыць крытычныя ацэнкі. Ці сапраўды ініцыятыва перажывае крызіс і якія прагнозы для краін-удзельнікаў?

Украіна: курс на Еўрасаюза

У Мінску адбылася нефармальная дыскусія «Усходняе партнёрства пасля брусельскага саміта: як змяняецца палітыка?» Арганізатарамі сустрэчы выступілі рэгіянальны офіс «Дыялог Усходняя Еўропа» Фонда Фрыдрыха Эберта, Савет знешняй палітыкі «Украінская прызма» (Украіна) і Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

На дыскусіі не змог прысутнічаць госць з Азербайджана Вугар Байрамаў, які прадстаўляе Цэнтр эканамічнага і сацыяльнага развіцця: у мінскім аэрапорце яго пасадзілі на зваротны рэйс у Баку. Афіцыйная прычына вяртання Байрамава не паведамляецца, але эксперты мяркуюць, што гэта здарылася праз забарону на яго ўезд у Расію.

Таксама не атрымалася прыйсці прадстаўніку Грузіі, такім чынам, падсумаванні бруселькага саміта падводзілі прадстаўнікі Украіны, Малдовы, Беларусі і Арменіі.

Украіна не мела асаблівых чаканняў ад форума, распавёў Юрый Удавенка, які прадстаўляе Савет знешняй палітыкі «Украінская прызма».

Юрый Удавенка (справа)

«Калі ў нас не атрымліваецца афіцыйна падаць заяўку на сяброўства ў Еўрапейскі Саюз, то мы будзем рабіць гэта фактычна, уваходзячы ў агульную прастору з Еўропай. У далёкай перспектыве — гэта еўрапейская эканамічная зона», — патлумачыў ён.

Аднак інтэграцыя толькі праз гандаль — не самы прывабны варыянт для Украіны, дзе большасць насельніцтва падтрымлівае збліжэнне з Еўропай. Увядзенне бязвізавага рэжыму з ЕС стварыла перадумовы для перасоўвання працоўнай сілы ў рамках адзінай эканамічнай прасторы з Еўропай.

«Наступныя перыяды Украіна сумесна з Грузіяй і Малдовай, якія ясна дэманструюць свае інтэграцыйныя памкненні, будзе спрабаваць кансалідавана прасоўваць пытанні паглыбленага эканамічнага супрацоўніцтва з ЕС», — падсумаваў Юрый Удавенка.

Беларусь і Арменія — «масты» паміж ЕС і ЕАЭС

Па словах Рычарда Гірагасяна з Цэнтра рэгіянальных даследаванняў (Арменія), падчас брусельскага саміта «з боку Еўрапейскага Саюза было значна менш цікаўнасці да Усходняга партнёрства, як і з боку Усходняга партнёрства было менш цікавасці да Еўрасаюза». Але, на яго думку, ёсць некалькі чыннікаў, якія зрабілі гэты саміт паспяховым. Першы чыннік, які «выратаваў» Усходняе партнёрства, — падпісанне пагаднення, якое дало Арменіі другі шанец на адносіны з ЕС. Другі момант — прыезд на саміт прэзідэнта Азербайджана, нягледзячы на тое, што ў Бруселі падпісвалі пагадненне з Арменіяй. Яшчэ адзін чыннік паспяховасці форума — слабасць ЕАЭС».

Рычард Гірагасян

«Для Арменіі вельмі важна, што Лукашэнка і Назарбаеў супрацьстаяць Пуціну, адстойваючы свае нацыянальныя інтарэсы ўнутры ЕАЭС», — падкрэсліў Рычард Гірагасян.

Па яго словах, падпісанне вышэй згаданага пагаднення дае ЕС «палітычнае прыкрыццё», каб супрацоўнічаць з Арменіяй і нават Беларуссю, якія ўваходзяць у ЕАЭС. Эксперт выказаў спадзяванне, што следам за Арменіяй Казахстан і Беларусь змогуць быць адначасова сябрамі ЕАЭС і падпісантамі стратэгічных пагадненняў аб партнёрстве з Еўрапейскім Саюзам.

Перажыванні за будучыню Усходняга партнёрства ў эксперта з Арменіі выклікаюць некалькі праблем. Першая датычыцца падпісантаў пагадненняў аб асацыяцыях — Грузіі, Украіны і Малдовы, бо падпісаць іх значна прасцей, чым рэалізаваць. У той жа час, ад супрацоўніцтва з Беларуссю, Азербайджанам і нават Арменіяй Еўрасаюз атрымае значна менш выгады. Непакоіць Рычарда і раздзяленне ўнутры Усходняга партнёрства. У 2018 годзе аналітык прагназуе яшчэ адну спробу Расіі ўзмацніць свае пазіцыі ў бліжэйшым замежжы. З улікам прэзідэнцкіх выбараў у краіне, яна зацікаўлена прасоўваць у гэтай зоне свае інтарэсы, адштурхоўваючы еўрапейскія.

