Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці прынялі ўдзел у сустрэчы Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь

30.04.2018
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

26-27 красавіка 2018 года ў Мінску адбылося ўжо пятае па ліку пасяджэнне Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь.

З боку Еўрапейскага Саюза ў сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, прадстаўнікі профільных дэпартаментаў і агенцтваў Еўрапейскай камісіі. Ад беларускага афіцыйнага боку — Міністэрства замежных сувязяў, дзяржаўныя служачыя ўзроўню намеснікаў міністраў і старшынь аддзелаў міністэрстваў.

Беларускую грамадзянскую супольнасць прадстаўлялі ўдзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы (БНП) Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства:

Сваімі ўражаннямі ад пасяджэння Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь яны падзяліліся падчас брыфінгу, які адбыўся 27 красавіка ў офісе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Змест асноўных паведамленняў для прэсы прадстаўлены на сайце БНП.

Злева — направа: Ірына Сухій, Андрэй Ягораў, Улад Вялічка, Хрысціна Рыхтэр

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, з улікам адсутнасці істотных зменаў у параўнанні з апошнім раўндам дыялогу ў снежні 2017 года, спаслаліся на свае ацэнкі канца мінулага года, а таксама давялі да ўдзельнікаў дыялогу сваю пазіцыю па шэрагу пытанняў беларуска-еўрапейскіх стасункаў з асаблівым фокусам на аспектах:

  • Балонскага працэсу і ўключэння Беларусі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі;
  • энергаэфектыўнасці, энэргетычнай бяспекіі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі;
  • рэалізацыі мерапрыемстваў па развіцці спрыяльных умоў для прадпрымальніцтва.

«Агульна тэматыка сустрэч уключала ў сябе каля 60 пытанняў, у тым ліку прыватызацыя і рэструктурызацыя прадпрыемстваў, пытанні сацыяльнага дыялогу і рынку труда, сельскай гаспадаркі і фітасанітарнага кантролю, мытнага ўзаемадзеяння, транспарту, лічбавай эканомікі, макраэканамічнай стабілізацыі і гандлю», — кажа Андрэй Ягораў.

Што прапанавалі прадстаўнікі Нацыянальнай платформы?

Энергетыка і энергаэфектыўнасць, альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі

Ірына Сухій паведаміла, што на замову беларускіх экалагічных арганізацый, нямецкае Аэракасмічнае агенцтва распрацавала сцэнар перахода Беларусі на 100-працэнтна аднаўляемыя крыніцы энергіі да 2050 года. Па словах Ірыны, «гэта сур’ёзная праца 600 інжынераў, якія пралічылі сцэнар на падставе беларускіх дадзеных. Нам хацелася б абмеркаваць гэты сцэнар з Мінэнерга».

Андрэй Ягораў: «Такія сцэнары былі створаныя для амаль 40 краін і атрымалі высокую адзнаку міждзяржаўных груп кліматычных экспертаў. Краіны, якія імкнуцца да скарачэння выкідаў у атмасферу, актыўна карыстаюцца гэтымі сцэнарамі. Гэта абгрунтаваны навуковы аналіз, які прапаноўвае іншыя падыходы да развіцця энергетыкіў нашай краіне. Зараз мы маем такую стратэгію для Беларусі, якую варта абмяркоўваць з шэрагам дзяржаўных і грамадскіх партнёраў».

Развіццё спрыяльных умоў для прадпрымальніцтва

Улад Вялічка: «Адным з важных крокаў у накірунку паляпшэння клімату для прадпрымальніцтва ў нашай краіне стаў нядаўні Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Дэкрэт ацэньваецца бізнэс-асацыяцыямі і прадпрымальніцай супольнасцю як важны крок у правільным накірунку, але інструменты яго рэалізацыі недасканалыя, іх тррэба паляпшаць. У прыватнасці, дэкрэт прадугледжвае стварэнне шматлікіх грамадска-кансультатыўных радаў на рэгіянальным узроўні для дзяржаўна-грамадскага дыялогу па гэтым пытанні. Але практыка працы такіх радаў пакуль слабая і недасканалая, не хапае падрыхтоўкі, умення абодвух бакоў размаўляць з арыентацыяй на пэўныя змены і вынікі. У гэтым беларускія бізнэс-асацыяцыі і грамадскія арганізацыі гатовыя дапамагаць, каб інструмент кансультацыйных радаў сапраўды меў плён. Таксама беларускія бізнэс-асацыяцыі выражаюць намер зрабіць аналіз таго, наколькі прынятыя ў апошнія месяцы нарматыўныя акты сапраўды працуюць дзеля паляпшэння бізнэс-асяроддзя, яны гатовыя падзяліцца сваімі высновымі з адпаведнымі дзяржаўнымі актарамі».

Балонскі працэс і ўключэнне Беларусі еўрапейскую прасторувышэйшай адукацыі

Крысціна Рыхтэр: «Беларускім бокам адзначаецца рост мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў. Гэта сапраўды пэўны пазітыў, які прынёс Балонскі працэс. На пасяджэнні было закранута пытанне размеркавання, гэты механізм сам па сабе для прадстаўнікоў ЕС не вельмі зразумелы».

Андрэй Ягораў: «У траўні будзе вырашацца пытанне далейшага статуса Беларусі ў Балонскім працэсе. Па высновах адпаведнага міжнароднага назіральнага органа Балонскага працэсу, Беларусь па большасці пунктаў не выканала «Дарожную мапу», таму альбо Беларусь будзе ўключана ў групу краін, якія маюць праблемы з рэалізацыяй Балонскага працэса (на гэтым настойвае беларускі бок; гэты крок значна зніжае амбіцыі ў галіне рэформы адукацыі), албо Беларусь пакінуць у статусе «асаблівага выпадка» і працягнуць дзеянне «дарожнай мапы» для рэалізацыі рэформ у наступным перыядзе. Да гэтага варыянту схіляецца еўрапейскі бок.

Найболш негатыўным сцэнаром можа быць выключэнне Беларусі з Балонскага працэсу. Але гэта малаверагодна, бо такой працэдуры фактычна не існуе».

Іншыя тэмы

Гандаль і транспарт

Улад Вялчіка: «Пытанні транспарту і гандлю маюць відавочны двухбаковы інтарэс. Асаблівую цікаваць для Беларусі прадстаўляе магчымасць выхаду на еўрапейскія рынкі, а тасама магчымасць большай інтэграцыі беларускай транспартнай структуры ў агульнаеўрапейскія калідоры. Гэта грунтоўна абмяркоўвалі прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і прадстаўнікі ЕС».

Праграма суседства ЕС «Усходняе партнёрства»

Андрэй Ягораў: «Еўрапейскі і беларускі бакі па рознаму бачаць ёмкасць гэтай ініцыятывы. Еўрапейскі бок кіруецца дакументам «Вынікі-2020» для краін Усходняга партнёрства (Deliverables 2020 for the Eastern Partnership). Гэта канкрэтная праграма, якая ўскладае на бакі пэўныя абавязкі. Беларускі бок бачыць ва Усходнім партнёрстве хутчэй спектр магчымасцей і спрабуе абраць тое, што з гэтых магчымасцей прадстаўляе найбольшы інтарэс».

«Партнёрскія прыярытэты»

Улад Вялічка: «Партнёрскія прыярытэты» — гэта форма дыялогу, якая павінна кампенсаваць сабой адсутнасць двухбаковага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС. Мы чакалі, што вось-вось гэтыя прыярытэты будуць абвешчаныя. Нажаль, перамовы ўсё яшчэ не скончаныя. Гэта азначае, што Беларусь застаецца пазбаўленай шэрагу магчымасцей, у тым ліку доступу да еўрапейскіх праграмаў і рэсурсаў».

Каардынацыйная група ЕС-Беларусь пачала сваю працу ў красавіку 2016 года і збіраецца два разы на год дзеля разгляду ўсяго спектру адносін паміж ЕС і Беларуссю і ўзгадння далейшых крокаў. Наступны раўнд перамоў у межах групы адбудзецца ўвосень 2018 года.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации