Лукашэнка хоча абараніць беларусаў ад хлусні (Відэа)

11.04.2018
Віталь Бабін, Belsat.eu

«Я хачу глядзець толькі беларускія каналы», — казаў падчас сустрэчы з дзяржаўнымі журналістамі Аляксандр Лукашэнка. Зрабіць айчыннае тэлебачанне лепшым зможа новы закон аб медыя, які, паводле кіраўніка дзяржавы, абароніць людзей ад плыні неправеранай, хлуслівай і дэструктыўнай інфармацыі.

«Аказваецца, медыя пераўтварыліся ў зброю. І, ведаеце, гэтая зброя мацнейшая за ядравую», — заявіў Лукашэнка.

Сустрэча на вуліцы Макаёнка ў сценах «Белтэлерадыёкампаніі» адбылася пасля доўгага перапынку: на спатканне, што праўда, не запрасілі ніводнага прадстаўніка незалежных медыя. Не змаглі беларусы пабачыць і наўпроставай відэатрансляцыі з гэтае падзеі.

«Трэба даць устаноўку — як рабіць рэпартажы, асвятляць падзеі і як разумець словы тых людзей, якія амаль нічога не значаць. У гэтым сэнсе, гэтую справу вымушаны рабіць сам Лукашэнка», — каментуе «Белсату» сустрэчу філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

А таму Лукашэнка больш падрабязна распавёў журналістам пра магчымыя змены ў асноўны закон краіны — маўляў, некаторыя прэзідэнцкія функцыі варта перадаць іншым галінам улады:

«І вось галоўнае пытанне, якое і вас хвалюе, і іншых. Калі? Не ведаю. Я не ведаю. Але ведаю дакладна, што гэты момант яшчэ не наступіў», — сказаў Лукашэнка.

Не ўдакладніў кіраўнік Беларусі, і пра якія канкрэтна функцыі вядзецца гаворка.

«Магчыма, гэта нейкія рытуальныя заявы, якія гучаць не першы раз і не першы год. Хутчэй, гэта такая гульня на публіку — маўляў, не такая тут ужо дыктатура», — кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Задаць пытанні кіраўніку Беларусі маглі і інтэрнэт-карыстальнікі. На адное з іх Лукашэнка адказаў, што пакуль ён на пасадзе кіраўніка краіны, дзень абвешчання незалежнасці БНР 25 сакавіка дзяржаўным святам не будзе.

«Калі шырока весці беларусізацыю, актывізаваць грамадства, то гэта фактычна ўзмацненне моцы палітычных супернікаў. Так гэта наверсе ўспрымаюць. Гэта адзін момант. І другі — гэта аглядка на Маскву», — дадае Класкоўскі.

Падчас размовы Лукашэнка не змог не закрануць і тэмы нашумелага Дэкрэта № 1, паводле якога непрацоўныя грамадзяне будуць абавязаныя аплочваць шэраг паслуг па поўных коштах. Ідэя прымусіць людзей працаваць, паводле прызнання кіраўніка Беларусі, была ягонаю асабістаю ініцыятывай.


Другие публикации