Яшчэ адзін сцэнар, які непакоіць, звязаны з тым, што фармат Усходняга партнёрства не вытрымае, але найбольшую выгаду ад гэтага атрымаюць Беларусь і Арменія, бо менавіта яны знаходзяцца ў найлепшым становішчы, каб стаць «мастамі» для супрацоўніцтва паміж ЕАЭС і ЕС.

Малдова: усё вызначаць выбары

Эксперт Асацыяцыі знешняй палітыкі Малдовы Дану Марын распавёў, што ў яго краіне давер да ЕС значна знізіўся. Гэта звязана з тым, што падчас карупцыйных скандалаў 2016 года Еўрасаюз «прыкрыў” уцягнутыя ў яго партыі. Аднак і Малдова ўпала ў вачах ЕС. Цяпер, калі краіна не выконвае рэформы, ёй адмаўляюць у фінансаванні. Так, быў адменены транш, выдзелены на рэформу ў сістэме юстыцыі, бо за два гады не адбылося ніякіх змен.

2018 год абяцае быць пераломным для краіны, гэта звязана з парламенцкімі выбарамі. Якія сілы ў іх перамогуць — праеўрапейскія ці прарасійскія — прагназаваць складана.

Дану Марын

Камунікацыя на ўзроўні знакаў

Старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацплатформы Святлана Каралёва зазначыла, што, хоць БНП мае магутны патэнцыял, але яна не з’яўляецца зарэгістраванай арганізацыяй, што абмяжоўвае яе дзейнасць у краіне. У той жа час, калі два гады таму БНП не мела ніякіх кантактаў з дзяржаўнымі інстытутамі, то прысутнасць на асамблеі Форума грамадзянскай супольнасці ў Таліне намесніка міністра замежных спраў Андрэя Краўчанкі і кіраўніка дэпартамента еўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэя Бушылы можна расцэньваць як пэўны знак.

Святлана Каралёва

«Мы з МЗС чамусьці заўсёды дасылаем адно аднаму нейкія знакі. Мы ніколі не размаўляем з імі прамалінейна. Цяпер у нас тактыка, як мы кажам, «камунікацыі». У нас няма ніякага супрацоўніцтва, але ёсць камунікацыя. Я спадзяюся, што пасля саміта ў БНП з’явіцца камунікацыйная пляцоўка паміж экспертамі з боку грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў», — заявіла Святлана Каралёва.

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследванняў Арсень Сівіцкі лічыць, што Еўрасаюз спрабуе перакласці адказнасць за ініцыятыву на краіны-удзельнікаў, калі кожная з іх самастойна вызначае ступень і глыбіню супрацоўніцтва з ЕС.

«Добра ці дрэнна гэта для Беларусі? З аднаго боку, мы ў лідарах па адсутнасці замарожаных ці актыўных канфліктаў, але, з пункту гледжання палітычнага ці эканамічнага дыялогу, мы — аўтсайдары», — сказаў аналітык.

Арсень Сівіцкі

Патрэбны лідар і новая энергетыка

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў спыніўся на праблемах, якія паўсталі перад Усходнім партнёрствам у цяперашні час: зніжэнне трансфармацыйных амбіцый Еўрапейскага Саюза, бюракратызацыя Усходняга партнёрства і кампраміснасць ініцыятывы, якая рутынізуе Усходняе партнёрства і не дазваляе яму адыгрываць сур’ёзную ролю ва ўнутранай палітыцы. Чацвёртая праблема заключаецца ў адсутнасці рэгіянальнага лідара сярод краін Усходняга партнёрства.

«Калі б быў відавочны лідар сярод краін-партнёраў, гэта было б стымулюючым чыннікам для супольнасцей Усходняга партнёрства. Але такога прыкладу няма, таму Усходняе партнёрства знаходзіцца ў «прабуксоўцы» і мае патрэбу ў новай энергетыцы. Але так было амаль заўжды», — мяркуе Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў

Удзельнікі сустрэчы зазначылі, што пра «смерць» Усходняга партнёрства гавораць ад пачатку яго заснавання, што не замінае ініцыятыве працаваць ужо восем год. Па словах Святланы Каралёвай, гэта абсалютна новы для Еўропы фармат, і ён мае вялікія поспехі.

«Чаканні ад Усходняга партнёрства пры запуску праекта ў ЕС былі большымі, а калі яны знізіліся і з боку ЕС, і з боку краін Усходняга партнёрства, мы можам сказаць, што маем пэўны прагрэс, — падтрымаў калегу нацыянальны каардынатар БНП Мікалай Кванталіяні. — І Беларусь на гэтым фоне выглядае не так кепска, як некалькі гадоў таму».

Мікалай Кванталіяні

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации