Сэнс стагоддзя (Відэа)

25.03.2018
Blog-Tv Trixter

Якім чынам падзеі стогадовай даўніны вызначаюць нашу сучаснаць? Беларускія інтэлектуалы і грамадскія дзеячы віншуюць са 100-годдзем БНР і вызначаюць сэнс юбілею.

Сёння Беларусь святкуе 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, ад якой наша краіна вядзе гісторыю аднаўлення сваёй дзяржаўнасці. У гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, у якой Рада БНР выступіла з патрабаваннем перагледзець Брэсцкую мірную дамову. На землях, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава. Пацвярджаліся таксама правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя ў Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Чым была БНР і чым ёсць для нас сённяшніх, ці захавалася сувязь з ідэаламі і дзеячамі БНР у актуальнай беларускай свядомасці і культуры, і што мы, урэшце рэшт, святкуем?

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Нашы гераічныя продкі марылі пра незалежнасць краіны і разумелі, што трэба быць рэалістамі і дамагацца немагчымага. Давайце і мы будзем удзячныя людзям, якія стваралі і рэлізоўвалі сваю мару, перадалі гэтую мару нам, і мы зараз адзначаем 100-годдзе здзяйснення гэтай мары. Будзем таксама рэалістамі, будзем патрабаваць немагчымага!»

Журналіст, вядучая тэлеканала «Белсат» Святлана Калінкіна:

«Беларусь будзе вольнай, Беларусь будзе заможнай, Беларусь абавязкова будзе шчаслівай. Толькі ў нашай краіне трэба жыць доўга, каб пераканацца, што мары спраўджваюцца».

Грамадскі дзеяч, генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка:

«Гэта свята для ўсіх, хто адчувае сябе беларусамі. 25 сакавіка — гэта не толькі падзея нашай гісторыі. Гэта таксама магчымасць падумаць пра будучыню, пра тое, якімі беларусы хочуць быць у вялікай сям'і еўрапейскіх народаў, чым адрознівацца, а у чым аб'ядноўвацца».

Культуролаг і публіцыст Максім Жбанкоў:

«Я абсалютна ўпэўнены, што тое, што пачыналася 100 год таму як праект новай краіны, супольны праект новай, лепшай, вольнай Беларусі, сёння мае свой працяг у тым, што мы з вамі, кожны паасобку і ўсе разам, здольныя зрабіць з нашай краінай, з нашым лёсам, з нашай будучыняй».

Бібліст, багаслоў і філосаф Ірына Дубянецкая:

«Прайшоўшы 100-гадовы цыкл, мы можам пачынаць наступны, з тым, каб свядома і асэнсавана рухацца ў будучыню. І гэта будзе магчыма, калі мы ўсвядомім і асэнсуем, ацэнім і засвоім гэтую першападзею новай беларускай дзяржаўнасці. Бо ўсё прамінулае стагоддзе Беларусь пражывала, ды так і не пражыла 1918 год і наступная гады БНР-аўскага змагання за краіну. Акупацыі, падзелы, пакутныя спробы дамагчыся міжнароднага прызнання і самотная веліч герояў сярод насцярожанага чакання мас».

Музыка і журналіст Аляксандр Памідораў:

«Гэтая дата мусіць быць у календары і мусіць адзначацца, хаця б таму, што гістарычна гэта быў першы шанец заявіць пра незалежнасць такой дзяржавы, як Беларусь, на палітычнай мапе свету».

Філосаф Валянцін Акудовіч:

«Неверагодная значнасць БНР у тым, што ўпершыню у гісторыі беларусаў з’явіўся і пачаў рэалізоўвацца праект уласнай дзяржавы, іншымі словамі — уласны дом, нацыянальны дом, які б атуліў беларусаў ад скразнякоў бязмежжа».

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации