Віншавальны зварот БНП з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі

25.03.2018
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці выступіў з віншавальным зваротам з нагоды 100-гадовага юбілею абвяшчэння незалежнасці БНР.

Віншавальны зварот
з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці
Беларускай Народнай Рэспублікі

25 сакавіка 2018 года

Шаноўныя суайчыннікі!

Сардэчна віншуем усіх людзей у Беларусі і ў свеце, хто вызнае сябе шчыльна звязаным з беларускай гісторыяй, мовай, традыцыяй і культурай, мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй нашага народа, са стагоддзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі: першым і найважнейшым гістарычным крокам ва ўсталяванні сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

Мы ганарымся тым, што ў гэты дзень беларусы ў розных частках свету адзначаюць стагоддзе БНР і шчыра верым, што гэта дата з’явіцца падставай не толькі для вяртання да важных падзей нашай мінуўшыны, але таксама для асэнсавання будучыні беларускага народа і краіны як часткі еўрапейскай сям'і на аснове агульных цывілізацыйных каштоўнасцей нацыянальнай і культурнай разнастайнасці, дэмакратыі, павагі і захавання правоў і свабод чалавека.

Мы спадзяемся, што чарговы крок да разумення і прыняцця гэтых важных для беларускага народа падзей, якія адбываліся ў вельмі складаных гістарычных абставінах, падштурхне разнастайныя дзяржаўныя, навукова-акадэмічныя, грамадскія, культурныя, камерцыйныя арганізацыі і супольнасці да сумеснага стварэння сучаснага, прывабнага і перспектыўнага вобразу Беларусі як незалежнай і паважанай еўрапейскай краіны, вяртання да пытанняў адбудовы прагрэсіўнай і эфектыўнай сістэмы адукацыі, якая грунтуецца на нацыянальных інтарэсах і каштоўнасцях, аб’ядноўвае адзіным разуменнем шматгранны беларускі народ.

На жаль, у гэтыя святочныя дні мы вельмі занепакоеныя затрыманнямі шэрагу грамадскіх лідараў, якія адбыліся ў Беларусі напярэдадні ўрачыстасцей з нагоды стагоддзя БНР. Заклікаем урад Рэспублікі Беларусь устрымацца ад любых дзеянняў, якія чыняць раскол у грамадстве, з павагай паставіцца да людзей, для якіх 25 сакавіка ­— гэта важная нагода разам з суайчыннікамі выйсці на вуліцы горада і быць разам у гэты святочны і ўрачысты дзень.

Заклікаем да адзінства! Жыве Беларусь!

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства — ад імя больш за 70 арганізацый-удзельнікаў.

Спампаваць тэкст 

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации