Рэзалюцыя БНП адносна ўдзелу грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні

27.02.2018
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Рэзалюцыя была прынята канферэнцыяй Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, якая адбылася ў Мінску 24 лютага 2018 года.

Рэзалюцыя

Канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Удзел грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні — важнае звяно станаўлення і развіцця мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь»

Мінск, 24 лютага 2018 года

Мы, удзельнікі Канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, кіруючыся інтарэсамі развіцця мясцовага самакіравання — у цэлым і форм удзелу грамадзян у вырашэнні праблем на мясцовым узроўні — у прыватнасці, грунтуючыся на частцы 1 артыкула 3 і частцы 1 артыкула 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, імкнучыся да развіцця дыялогу і партнёрскіх адносін паміж мясцовымі органамі ўлады і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і зыходзячы з назапашанага вопыту ўзаемадзеяння на мясцовым узроўні, звяртаемся да Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мясцовых саветаў дэпутатаў і мясцовых выканаўчых камітэтаў з наступнымі прапановамі:

  • Актывізаваць інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, накіраваную на ўцягванне грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў і рашэнне праблем на мясцовым узроўні, а таксама папулярызаваць прыклады лепшых практык грамадзянскага ўдзелу на мясцовым узроўні;
  • Садзейнічаць павышэнню дыялогавай культуры і стварэнню сумесных дыялогавых пляцовак для абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем (арганізацыя рэгулярных сустрэч у мясцовых саветах/выканкамах з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, стварэнне сумесных экспертных саветаў па актуальных праблемах і напрамках дзейнасці);
  • Імкнуцца да стварэння атмасферы даверу ў адносінах паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і мясцовымі органамі ўлады (сыход ад палітызацыі грамадскіх ініцыятыў, аказанне арганізацыйнага і адміністрацыйнага садзейнічання ў іх рэалізацыі, заахвочванне грамадскіх актывістаў і г.д.);
  • Забяспечыць рэалізацыю прынцыпу галоснасці і празрыстасці ў дзейнасці мясцовых органаў улады (заяўны прынцып наведвання мясцовых саветаў дэпутатаў, свабодны доступ да інфармацыі, якая тычыцца законных правоў і інтарэсаў грамадзян, забеспячэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці мясцовых органаў улады, павышэнне інфарматыўнасці сайтаў мясцовых органаў улады і інш.);
  • Падрыхтаваць прапановы і юрыдычную базу для практычнага ўкаранення «бюджэту грамадзянскага ўдзелу» ў мясцовыя бюджэты для фінансавання на конкурснай аснове грамадзянскіх ініцыятыў;
  • Падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства аб формах удзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні (формах непасрэднай дэмакратыі) з мэтай іх дэбюракратызацыі і павышэння эфектыўнасці.

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і яе арганізацыі-ўдзельніцы гатовыя да актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы і ўкараненні дадзеных прапаноў у практыку сумесна з цэнтральнымі і мясцовымі органамі ўлады і кіравання, а таксама з міжнароднымі арганізацыямі.

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства аб'ядноўвае больш за 70 арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Спампаваць дакумент 

Скачать документ 

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации